Ужо больш за год «ананімныя» праўладныя тэлеграм-каналы і блогеры займаюцца звыклай для сябе справай. Яны публікуюць сацсеткі беларускай знакамітасці, якая падтрымала пратэсты, заклікаюць сваіх нешматлікіх падпісчыкаў прадэманстраваць абурэнне ў каментарах. Ну і паралельна наўпрост абражаюць саміх спевакоў, вядоўцаў, артыстаў.

Але ж цяпер яны заняліся больш прадметнымі справамі. «Блогеры-ябацькі» адсочваюць сацсеткі амаль любога выступоўцы, які плануе даць канцэрт ці ўзяць удзел у публічным мерапрыемстве. Як толькі ў чалавека знаходзяць фотаздымкі з бела-чырвона-белым сцягам або асуджэнне гвалту сілавікоў — падымаецца віскат.

І гэта працуе.

«Вывучылі матэрыялы і тэксты песень» Дакоты, пасля чаго ёй анулявалі «гастрольку»

Першай зорачкай стала адмена выступу спявачкі Рыты Дакоты ў Мінску. Дакота — ураджэнка Беларусі, якая даўно ўжо жыве і працуе ў Маскве. Але падчас пратэстаў 2020 года яна асуджала дзяржаўны гвалт, пісала і выказвалася пра рэпрэсіі, данаціла фондам падтрымкі. 

Вокладка сінгла Дакоты «Сыходзь»

Выступ Дакоты ў 2020 не адбыўся, яго перанеслі на восень 2021. І ў канцы верасня стала вядома, што і гэты канцэрт не адбудзецца: ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама паведамілі, што «вывучылі матэрыялы і тэксты песень» Дакоты, пасля чаго ёй анулявалі «гастрольку». 

Але ж вельмі верагодна, што на Рыту Дакоту выканкамаўскія цэнзары і так бы звярнулі ўвагу, без блогераў. Ды і для самой спявачкі, якая жыве і гастралюе ў Расіі, адмена мінскага канцэрта — не трагедыя, будзем шчырыя.

Экстранна закрылі пляцоўку, дзе павінен быў быць Global Women Forum 2.0

Вось толькі калі канцэрт Дакоты адмянілі хаця б за два тыдні да выступу, то наступнае мерапрыемства — за ноч да пачатку.

Гутарка пра Global Women Forum 2.0: вялікі жаночы форум, запланаваны на 16 кастрычніка ў Мінску. Увечары 15 кастрычніка стала вядома, што форуму не даюць пляцоўку.

«Мы самі ў поўным шоку, да 16:00 сённяшняга дня мы былі цалкам упэўненыя ў тым, што мерапрыемства адбудзецца. У нас быў дазвол на правядзенне мерапрыемства.

Мы пачалі мантаж пляцоўкі, прыехалі партнёры, прыляцелі спікеры. Усё было гатова і без забаронаў. На жаль, сёння ў 16:00 нам паведаміў Палац спорту, што яны экстранна закрываюць пляцоўку з-за складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі», — напісалі арганізатары.

Тлумачэнне пра эпідэміялагічную абстаноўку хоць і выглядае лагічным у свеце цяжкай сітуацыі з «каронай» у Беларусі, але ж іншыя мерапрыемствы і выступы ў тым жа Палацы спорту чамусьці не адмянілі.

Больш лагічнай прычынай адмены жаночага форуму бачыцца асоба адной з удзельніц. Хэдлайнеркай мерапрыемства арганізатары запрасілі блогерку Аляксандру Мітрошыну. У яе 2,5 мільёна падпісчыкаў. 

Мітрошына — расіянка, але ў адным з інтэрв’ю выказалася пра рэпрэсіі ў Беларусі, дадаўшы, што баіцца такога ж у Расіі. Як толькі пра гэта зашумелі ў дзяржаўным сегменце беларускага тэлеграма, Global Women Forum згубіў пляцоўку.

