Сюжэт пра гэта выйшаў на тэлеканале LTV. Журналіст знайшоў абвестку жанчыны, якая шукае хворага, і звязаўся з ёй.

Гераіняй аказалася 53-гадовая настаўніца, якая распавяла, што лічыць, што і ў яе, і яе калег моцны імунітэт, таму разлічвае перанесці захворванне ў лёгкай форме. За паслугу «заразіцца» латвійцы гатовыя плаціць ад 100 еўра і больш.

Настаўніца расказала журналісту, што таксама спрабавала купіць падроблены сертыфікат аб вакцынацыі, але гэта ў яе не атрымалася. 

Карэспандэнт удакладніў, што яна збіраецца рабіць праз паўгода, калі рэкамендуецца вакцынавацца ізноў. Настаўніца спадзяецца, што нешта зменіцца, напрыклад, будзе іншы ўрад або яна заразіцца паўторна. Рабіць прышчэпку жанчына катэгарычна не хоча.

У паліцыі аб праблеме ведаюць і звяртаюць увагу, што такія дзеянні кваліфікуюцца як стаўленне пад пагрозу небяспекі сябе і людзей навокал, гэта вядзе да адміністрацыйнай і, пры пэўных абставінах, крымінальнай адказнасці.

За свядомае заражэнне кавідам у Латвіі прадугледжаны санкцыі — ад штрафу да пазбаўлення свабоды (максімум на пяць год).

Нагадаем, за апошні тыдзень колькасць хворых на кавід у Латвіі вырасла амаль на 49%. Такім чынам, краіна выйшла на першае месца ў свеце па тэмпах захворвання. Рост захворвання назіраецца ва ўсіх узроставых групах, у тым ліку сярод школьнікаў.

На сёння ў Латвіі маюць вакцыну 50% жыхароў. Сярод хворых 79% не прышчапіліся або мелі толькі адну дозу вакцыны. Праз тое, што бальніцы перагружаныя, планавая медыцынская дапамога прыпыненая на тры месяцы.

З 20 кастрычніка да 15 лістапада ўведзены лакдаўн, аднак забароны на падарожжы няма. Латвійскія ўлады тлумачаць, што зараз мясцовыя жыхары больш небяспечныя для іншых краін, чым замежнікі для латвійцаў.

Чытайце таксама:

«Вазьміце Латвію». Насамрэч, лішняя смяротнасць ад кавіду ў Латвіі ў пяць разоў меншая, чым у Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0