Вольга Чупрыс. Фота: прэс-служба БДУ.

Вольга Чупрыс. Фота: прэс-служба БДУ.

Пра такіх, як Вольга Чупрыс, кажуць «юрыст да мозга касцей». У Беларускім дзяржаўным універсітэце, які яна сама скончыла і пасля працавала ўсё жыццё, пра яе збольшага станоўчае меркаванне: патрабавальны выкладчык, уедлівы навукоўца, добры арганізатар.

У апошнія гады, да прызначэння ў Адміністрацыю, яна была прарэктарам па вучобе і інавацыях. Разам з тым выпускнікі згадваюць, што яна заганяла студэнтаў на датэрміновае галасаванне, у прэсе можна знайсці яе выступы ў падтрымку Лукашэнкі. Дзіўна было б убачыць на яе пасадзе чалавека з іншымі поглядамі.

«Эфектыўнасць не ў тым, каб падагнаць крытэры»

Сфера навуковых інтарэсаў Чупрыс — адміністрацыйнае права і дзяржаўная служба, яна абараніла дысертацыю па тэме: «Тэарэтычныя праблемы прававога рэгулявання дзяржаўнай службы Рэспублікі Беларусь», у 2016 годзе стала прафесарам.

Была ў камандзе навукоўцаў, якія распрацоўвалі апошнія абнаўленні закона аб дзяржслужбе, вось як яна фармулявала асноўную місію:

«Самае галоўнае, што дзяржаўная служба існуе для народа. Адсюль і патрабаванні да дзяржаўных служачых і да самой дзяржаўнай службы — дысцыпліна, публічнасць, адказнасць дзяржслужачых.

Адначасова, вядома, будзе стаяць пытанне і аб гарантыях дзяржаўным служачым, паколькі яны аддаюцца служэнню грамадству».

Фота: «Гродзенская праўда».

Фота: «Гродзенская праўда».

Чупрыс заўсёды крытыкавала фармалізм. Калі былы старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч абараняў кандыдацкую дысертацыю, ён з гонарам распавёў, што ў СК распрацавалі «каэфіцыенты значнасці», па якіх ацэньваюць эфектыўнасць работы следчых. Адзін год акцэнт быў на правах пацярпелых, і вось следчыя, якія дабіваліся поспехаў у гэтым кірунку, атрымлівалі больш.

На наступны год у прыярытэце былі справы ў сферы высокіх тэхналогій. Ну а ў 2021-м, прадказальна, упор зрабілі на «экстрэмісцкіх» справах і справах аб пратэстах — адсюль, дарэчы, і такая высокая статыстыка па колькасці справаў — следчыя ўмеюць лічыць, чым зараз выгадна займацца.

Дык вось намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта гэты падыход не падтрымала:

«Эфектыўнасць не ў тым, каб вызначыць, які год у нас будзе сёлета, і адпаведна падагнаць крытэры і паказчыкі і ацаніць, адпрацавалі ці не. Мэта ў тым, каб з найменшымі выдаткамі атрымаць найлепшы вынік».

Першыя захады Вольгі Чупрыс на новай пасадзе былі даволі прагрэсіўнымі — у 2020-м, яшчэ да выбараў паспелі падрыхтаваць і правесці маштабную амністыю — вызвалілі 12 тысяч чалавек. Найперш варта адзначыць, што скарацілі тэрмін усім падлеткам, асуджаным за наркотыкі. Сваякі асуджаных шмат год дабіваліся паслабленняў, і тут варта адзначыць ролю і Чупрыс, і Наталлі Качанавай, якія, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў, і сустракаліся са сваякамі, і дапамаглі хаця б часткова паслабіць ціск на асуджаных па вядомым 328 артыкуле.

Апроч таго, Вольга Чупрыс займалася зменамі адміністрацыйных кодэксаў. Навацыі пра нязначную правіну, якая павінна зменшыць колькасць штрафаў, — з тых часоў. 

«Не трэба казаць, што Канстытуцыя — гэта справа юрыстаў»

Папярэднік Чупрыс, Валер Мацкевіч, пратрымаўся на пасадзе доўга — 10 год, пакуль яго не адправілі ў парламент віцэ-спікерам. Гэта быў канец 2019 года, ніводны аналітык яшчэ не прагназаваў такога грамадска-палітычнага крызісу, які мы ўбачылі ўжо праз некалькі месяцаў.

