Падобныя перлы ў вялікай колькасці можна адшукаць на партале «Замкавы комплекс «Мір». Акрамя таго, стартавая старонка парталу — на расійскай мове.
Па інфармацыю — у Інфацентр.
Кніга водгукав.
Першае, што кідаецца ў вочы пры наведванні парталу «Замкавы комплекс «Мір», — расійская мова стартавай старонкі. Пішаце адрас www.mirzamak.by, а ён ператвараецца ў www.mirzamak.by/ru/ і вы трапляеце ў «On-line тур по Мирскому замку».
Знаёмства з беларускамоўнай версіяй сайту расчароўвае ўжо на галоўнай старонцы: чаго вартая толькі назва рубрыкі «Інфацентр».Прыклады ці то неахайнасці, ці то паблажлівага стаўлення да роднай мовы, ці то банальнага яе няведання трапляюцца на сайце скрозь. Так, у раздзеле «Рэцэпты кухні «кн. Міхаіла Святаполк-Мірскага» можна пабачыць этыкетку водкі, якая выпускалася на вінакурАным заводзе М.І.Святаполк-Мірскага, даведацца пра дзіўную страву «перакачэнік». Раздзел «Навуковая інфармацыя» мае рубрыку «Доклады», а рэстаран у Мирским замку разлічаны на 60 месцаў. Раздзел «Паслугі» пры падрабязным разглядзе апынаецца «Услугами». Каб даведацца пра мерапрыемствы, што ладзяцца ў замку, трэба патрапіць ў «Архіу мерапрыемстваў». Свае ўражанні можна пакінуць у кнізе водгукав. Па-расійску выкананыя элементы меню парталу, сервісныя лінкі, а таксама мапа службаў замкавага комплексу і мапа Беларусі ў раздзеле «Кантактная інфармацыя».
Наяўнасць гэтых ляпаў не можа не здзіўляць, зважаючы на тое, што партал распрацаваны паважанай кампаніяй, якая працуе на айчынным рынку ад 1992 году, — «НПП БелСофт».
Партал «Замкавы комплекс «Мір» не адзіны, прысвечаны Мірскаму замку. У Сеціве можна адшукаць прынамсі некалькі сайтаў, названых аднолькава — «Мирский замок». Распрацаваны Нацыянальным агенцтвам па турызме партал працуе на расійскай і англійскай мовах. Зрэшты, сайт уласна Нацыянальнага агенцтва па турызме знаёміць сваіх наведнікаў з Беларуссю на васьмі мовах — ад расійскай, да кітайскай, пераплюнуўшы ў гэтым нават сайт «Суперлото», які можа пахваліцца толькі шасцю мовамі (ёсць там і польская, і ўкраінская, толькі на беларускую грошай не хапіла).
Яшчэ адзін «Мирский замок» даўнавата не аднаўляецца. Створаны ён на расійскай мове, але ўтрымлівае колькі тэкстаў па-беларуску.
Цяжка сабе ўявіць такое ў Літве, ці Ўкраіне — каб роднай мове на партале, прысвечаным аб’екту нацыянальнага маштабу, адводзілася б роля другога плану. Прынамсі, на сайце замку ў Троках літоўская мова — на першым месцы.