Фота Dug Drinks UK

У лютым брытанская сетка супермаркетаў Waitrose пачне прадаваць бульбяное малако шведскай маркі Dug. Напой называюць самым экалагічна бяспечным сярод усіх варыянтаў расліннага малака, а яго формула была створаная ў шведскім Лундскім універсітэце, піша Guardian.

Бульбяное малако лічаць экалагічным, таму што бульба патрабуе менш рэсурсаў падчас вырошчвання. Напрыклад, калі параўнаць яе з міндалём, сыравінай для іншага віду расліннага малака, для росту бульбы трэба ў 56 разоў менш вады.

Для экалогіі таксама важна выкарыстоўваць зямлю рацыянальна і вырошчваць настолькі шмат ежы на квадратным метры поля, наколькі гэта магчыма. Такое патрабаванне звязана з тым, што ў свеце існуе абмежаваная колькасць зямлі, прыдатнай для вырошчвання ежы. І тут бульбяное малако таксама сябе добра праяўляе, таму што бульба дае, напрыклад, у два разы большы ўраджай на адзінку плошчы, чым авёс, з якога таксама вырабляюць расліннае малако.

Нарэшце, прадстаўнікі Dug кажуць, што бульбяное малако мае добры і мяккі смак. Кампанія стварыла яго асобную версію для выкарыстання ў кававых напоях. Брытанія — другая краіна пасля Швецыі, дзе бульбяное малако з’явіцца ў продажы.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?