Як паведамляюць сваякі затрыманых па «справе Зельцэра», у жодзінскай турме №8 палітвязням не перадаюць ні перадачы, ні лісты, а да некаторых нават не пускаюць адвакатаў. Але па словах сваякоў, гэтае правіла тычыцца толькі тых, каго затрымалі менавіта за каментары. Сваякі спрабуюць дасылаць вязням пасылкі, але невядома, ці перададуць іх адразу альбо толькі пасля каранціну.

Фактычна ўсе фігуранты «справы Зельцэра» ўжо тры тыдні сядзяць у тым адзенні, у якім іх затрымалі, без сродкаў гігіены і цёплых рэчаў. Адказы на лісты родныя таксама не атрымліваюць, яны нават не ведаюць, ці аддаюць лісты зняволеным. Дакладную дату заканчэння каранціну ў жодзінскай турме блізкія не ведаюць, але доўжыцца ён ужо прыкладна два тыдні. Сваякам кажуць, што ён дакладна будзе дзейнічаць яшчэ да канца гэтага тыдня.

Па «справе Зельцэра» праходзіць каля 200 чалавек. Іх затрымалі за каментары пад паведамленнем пра гібель супрацоўніка КДБ. Крымінальныя справы заведзеныя па артыкулах 130 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на абуджэнне іншай сацыяльнай варожасці або варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады і яго блізкіх у сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

У сеціве назвалі гэтыя затрыманні «прымушэннем да жалобы».

Дзмітрый Федасюк быў застрэлены айцішнікам Андрэем Зельцэрам 28 верасня. Супрацоўнікі КДБ нібыта праводзілі планавую адпрацоўку людзей, якія маглі мець дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці». Пры спробе трапіць у кватэру Зельцэра Федасюк быў застрэлены.

Да гэтага часу невядома, у чым падазравалі Зельцэра.

«Муж шапнуў: «Гэта КДБ». Як затрымліваюць беларусаў за каментары

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?