Telegram прадставіў уласную рэкламную платформу, спасылкай на яе падзяліўся заснавальнік месенджара Павел Дураў. Платформа даступная па спасылцы promote.telegram.org. На сайце сэрвісу паказана, што пакуль ён працуе ў тэставым рэжыме.

«У каналах Telegram цяпер сустракаецца рэклама, якую публікуюць самі ўладальнікі Telegram-каналаў у выглядзе звычайных паведамленняў. Афіцыйныя рэкламныя паведамленні, якія ўкараняе Telegram, будуць нашмат больш камфортнымі для карыстальнікаў. Прыбытак ад такіх рэкламных аб'яў дазволіць Telegram далей паказваць карыстальнікам бясплатны і неабмежаваны сэрвіс», — патлумачыў Дураў.

Рэкламныя паведамленні будуць з'яўляцца ў буйных агульнадаступных каналах з колькасцю падпісчыкаў не менш 1 тысяч. Іх памер будзе абмежаваны 160 сімваламі. Рэкламныя паведамленні ў каналах будуць публікавацца толькі па тэме, якой прысвечаны гэты канал. «Ніякія карыстальніцкія даныя не збіраюцца і не аналізуюцца для адлюстравання рэкламы, і кожны карыстальнік, які праглядае пэўны канал у Telegram, бачыць адны і тыя ж спансаваныя паведамленні», — падкрэсліваецца на сайце платформы.

Спачатку атрыманыя за рэкламу грошы будзе атрымліваць толькі сам месенджар. Гэтыя сродкі накіруюць на абслугоўванне працы Telegram — пакрыццё выдаткаў на абсталяванне і дата-цэнтры. Пасля таго як функцыя будзе запушчана ў поўным аб'ёме, частка рэкламных даходаў будзе перадавацца ўладальнікам каналаў, у якіх паказваецца рэклама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0