Максім Самарукаў. Фота: eedialog.org

Ці сапраўдныя даныя ВЦІОМ?

Я не бачу нічога дзіўнага ў тым, што нейкія каляўладныя сацыялагічныя службы РФ вывучаюць грамадскія настроі ў Беларусі.

Тыя даныя ВЦІОМ, якія былі абнародаваныя, зусім кепскія, здаецца, яны нават горшыя, чым вынікі заходніх апытанняў — Zois і Chatham House.

Можа, і сапраўды ўсё настолькі кепска ў беларускай улады.

Характар абнародаваных даных ВЦІОМ не дазваляе зрабіць выснову наконт іх сапраўднасці.

Мяне асабліва нічога не здзівіла ў гэтых даных.

Расійскія каляўладныя колы ніколі не бралі на сябе абавязак любіць Лукашэнку.

Яны могуць нават сублімаваць сваю нелюбоў да расійскай улады на Аляксандра Рыгоравіча, бо гэта бяспечна.

А чаму ва ВЦІОМ павінны былі гарой уставаць за Лукашэнку? Яны калі ад нечай ласкі і залежаць, дык ад ласкі Крамля, а не ад ласкі Лукашэнкі.

Чытайце таксама: Якія наступствы будзе мець апытанне, якое паказала, што рэйтынг Лукашэнкі меншы, чым у Ціханоўскай, Бабарыкі і Калеснікавай?

Няма ніякага сакрэту ў тым, што многія ў расійскім кіраўніцтве не любяць Лукашэнку.

Мы гэта бачылі і ў апошнія гады, і на працягу дзесяцігоддзяў.

І тое, што людзі ў расійскім кіраўніцтве, якія не любяць Лукашэнку, спрабуюць падставіць яму падножку — што ў гэтым дзіўнага? І «Хросных бацек» нехта рабіў, і канфлікты з амбасадарам Бабічам былі.

Я не думаю, што наконт гэтага выцеку спыталіся асабіста ў Пуціна.

 Няма падставаў беларускай апазіцыі рабіць з гэтага выцеку выснову — Масква за намі.

Масква шматгаловая. Хтосьці за вамі, а хтосьці не за вамі.

У што я не веру — што гэта частка новай вялікай стратэгіі, што ў Крамлі сабралася нарада з прэзідэнтам, распрацавалі стратэгію, першым крокам якой з'яўляецца публікацыя гэтых даных ВЦІОМ.

 Ці можа гэта быць намёкам ад Крамля?

 Я не выключаю, што гэты выцек — адказ на ўласны выпад Лукашэнкі на адрас Пуціна, калі ён сказаў завуаляваную гадасць пра Пуціна.

Лукашэнка сказаў на нядаўняй нарадзе, што ён паўсюль пускае людзей без масак і ПЛР-тэстаў.

Да таго як па беларускім тэлебачанні прагучалі заявы пра «бункер» і «ботакс», быў выступ Лукашэнкі на ўрадавай нарадзе, дзе ён пахваліў нейкага міністра за тое, што той без маскі.

Лукашэнка тады сказаў, што ёсць прэзідэнты, да якіх два тыдні не трапіш праз каранцін.

Чытайце таксама: «Беларуская прапаганда б'е няўлад». Распыталі расійскага палітолага, ці варта чакаць рэакцый на кпіны ў адрас Пуціна з дзяржТБ

Нешта падобнае гучала ў 2020 годзе, напярэдадні 9 траўня, маўляў, у расійскім кіраўніцтве баязліўцы, а мы парад правядзем, нам памяць продкаў даражэйшая.

Беларускія прапагандысты на тое і беларускія, што працуюць на Лукашэнку. І пачуўшы такі сігнал ад галоўнага, чаму б на гэтым не згуляць?

Беларускія прапагандысты па-ранейшаму значна больш арыентаваныя на тое, што хоча пачуць Лукашэнка, чым на тое, што хоча пачуць Крэмль.

 Пра «Камсамольскую праўду»

Што тычыцца арышту журналіста «Камсамольскай праўды», дык тут падыход Крамля такі — калі гэта не закранае расійскія інтарэсы, дык хай саджае каго хоча.

 Пра інтэграцыю

З усіх апошніх інфармацыйных нагодаў самая важная — гэта паведамленне, што саюзныя праграмы могуць не быць падпісаныя на пасяджэнні Вышэйшага савету «саюзнай дзяржавы» 4 лістапада.

З таго, што было апублікавана пра гэтыя саюзныя праграмы, вынікае, што нічога рэвалюцыйнага, кардынальна новага ў іх няма.

І нават у такім выглядзе гэтая інтэграцыя прабуксоўвае.

Ужо больш як год у Мінску знікла магчымасць якога б там ні было геапалітычнага манеўру, сувязі з Захадам, здавалася б, парваныя цалкам, залежнасць ад Расіі поўная.

Але, нягледзячы на гэта, Расія не можа праціснуць нават у такім мяккім, рэдукаваным выглядзе гэтыя інтэграцыйныя «мапы».

Пра залежнасць ад Расіі і Захаду

 Мы раней пераацэньвалі значэнне заходняга фактару для супраціўлення беларускага рэжыму ўсёй гэтай інтэграцыі.

Здавалася, што Мінск можа супраціўляцца інтэграцыі толькі таму, што ён мае магчымасць зблізіцца з Захадам.

Ніякага манеўру на Захад у беларускіх уладаў няма, але яны даволі паспяхова працягваюць адбрыквацца ад любога, нават сімвалічнага паглыблення інтэграцыі.

Беларуская сістэма збудаваная так, што незразумела, як яна будзе працаваць, калі прыбраць Лукашэнку.

Для Крамля рызыкі захавання, кансервацыі сітуацыі ў Беларусі ніжэйшыя, чым рызыкі яе змены.

Лепш захаваць усё як ёсць.

 Пра транзіт улады

Канстытуцыйную рэформу немагчыма адматаць назад. Будзе рэферэндум, парламенцкія выбары, зарэгіструюцца нейкія партыі. Канец далёка, але бачны. І змена першай асобы ў Беларусі непазбежная на гарызонце пяці год.

«Пакуль асцерагаюся ехаць у Расію» — Ціханоўская дала інтэрв'ю радыёстанцыі «Эхо Москвы»

«Лукашэнка — красаўчык». Хто тыя эксперты, каго выкарыстоўвае дзяржпрапаганда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?