Лукашэнка, прызначаючы Вольгу Чупрыс, адзначыў, што яна адукаваны і пісьменны спецыяліст, мае досвед канстытуцыйнай працы. Размовы аб змене Канстытуцыі ішлі ўжо тады:

«Нам вельмі патрэбны (і гэта запатрабавана жыццём) чалавек ад навукі, які ўмее данесці да людзей мовай юрыдычнай, а часам і простай, складаныя юрыдычныя паняцці і нормы, умее размаўляць у любой аўдыторыі, — заяўляў Лукашэнка, удакладняючы, што новы намеснік кіраўніка Адміністрацыі будзе курыраваць пытанні па змене Канстытуцыі: — Запыт у грамадстве на новую Канстытуцыю ўжо існуе. Нам давядзецца як мінімум карэкціраваць некаторыя палажэнні Канстытуцыі, перафарматаваць уладу, недзе дагрузіць урад, парламент. Вядома, Кіраўнік Адміністрацыі будзе гэтым займацца, але ўвесь цяжар адказнасці ляжа на вас».

Фота: прэс-служба «Чырвонага Крыжа».

Фота: прэс-служба «Чырвонага Крыжа».

Пры гэтым не трэба мець ілюзіяў, што новую Канстытуцыю будуць пісаць юрысты. Лукашэнка яшчэ ў 2019-м дакладна сфармуляваў місію Чупрыс, якую яна, як паказала жыццё, паслядоўна выконвае:

«Не трэба казаць, што Канстытуцыя — гэта справа юрыстаў. Не. Юрысты, калі будзе ідэя, могуць яе абгарнуць у любую форму. Але гэта ўжо будзе на апошняй стадыі».

У што гэта выльецца, мы хутка ўбачым, але вядома, што канстытуцыйная камісія не змагла ўзгадніць адзін раздзел — пра Усебеларускі сход. Вось што пра гэта казаў адзін з удзельнікаў працоўнай групы Юрый Васкрасенскі:

«Таму што мы, можа быць, не валодаем прафесійнымі юрыдычнымі навыкамі напісання законаў высокага ўзроўню. Не можам вылучыць ідэю Усебеларускага народнага сходу — такую, каб яна задавальняла ўсіх членаў Канстытуцыйнай камісіі».

Былы старшыня Канстытуцыйнага суда Рыгор Васілевіч, які таксама ўваходзіць у камісію, у свой час адзначаў, што застаюцца незразумелымі дэталі функцыянавання Сходу ў новым фармаце. 

А вось Чупрыс, здаецца, супярэчнасцяў не бачыць. Яна называе Сход «формай прадстаўнічай дэмакратыі ў чыстым выглядзе» (нагадаем, што за вылучэнне дэлегатаў выбарцы, у адрозненні ад дэпутатаў парламента, не галасуюць).

«Я не бачу перашкод, каб спецыяльна замацаваць такую форму ў Канстытуцыі. Трэба будзе прапісаць пэўныя паўнамоцтвы», — заяўляла яна.

Як змяніліся законы пры Чупрыс?

Абгарнуць ідэю ў любую форму — так Лукашэнка сфармуляваў задачу юрыстаў, якія рыхтуюць законы на ягонае ўзгадненне.

Літаральна за год заканадаўства Беларусі змянілася да непазнавальнасці. Узмацнілі пакаранне за ўдзел у акцыях пратэсту (і па адміністрацыйцы, і па крыміналцы), за экстрэмізм і тэрарызм, заканадаўства ў сферы адвакатуры, СМІ стала больш рэпрэсіўным, пры гэтым павысілі абарону (тэрміны пакарання па злачынствах супраць іх) для чыноўнікаў, суддзяў, сілавікоў і членаў іх сямей.

Кардынальна змяніліся прыярытэты ў працы і праваахоўчага блоку, і судоў. Каэфіцыенты эфектыўнасці, пра якія казаў Наскевіч, мы цяпер бачым ва ўсім.

Апошняя ініцыятыва, якая прагучала ад упраўлення МУС, але якую паспелі падхапіць і некаторыя дэпутаты, заклік пазбаўляць грамадзянства апанентаў рэжыму, якая з’ехалі за мяжу, нават калі грамадзянства яны маюць адзінае і па нараджэнні. Ідэя, якая адразу ж выклікае асацыяцыі з дзейнасцю нацысцкіх уладаў у Германіі.

Фота: president.gov.by.

Фота: president.gov.by.

Пры гэтым беларускія ўлады ўсё яшчэ спрабуюць «абгарнуць ідэю ў любую форму». Роля Вольгі Чупрыс, якая адказвае за пытанні законнасці ў Адміністрацыі Лукашэнкі, высокая.

