«Я даў указанне нашаму міністру замежных спраў неадкладна прыняць меры да таго, каб гэтыя 10 паслоў былі абвешчаныя персонамі нон грата», — сказаў Эрдаган, выступаючы ў горадзе Эскішэхір. Трансляцыя вялася ў Twitter турэцкага лідара.

Прычынай такога рашэння стаў заклік вызваліць праваабаронцу Асману Кавалу, з якім дыпламаты выступілі на гэтым тыдні. Пасля гэтага іх выклікалі ў МЗС Турцыі, дзе нагадалі аб неабходнасці выконваць Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах.

Асман Кавала — праваабаронца і заснавальнік культурнага фонду Anadolu Kültür AŞ, які, у прыватнасці, падтрымлівае праекты этнічных і рэлігійных меншасцяў, якія часта маюць міжнародную накіраванасць — напрыклад, прымірэнне паміж турэцкім і армянскім насельніцтвам і мірнае рашэнне курдскага пытання.

У лютым 2020 года турэцкі суд апраўдаў яго па абвінавачванні ў датычнасці да спробы звяржэння ўрада па справе аб пратэстах у стамбульскім парку Гезі ў 2013 годзе. Аднак стамбульская пракуратара ў той жа дзень выдала новы ордар на ягоны арышт — гэтым разам яго падазравалі ва ўдзеле ў спробе дзяржаўнага перавароту ў Турцыі ў ліпені 2016 года.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?