Улады Каба-Вердэ экстрадзіравалі венесуэльскага спецпасланніка Алекса Сааба, затрыманага на запыт ЗША.

Заходнеафрыканская дзяржава выдала ЗША бізнэсоўца і спецпасланніка Венесуэлы ў Афрыканскім саюзе Алекса Сааба, паведаміў Reuters са спасылкай на нацыянальнае радыё краіны, вядомай таксама пад назвай Астравы Зялёнага Мыса.

У ЗША Сааба абвінавачваюць у стварэнні міжнароднай сеткі кампаній для абыходу накладзеных на рэжым Мадура эканамічных санкцый. Амерыканскія пракуроры выставілі яму абвінавачванне ў адмыванні $350 млн праз амерыканскую фінансавую сістэму на карысць венесуэльскага ўрада.

Бізнэсоўца затрымалі ў чэрвені 2020 года ў аэрапорце на востраве Сал пры сумеснай аперацыі Каба-Вэрдэ і Інтэрпала. Сааб накіроўваўся з Венесуэлы ў Іран на прыватным самалёце, які сеў у Каба-Вэрдэ для дазапраўкі.

Сааб па нараджэнні — грамадзянін Калумбіі ліванскага паходжання, але за свае заслугі перад Каракасам атрымаў грамадзянства Венесуэлы.

Увесну 2021 года Вярхоўны суд Каба-Вердэ задаволіў запыт ЗША, аднак рашэнне заставалася за ўрадам дзяржавы.

Урад Венесуэлы патрабаваў вызваліць Сааба і заяўляў пра ягоную дыпламатычную недатыкальнасць. Каракас сцвярджаў, што Сааб быў венесуэльскім дыпламатам, які знаходзіўся з «гуманітарнай місіяй» у Іране.

Значэнне выдачы Сааба амерыканскаму правасуддзю можна ацаніць па тым, што ў адказ на гэта Каракас абвясціў аб прыпыненні перамоў з апазіцыяй, якія распачаліся ў сярэдзіне жніўня ў Мексіцы пры пасярэдніцтве нарвежцаў.

У той жа час прэзідэнт суседняй з Венесуэлай Калумбіі Іван Дуке напісаў у сваім твітары, што выдача Сааба — гэта «трыумф у барацьбе з наркатрафікам, адмываннем грошай і карупцыяй» урада Мадура.

Мяркуецца, што Сааб ведае шмат сакрэтаў пра аперацыі кіраўніцтва Венесуэлы.

Венесуэла — гэта 28-мільённая краіна ў Лацінскай Амерыцы, галоўнае багацце якой складае нафта. Раней яна ўваходзіла ў лік самых развітых на кантыненце. Пры канцы 1990-х да ўлады там прыйшоў папуліст Уга Чавес. Пасля яго смерці пераемнік Нікалас Мадура ператварыў дзяржаву ў аўтарытарны рэжым, у якім дзяржаўныя інстытуты ўзурпіраваныя кіраўнічай групоўкай. І Чавес, і Мадура ўвесь час канфліктавалі з суседняй Калумбіяй і ЗША.

Міністэрства замежных спраў Расіі назвала сітуацыю са спецпасланнікам Венесуэлы абуральнай. «У Вашынгтоне, мяркуючы па ўсім, вырашылі выйсці на новы ўзровень, стварыўшы згубны прэцэдэнт экстрадыцыі ўпаўнаважанай асобы, якая валодае дыпламатычным статусам. Рашуча асуджаем названыя дзеянні, палітызаваная падаплёка якіх не выклікае ніякіх сумневаў», — заявіў намеснік дырэктара Дэпартамента інфармацыі і друку ведамства Мікалай Лахонін.

Далікатнасць сітуацыі яшчэ і ў тым, што на гэтым тыдні Украіна запатрабавала ад Каба-Вердэ выдаць Наталлю Паклонскую, прызначаную паслом Расіі ў астраўной рэспубліцы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?