Чым яна адрозніваецца ад Качанавай, Ярмошынай ці Ермаковай, таксама заўважных жанчын у палітыцы, якія шматкроць засведчылі сваю лаяльнасць? Вольга Чупрыс насамрэч таленавіты юрыст, яна не дазваляе сабе публічных выпадаў, якія становяцца мемамі (пра жабрацкі заробак трэнераў ці пра тое, што каб зарабіць грошы, іх трэба зарабіць) і гатова спакойна выканаць місію, якую на яе ўсклалі — абгортка будзе прыгожай і зробленай своечасова.

Ніхто не папракне Вольгу Чупрыс, што яна выпадкова патрапіла ў БДУ, вырасла па кар'ернай лесвіцы, дзякуючы зямляцтву з Лукашэнкам, не мае юрыдычнай адукацыі ці купіла свае навуковыя працы. Такіх прадуманых, выканальных людзей, з вялікім прафесійным падмуркам, не так ужо шмат засталося ў эшалоне ўлады.

Сын пайшоў па шляху маці

Вользе Чупрыс 51 год, яна — шматдзетная маці. Адзін з сыноў пайшоў па яе шляху — выкладае ў БДУ на кафедры канстытуцыйнага права, пачынаў у пракуратуры.

Яго характарызуюць як даволі амбіцыйнага юрыста, у ягоным асяроддзі было нямала тых, хто выступіў супраць гвалту сілавікоў і фальсіфікацыі выбараў.

Максім Чупрыс у судзе. Фота БелаПАН

Максім Чупрыс у судзе. Фота БелаПАН

Максім Чупрыс вядомы ўдзелам у працэсах аб карупцыі ў сістэме аховы здароўя, спорту. Адзін з паказальных працэсаў — справа футбольнага суддзі Жукава, якога абвінавацілі ў атрыманні хабараў.

На судзе высветлілася, што адзін са сведкаў агаварыў абвінавачанага, таму што аператыўныя работнікі пагражалі, што закрыюць яго самога ў ізалятары, казалі, што іншыя сведкі таксама адпіраліся, але пасля «перадумалі».

Дзяржабвінаваўца Чупрыс, пачуўшы гэта, літаральна ўскіпеў, накінуўся на сведку з пытаннямі, чаму ж той не заявіў раней, што на яго ціснулі.

Сведка спакойна адказаў, што заявіў, і даўно — і ў Генеральную пракуратуру, і ў пракуратуру Мінска, і ў мінскую міліцыю, але ніхто яму так і не адказаў.

Пракурор працягваў эмацыйныя выпады, што сведку могуць пакараць за ілжывыя паказанні, але той стаяў на сваім. Што праўда, справе гэта не вельмі дапамагло, той эпізод у абвінавачванні так і застаўся, а Жукаў атрымаў свой тэрмін. Але сітуацыя гэта добра паказвае і метады працы самога Чупрыса, і ўсёй сістэмы, задоўга да крызіса 2020 года. 

А што з памілаваннем?

Вольга Чупрыс была ўключана ў санкцыйны спіс краін Балтыі. Адзін з апошніх заўважных накірункаў яе дзейнасці — памілаванне палітвязняў.

Анансавалася, што да 17 верасня на свабоду могуць выйсці сто чалавек, Юрый Васкрасенскі заяўляў, што менавіта столькі прозвішчаў ён падаў, але па факце на свабоду выйшлі толькі 13.

Чупрыс тлумачыла, што многія са спісу не былі яшчэ асуджаныя, а значыць, па працэдуры, не могуць быць памілаваныя. Яшчэ частка мае судзімасць, частка не падпісала прашэнне аб памілаванні, частка мае статус «злосных парушальнікаў рэжыму» — усё гэта, па законе, замінае працэсу памілавання.

Канечне, нішто з гэтага не замінала памілаваць абвінавачаных па справе «Плошча-2010», усе выйшлі на свабоду раней за вызначаны судом тэрмін. Тым больш, вядома, што спісы на памілаванне ў верасні перапісваліся, некаторых выкраслілі ў апошні момант.

Але варта адзначыць, што ўпершыню за шмат год былі памілаваныя асуджаныя на расстрэл — справа братоў Косцевых, заяву разглядала тая самая камісія, дзе ў Чупрыс — вызначальная роля.

Што праўда, як і ў выпадку з палітвязнямі, галоўнае рашэнне прымае не яна, а Лукашэнка, і рашэнне гэта, як правіла, дыктуе не гуманізм, а палітычная кан’юнктура. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0