Яна стала «капаць» і высветліла, што гэта не проста супадзенне. Гісторыяй сваёй сям'і гараджанка Таццяна цікавілася з дзяцінства. Але, кажа яна, ніколі не думала, што папоўніць веды ў галіне сямейнай генеалогіі ёй дапаможа TikTok, піша Intex-press.

— Там ёсць акаўнт, у якім выкладваюцца розныя відэа на гістарычную тэматыку. Але я не была на яго падпісаная. Проста адзін з яго ролікаў трапіў у трэнды TikTok, так я на яго і натрапіла, — распавядае Таццяна. У гэтым відэа выкарыстоўвалася старое чорна-белае фота з указаннем імёнаў і прозвішчаў мужчын на ім. Гэтыя імёны і прозвішчы здаліся Таццяне вельмі знаёмымі: — Майго прадзеда звалі Адам Майсюк, а прапрадзеда — Лявон Кулай. Фота ж з роліка было падпісана: Адам МаЯсюк і Лявон Кулак. Вядома, гэта магло быць проста супадзенне, але я ўсё ж вырашыла даведацца ў аўтара роліка, дзе ён узяў фатаграфію, каб усё праверыць, — кажа Таццяна.

На паведамленне гараджанкі ціктокер адказаў, што фота ён знайшоў у кнізе «Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава 1911-1912». Таццяна без праблем адшукала гэта выданне ў інтэрнэце. Аказалася, што мужчыны на фота сапраўды яе сваякі.

— Нягледзячы на тое, што прозвішчы былі пазначаны не зусім правільна, усе астатнія даныя супалі: мае дзядуля і прадзед жылі ў вёсцы Хатынічы Ганцавіцкага раёна (у кнізе гэта паказана), а прозвішча Майсюк і зусім было адзіным у вёсцы, бо мой прадзед быў немясцовым, — распавяла Таццяна.

Аб сваёй знаходцы гараджанка ўжо расказала ўсім сваім сваякам.

— Усе вельмі ўзрадаваліся, бо фотаздымкаў прадзядулі ў маладосці ў нас не захавалася, а прапрадзеда і зусім ніхто ніколі не бачыў. А цяпер дзякуючы інтэрнэту і TikTok мы ведаем хоць бы, як ён выглядаў, — рэзюмуе гараджанка.

У Стоўбцах знайшлі парэшткі каталіцкага манаха XVII стагоддзя. Яго магіла — месца паломніцтва

Памятаеце навіну пра знойдзены склеп у Хойніцкім раёне? Археолагі выказалі здагадку, каму ён належаў