Год таму, 30 верасня, Алену Леўчанку затрымалі ў мінскім аэрапорце, калі яна збіралася вылецець на лячэнне ў Грэцыю. Ёй прысудзілі 15 дзён арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, а пасля «сутак» зноў судзілі і пакаралі штрафам. У турме на Акрэсціна Алена Леўчанка правяла некалькі дзён у адной камеры з Наталляй Хершэ.

«У камеры нас было трое палітычных, — расказвае Алена Леўчанка. — У нас забралі матрацы, падушкі, коўдры. Таму Наташа спала на століку, а я спрабавала ляжаць на лаўцы. Яна перажывала, што гэта адбылося праз яе, а я сказала, што гэта адбылося таму, што я тут.

Наталля расказала, што пасля арышту яе везлі на Акрэсціна ў аўтамабілі. У горадзе яшчэ стаялі «ланцугі салідарнасці». Наталлі ўдалося хутка адчыніць акно і выгукнуць: «Жыве Беларусь!» Ад нечаканасці кіроўца ўрэзаўся ў Audi. Супрацоўнікі пачалі на яе крычаць матам. Таму Наталля думала, што матрацы ў нас забралі, каб так адпомсціць».

У Алены Леўчанкі была кніга Напалеона Хіла «Думай і багацей», якую яна змагла ўзяць з рэчаў з сабой у камеру. Наталлю зацікавіла гэтая кніга.

«Літаральна за два дні яна паспела яе прачытаць, потым Наталлю перавялі. Нядаўна яна напісала ў лісце да брата, каб ёй прыслалі Напалеона Хіла ў магілёўскую турму, — кажа Алена Леўчанка. — Наталля — баец. Неяк да нас увечары ў камеру прыйшлі людзі ў балаклавах, загадалі ўстаць, павярнуцца тварам да сцяны. Яны казалі, маўляў, вы хочаце, каб было як ва Украіне… Потым адзін з іх спытаў, як у нас з харчаваннем, ці патрэбна нешта? І тут Наталля паварочваецца і кажа, што 13,50 рубля (а там на сценах вісіць інфармацыя, што пасля выхаду за ўтрыманне трэба плаціць такую суму за дзень) за такую ежу зашмат. Яна смела змагаецца за праўду. Тое, што яна са Швейцарыі прыехала ў Беларусь, шмат што гаворыць пра яе як пра чалавека».

Паводле Алены Леўчанкі, па лістах, якія Наталля Хершэ дасылае з турмы, можна павучыцца жыццю.

«Тое, як яна трымаецца за кратамі, яе лісты мяне натхняюць. Гэта моц, у мяне гэта выклікае захапленне, — кажа Алена. — Яна стараецца быць на пазітыве, трымаецца і натхняе ўсіх нас. Хаця за кратамі гэта нашмат больш складана».

«Тое, што Наталля адмовілася прасіць памілавання, мяне не здзіўляе. У гэтым Наталля Хершэ, яна не будзе прабачацца, бо не рабіла злачынства.

Яшчэ ў камеры яна мне казала: «Паглядзі, у мяне нават пазногцяў няма, як я магла падрапаць гэтага міліцыянта?» Усе гэтыя прысуды непасціжныя розуму. За што ёй прасіць прабачэння? Я яе ў гэтым падтрымліваю. Але калі нехта напісаў альбо думае напісаць прашэнне аб памілаванні, гэта іх уласнае рашэнне. Тут нельга гаварыць, ці правільна гэта або не. Я іх не асуджаю. Гэта як хто і які боль можа пераносіць».

Паводле Алены Леўчанкі, магчымасць вызвалення Наталлі Хершэ з-за кратаў была, калі спартоўка накіравала адкрыты ліст прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі хакея, швейцарцу Рэне Фазелю. У лісце Алена пісала, як можна праводзіць чэмпіянат па хакеі ў Беларусі, «калі беларусы крычаць ад болю»? Яна напісала, што калі Рэне Фазель хоча сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, то дзеля таго, каб швейцарка Наталля Хершэ «выйшла на волю як мага хутчэй».

«Калі я пісала Фазелю ліст, гэта было магчыма. Бо тады ўсе гаварылі пра лёс чэмпіянату, а я казала пра лёс невінаватага чалавека. Я звярталася да Рэне Фазеля, але, як бачым, нічога не адбылося. І Фазель тады пагадзіўся, што зрабіў памылку, — кажа Алена. — Я не ведаю, ці ідзе цяпер нейкая паглыбленая праца, але мне вельмі хочацца, каб гэта спрыяла вызваленню Наталлі. Пакуль нічога не чуваць, што Швейцарыя нешта робіць у гэтым плане. Ва ўсякім разе пакуль намаганняў недастаткова. Але ў нас ужо 812 палітвязняў».