У Наталлі Хершэ адбыўся гарманальны збой. Яшчэ ў Швейцарыі доктар Наталлі прызначыў ёй дзеля гэтага спецыяльны прэпарат. Але лекарка магілёўскай турмы (дзе зараз адбывае пакаранне Наталля) не палічыла патрэбным прызначыць ёй гэты ж прэпарат. Хаця Наталля Хершэ яе вельмі пра гэта прасіла, адзначае Генадзь. Таму гэты прэпарат перадаць для Наталлі ў турму пакуль немагчыма.

Раней Наталля Хершэ прымала гэты гарманальны прэпарат падчас свайго жыцця ў Швейцарыі. Зараз яна звязвае прычыну выпадзення валасоў з адсутнасцю прыёму гэтых гармонаў. Як адзначае яе брат, працэс выпадзення валасоў паскорыўся цягам апошніх двух месяцаў.

Таксама сёння, 20 кастрычніка, у Наталлі Хершэ дзень народзінаў — ёй спаўняецца 52 гады. Генадзь Касьян заклікае ўсіх дасылаць Наталлі віншаванні. Адрас: Турма № 4, 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А.

7 снежня 2020 года Наталлю Хершэ асудзілі да двух з паловай гадоў калоніі па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак). 27 верасня яе з гомельскай калоніі перавялі ў магілёўскую турму №4. Хершэ мае падвойнае грамадзянства — Беларусі і Швейцарыі.