Алесь Міхалевіч — адвакат, які спецыялізуецца на абароне ад міжнароднага пераследу людзей з краін з аўтарытарнымі рэжымамі. У 2010 годзе ён быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, пасля быў затрыманы і пэўны час ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Пасля вызвалення ён заявіў пра катаванні і пра тое, што пад ціскам падпісаў дамову аб супрацоўніцтве з КДБ. Неўзабаве ён эміграваў у Чэхію, дзе атрымаў палітычнае прыстанішча.

У верасні 2015 года Міхалевіч вярнуўся ў Беларусь. Крымінальную справу супраць Міхалевіча прыпынілі, але не закрылі. Міхалевіч браў удзел у акцыях салідарнасці ў жніўні 2020 года. Нядаўна ён зноў выехаў з Беларусі. «Цяперашні свой ад’езд я разглядаю як службовую камандзіроўку», — кажа ён.

Прапануем вашай увазе тэзісы з інтэрв'ю.

«Раю спыніць альбо рэзка абмежаваць падарожжы»

• Імавернасць, што некага з праціўнікаў рэжыму выдадуць у Беларусь з краіны ЕС, вельмі малая. Але краіны ЕС — прававыя дзяржавы, якія дзейнічаюць у адпаведнасці з працэдурамі. І большасць краін будзе такіх людзей затрымліваць — яны будуць знаходзіцца ў экстрадыцыйным ці следчым ізалятары і чакаць судовага рашэння аб экстрадыцыі.

• Затрыманы ў Венгрыі Валянцін Уласік будзе яшчэ нейкі час у зняволенні — так працуюць працэдуры. Але, безумоўна, сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прымуць да ўвагі. Я практычна ўпэўнены, што будзе адмоўнае рашэнне аб экстрадыцыі, якім бы ні быў артыкул.

• Нямеччына нават не пачынае экстрадыцыйнай працэдуры праз суд, калі чалавека затрымліваюць на просьбу Беларусі. Адмаўляюць на ўзроўні пракуратуры, бо ў апошніх справах аб экстрадыцыі ў Беларусь, якія разглядаліся судамі федэратыўных земляў, былі адмовы на падставе аргументаў, звязаных з правамі чалавека. 

«Звяртацца ў Інтэрпал з прэвентыўным запытам»

• Калі вы ў групе рызыкі, але не публічная асоба, а чалавек, які недзе ціха дапамагаў, дзейнічаў, дык праблем нашмат больш. Я б раіў такім людзям звяртацца ў Інтэрпал — магчыма, праз нашае бюро — з так званым прэвентыўным запытам. Гэта значыць, калі беларускія ўлады пададуць свой запыт, дык не дадавайце чалавека адразу ў «чырвоны спіс», а дачакайцеся абскарджання і паглядзіце, ці адпавядае гэта правілам Інтэрпала.

• Разуменне беларускай сітуацыі ў розных краінах істотна адрозніваецца. Калі ў Польшчы беларус мае гуманітарную візу альбо дазвол на жыхарства, ніхто не будзе выбіраць для яго меру стрымання ў выглядзе турмы. Яго, хутчэй за ўсё, адпусцяць на час разгляду экстрадыцыйнага запыту. У іншых краінах — у той жа Украіне — большая імавернасць, што суддзя вырашыць, што яму трэба сядзець.

• Тым, хто адчувае рызыку, што можа прыйсці запыт на экстрадыцыю, я раю спыніць альбо рэзка абмежаваць падарожжы. І тым больш не выязджаць за тэрыторыю Шэнгенскай зоны — туды, дзе ёсць пашпартны кантроль. Калі вы грамадскі ці палітычны дзеяч, варта кансультавацца наконт паездак.

«Я пабачыў, што мной зноў цікавяцца»

• Апошні раз я быў у Беларусі зусім нядаўна, у жніўні. Цяперашні свой адʼезд я разглядаю як службовую камандзіроўку. Паглядзім, наколькі яна зацягнецца. У Беларусі магчыма што заўгодна.

• Калі я вяртаўся ў Беларусь у 2015 годзе, для мяне быў вельмі добры маркер — ці выпусцяць з турмы Алеся Бяляцкага і Мікалая Статкевіча. Як толькі іх выпусцілі, я адразу пачаў рыхтавацца да вяртання.

• Цяпер маркерам для адʼезду для мяне былі ператрусы, прыходы ў маю кватэру па месцы рэгістрацыі. Я пабачыў, што мной зноў цікавяцца і могуць затрымаць. А ў Беларусі затрыманне вельмі лёгка ператварыць у крымінальнае абвінавачанне і пакінуць чалавека за кратамі надоўга.

• Незакрытая крымінальная справа з 2010 году мяне не надта хвалявала. Ніхто ўжо дакладна ня ведае, колькі цяпер у Беларусі «палітычных» крымінальных спраў. Паводле апошніх дадзеных, якія я бачыў, іх было недзе 800. І ў кожную заўсёды можна дапісаць яшчэ аднаго чалавека. Таму, нават калі ў цябе няма крымінальнай справы, ты яе можаш атрымаць вельмі хутка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0