Дарэчы, сёння на сайце форуму заяўляецца, што мерапрыемства не адмянілі, а перанеслі. А Мітрошына раптам знікла з афіш і са спіса спікераў. Напэўна, таксама праз эпідэміялагічную абстаноўку?

«Наша Ніва» звязалася з арганізатарамі мерапрыемства, але адказныя за PR так і не выйшлі на зваротную сувязь.

Канцэрты комікаў адмянілі: адзін пажартаваў пра інаўгурацыю, другі сфоткаўся з Багінскай

Таксама праўладныя тэлеграм-каналы звярнулі сваю ўвагу на комікаў. Спачатку адмяніўся выступ у Барысаве. Там у спартовай кавярні «Барысаў-арэны» планавалася «салянка» з некалькіх мінскіх гумарыстаў.

Ябацькі паднялі шум: бэчэбесы!

Што злачыннага зрабілі гумарысты? Адзін з комікаў сфатаграфаваўся з Багінскай, выкладваў вершы Някляева і пісаў «гані быкоў, вярнецца доля» ў сваім інстаграме. Цяпер гэтыя допісы выдаленыя, сам комік адказаў «Нашай Ніве»: «Лішняя ўвага мне ні да чаго».

Другі праспяваў песню і нешта там пажартаваў пра інаўгурацыю. «Усе скрыншоты пайшлі ў ГУБАЗ!» — рапартуе пра такія «злачынствы» чарговы праўладны блогер з шасцю сотнямі падпісчыкаў. 

Трэцім комікам быў Андрэй Макаёнак, былы работнік БТ. Яго, па патрыятычнай традыцыі беларускай прадзяржаўнай благасферы, ахрысцілі «іудам» і «ўпыром».

Фота: promoter.by.

Але ж самае сумнае і паказальнае тут, што выступы комікаў былі адмененыя. А пасля адзін з гумарыстаў зноў трапіў пад раздачу, як толькі яго імя з’явілася ў афішы мінскага бара. Цяпер гэтая афіша знікла з сацсетак.

«Ці адмяніўся выступ у бары я не ведаю, хутчэй за ўсё, таго выступоўцу проста заменяць на іншага коміка.

Так, у абодвух выпадках гэта блогеры, і яны проста пішуць у розныя інстанцыі лісты, з-за чаго на месцах людзям дастаецца і ім даводзіцца адмяняць нашы выступы. Мне так і тлумачаць: прабач, такая вось сітуацыя. Я ўсё выдатна разумею», — кажа «Нашай Ніве» адзін з гумарыстаў. 

«На жаль, у гэтай краіне я больш выступаць не магу», — лаканічна адказаў Андрэй Макаёнак.

Кур'яну, што сышоў з дзяржаўнага тэлебачання, дасталася за «Савушкаў продукт»

Тым часам праўладныя блогеры намецілі сабе новую ахвяру. Былы тэлевядоўца Дзяніс Кур’ян, які ціха і спакойна сышоў з дзяржаўнага тэлебачання, апошнім часам прасоўваў свой ютуб-канал.

Фота: ilinterviews.com

У яго бок і так перыядычна ляцелі папрокі з боку праўладных блогераў. Але апошнім трыгерам стала тое, што каманда Кур’яна здымае дакументальную стужку да 45-годдзя «Савушкавага продукту» на замову самой кампаніі.

Да цкавання далучылася і Людміла Гладкая з «Советской Белоруссіі». Да таго ж жонку Кур’яна — пляменніцу мэра Гродна Мечыслава Гоя — таксама абвінавацілі ў недастаткова патрыятычных каментарах.

***

Выглядае, што сітуацыя з цэнзурай выступаў і канцэртаў будзе толькі пагаршацца. Цяпер ідэалагічнае ўпраўленне Мінгарвыканкама, якое і выдае «гастролькі», узначаліла былая міліцэйская прэс-сакратарка Чамаданава. Наўрад ці варта чакаць «адлігі» ад жанчыны, якая ў афіцыйных міліцэйскіх зводках ужывала слова «змагары».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?