З 2009 года Ніна Пятроўна стаіць на льготнай чарзе для атрымання сацыяльнага жылля. Мінулую зіму пенсіянерка правяла ў прытулку, бо не магла пратапіць хату, а вясной вярнулася дадому, піша «Кур'ер».

«Дзяцей і ўнукаў няма, дапамагаць няма каму. У мяне інваліднасць, з цяжкасцю хаджу і бачу дрэнна, таму адрамантаваць і нават утрымліваць дом няма сіл», — распавядае Ніна Пятроўна. Яе пенсія — 300 рублёў.

Дом жанчыны — у жахлівым стане. Домік стаіць проста на зямлі, падлога прагніла.

У халодную пару Ніна Пятроўна ўвесь час падтрымлівае агонь у печы, устае нават уначы, каб падкінуць дроў. «Інакш за гадзіну ўся цеплыня знікае праз шчыліны ў падлозе, столі і сценах. Усё жыццё і ўсе сілы ідуць на печ», — кажа яна.

Яшчэ ў 2009 годзе да Ніны Пятроўны прыходзіла камісія. Прызналі, што дом не адпавядае санітарным, тэхнічным, пажарным нормам. Сцены, падлога, столь пашкоджаны грыбком і жучком.

«Паставілі мяне як адзінокага інваліда на льготную чаргу за нумарам 197. Кожны год я даведваюся, як прасоўваецца мая чарга», — распавядае Ніна Пятроўна.

У 2012-м яе чарга была за нумарам 155, у 2015 годзе чамусьці стала 223, у 2017-м — 165, у 2020-м — 149.

«У ліпені гэтага года я зноў тэлефанавала ў райвыканкам, сказалі, што 129-я, а патэлефанавала ўчора — ізноў 149-я», —кажа яна.

Ніна Пятроўна лістуецца з рознымі інстанцыямі. У іх адказах напісана, што «жылыя памяшканні прадастаўляюцца ў парадку чаргі, зыходзячы з часу прыняцця на ўлік».

Пенсіянерка кажа, што бачыць па тэлевізары, што ў Слуцку будуецца шмат дамоў для льготнікаў. «І на 50, і на 100 кватэр дамы здаюцца».

Але яе чарга ў 2009 годзе была 197-й, а ў 2021-м — 149-я.

«Так хочацца пажыць як чалавек. Колькі мне засталося…» — гаворыць яна.

Яе апошняя зброя — ліст Лукашэнку.

«Я дапамагала Аляксандру Рыгоравічу стаць прэзідэнтам. Яшчэ тады, першы раз. У мяне нават яго асабістая падзяка ёсць», — кажа яна і дастае ліст.

На ім напісана: «Паважаная Ніна Пятроўна! Прыміце сардэчную падзяку за вашу актыўную працу ў ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў за вылучэнне мяне кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Шчыры вам дзякуй за вашу бескарыслівасць, за вашу мужнасць…» Унізе стаіць факсімільны подпіс — Ал. Лукашэнка.

«Вось хачу яму напісаць. Можа, зараз і ён дапаможа мне?» — з надзеяй кажа жанчына.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1