Міністэрства інфармацыі зарэгістравала новае недзяржаўнае выданне «для вольнага часу» — «Піўную газету».

Прэс-служба БАЖ пагутарыла з яе заснавальнікам і галоўным рэдактарам Паўлюком Канавальчыкам, якога шмат хто памятае як рэдактара газеты «Навінкі».

ПК: Калі ўвесну ўзнікла ідэя зарэгістраваць новую газету, перад намі паўстала дылема — адраджаць «Навінкі» ці рабіць нешта новае? У выніку мы вырашылі, што не варта двойчы спрабаваць увайсці ў адну «раку», і прыдумалі «Піўную газету» — выданне ПРА піва і ПАД піва.

У «Навінках» мы займаліся пытаннямі палітычнай псіхапатыі, а цяпер засяродзімся на пабытовым алкагалізме і яго ўплыве на беларускую ментальнасць…

БАЖ: Вы з ім змагаецеся ці патураеце яму?

ПК: Мы разглядаем асаблівасці вытворчасці і ўжывання алкаголю як паказчыкі культурнага ўзроўню нацыі. Натуральна, мы будзем змагацца за культуру піцця беларусаў. Увогуле, у сваім выданні мы плануем закранаць усе тэмы, што ўзнікаюць у народа за куфлем піва, так што тэматыка практычна неабмежаваная...

БАЖ: «Мы» — гэта хто?

ПК: Мы — гэта творчы калектыў, які складаецца з рэдакцыі і чытачоў газеты «Навінкі». Але хачу адразу падкрэсліць: наўпроставых паралеляў з «Навінкамі» праводзіць не варта. Гэта новы праект, у новых рэаліях, на новым узроўні. Можна сказаць — той жа дух, але ў новым целе. Газета будзе вясёлая. Думаю, што яна зацікавіць аматараў не толькі піва, але таксама вострага слова і іранічнага погляду на нашу рэчаіснасць.

Плануецца, што першы нумар «Піўной газеты» пабачыць свет у верасні г.г. Заяўлены наклад выдання — да 10 тысяч асобнікаў. Выходзіць яно будзе двойчы на месяц, на дзвюх мовах (беларускай і рускай), фарматам А3, у колеры. Папярэднія перамовы з друкарнямі ўжо вядуцца.

Па словах Паўлюка Канавальчыка, з рэгістрацыяй праблем не ўзнікла. У канцы траўня падалі дакументы ў Мінінфармацыі, а роўна праз месяц ужо атрымалі пасведчанне.

ПК: У пэўным сэнсе мы тут выступаем як «ластаўкі лібералізацыі». Хаця многія не вераць, што нешта з гэтага атрымаецца, мы ўсё ж вырашылі рызыкнуць. Калі магчымасць з’яўляецца, трэба за яе хапацца. А далей пабачым, наколькі гэта было правільна… Акрамя папяровай версіі, будзем рабіць сайт, бо аднаму без другога вельмі складана сёння «раскруціцца».

У ідэале мы б хацелі існаваць за грошы ад рэкламы. Але самае важнае сёння - стварыць вакол выдання свой «клуб», сваю субкультуру. Заручыцца падтрымкай тых, каму будзе неабыякавы далейшы лёс газеты. Я лічу, рабіць прэсу для выпадковага чытача — гэта ўчорашні дзень...

Нагадаем, што паводле «старога» закона «Аб друку і іншых СМІ» да заявы аб рэгістрацыі СМІ трэба было прыкладаць дакументы аб узгадненні размяшчэння рэдакцыі з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі (арт. 10). Менавіта гэтая норма часта рабілася галоўнай перашкодай для рэгістрацыі недзяржаўных выданняў. У новым законе «Аб СМІ» такога патрабавання няма.

* * *

Газету «Навінкі» прыпынілі ў траўні 2003 года пасля вынясенння Міністэрствам інфармацыі двух папярэджанняў запар — «за парушэнне маральных нормаў» і «абразу прэзідэнта». Пасля заканчэння тэрміну прыпынення «Навінкі» не змаглі заключыць дамову ні з адной беларускай друкарняй, і праз год страцілі рэгістрацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?