Фота: кадр з відэа

«Да нядаўняга часу мы таксама аказвалі гэту паслугу, у нас былі капачы для могілак», — распавядае Хрысціна з Оршы. Жанчына — індывідуальная прадпрымальніца. Яе фірма займаецца вырабам помнікаў.

«Але потым на кавід захварэлі і мы самі, і нашы супрацоўнікі. Дзеля іх бяспекі вырашылі на нейкі час прыпыніць аказанне гэтай паслугі. Нам усё роўна тэлефануюць людзі, просяць даць капачоў. Некаторыя так і кажуць: «Немагчыма падрыхтаваць яму да пахавання. У горадзе немагчыма знайсці капачоў».

Я, напрыклад, не здзіўленая, што фірмы сапраўды вымушаныя пачынаць капаць магілы ледзь не з ночы. Але трэба разумець і тое, што многія праз эпідэміялагічную абстаноўку, як і мы, пакуль проста адмовіліся ад гэтай паслугі.

З іншага боку, людзей дакладна цяпер памірае больш, чым, напрыклад, год таму. Мы бачым гэта і па нашых заказах. Попыт на помнікі і могілкавую агароджу павялічыўся з надыходам новай хвалі каранавіруса. Але больш за ўсіх заказаў па пахаванні і спадарожных паслугах цяпер у дзяржаўнага спецкамбіната (гаворка ідзе пра Аршанскі спецкамбінат — «НН»)».

Фота: orbiz.by

«Здароўе сваіх супрацоўнікаў цяпер даражэйшае за выгаду»

Пашукавік адразу выдае 16 прапаноў па выкопванні могілак у Оршы. Тэлефануем. Высвятляем, што некаторыя фірмы сапраўды прыпынілі аказанне паслугі па выкопванні могілак, бо працоўныя і самі хварэюць.

«Вырашылі, што здароўе сваіх супрацоўнікаў цяпер даражэйшае за выгаду, — гаворыць прадпрымальнік Алан. — Таму зараз адмовіліся ад гэтай паслугі».

«Мы перайшлі да крыху іншай працы. Цяпер займаемся рэпатрыяцыяй нябожчыкаў, — гаворыць яшчэ адзіны прадпрымальнік, якога мы засталі ў Італіі. — Стала паміраць значна больш людзей, у тым ліку беларусаў за мяжой. Але пахаваць іх родныя імкнуцца на радзіме. Вось днямі, напрыклад, прывезлі нябожчыка з Албаніі. Яшчэ раней — з Італіі».

«Мы больш пераарыентаваліся на выраб помнікаў. Гучыць, магчыма, цынічна, але выгады з гэтага больш, чым з копкі магіл. А рызыкі — меней. Выкапаць адну магілу каштуе ў сярэднім 100 рублёў. Але калі працаўнікі захварэюць, то за два непрацоўныя тыдні мы страцім больш, чым калі б займаліся вырабам помнікаў і агароджаў», — гаворыць яшчэ адзін прадпрымальнік Аляксандр.

Але ёсць і тыя, хто не згодны з аўтарам відэа. Кажуць, што заказаў не так і шмат.

«Я індывідуальны прадпрымальнік. Займаюся будаўнічым бізнэсам. Але аказваю паслугі па падрыхтоўцы ям для пахаванняў. Нядаўна размясціў тры аб’явы з гэтай нагоды. Але за некалькі тыдняў ніхто не патэлефанаваў. Кошты не задзіраў. Гэта на выпадак, калі хтосьці падумае, што яны ў нас занадта высокія, і таму да нас не звяртаюцца», — гаворыць аршанец Яўген Вараб’ёў.

У Аршанскім спецкамбінаце, што займаецца пахаваннямі, з журналістамі размаўляць адмовіліся.

Орша ўваходзіла ў тройку лепшых раёнаў па вакцынацыі, але захворвальнасць цяпер значна вышэйшая

Цікава, што па звестках газеты «Советская Белоруссія» за 20 ліпеня гэтага года ў «Аршанскім раёне прышчэпкі ад COVID-19 ужо зрабіў кожны пяты дарослы». На той момант раён уваходзіў у тройку лепшых у вобласці па тэмпах імунізацыі». У гэтым жа матэрыяле сказана: справы ў плане вакцынацыі ў горадзе і раёне настолькі добрыя, «што ў сельскай мясцовасці імунізацыя насельніцтва ідзе нават хутчэй за гарадскую. Тут прышчэплена каля чатырох тысяч чалавек ва ўзросце 60+».

Мяркуючы па гэтых даных, у Оршы і Аршанскім раёне сапраўды былі ўсе шанцы перажыць чацвёртую хвалю каранавіруса нашмат лягчэй за трэцюю. Бо прышчэплена так шмат людзей.

Цэнтр вакцынацыі ў Оршы. Фота: vitbichi.by

Але праз два месяцы пасля выхаду такога аптымістычнага матэрыялу доктар-эпідэміёлаг Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Леанід Лявонцьеў заявіў іншае:

«З канца жніўня назіраецца істотнае павелічэнне захворвання на каранавірусную інфекцыю, якое яшчэ больш узмацнілася ў верасні. Захворвальнасць значна вышэйшая за такі ж перыяд мінулага года. Адзначаецца істотнае павелічэнне колькасці хворых, якім патрабуецца шпіталізацыя».

Пры гэтым у мінулым годзе нават па афіцыйных даных Міністэрства аховы здароўя сітуацыя з каранавірусам ў Аршанскім раёне была найгоршай на ўсёй Віцебшчыне.

«Калі даводзіцца выбіраць паміж узроставым і маладзейшым пацыентам, бяром маладзейшага»

Мы пагаварылі з медыкам, якая працуе ў Оршы непасрэдна з кавіднымі пацыентамі. Баючыся страціць працу праз зносіны з недзяржаўнымі журналістамі, жанчына папрасіла застацца ананімнай.

«Сітуацыя з каранавірусам у горадзе вельмі няпростая, — уздыхае жанчына. — Некаторых пацыентаў прывозяць занадта позна — з вельмі высокім адсоткам паражэння лёгкіх. Часам медыкі элементарна не паспяваюць зрабіць патрэбныя ім аналізы, каб разабрацца са станам пацыента.

Фота ілюстрацыйнае, vitbichi.by

Гучыць жудасна, але часам хворых даводзіцца сартаваць. Калі даводзіцца выбіраць паміж узроставым і маладзейшым пацыентам, а месцаў у рэанімацыі амаль няма, бяром маладзейшага…»

«Людзей менш не становіцца. Наадварот, пад інфекцыйнымі кабінетамі ў паліклініках увесь дзень чэргі, — расказвае медык. — Адсартаваць пацыентаў вельмі складана.

На прыём да доктара прыходзяць людзі без тэмпературы, але ўжо падчас прыёму аказваецца, што пах у чалавека страчаны. Яму даюць накіраванне на ПЛР — высвятляецца, што кавід. А гэты ж чалавек сядзеў у чарзе з тымі, у каго кавіду, можа, і няма. Разумееце? Гэта амаль немагчыма спыніць.

У мінулую восень большасць пацыентаў сапраўды былі ўзроставымі, а ўжо ў гэтую восень цяжкія выпадкі былі і сярод 18-гадовых, і сярод 25-гадовых.

Так, іх нашмат менш за пажылых людзей, але тое, што новы штам косіць яшчэ і моладзь, гэта праўда. Сярэдні кантынгент нашых пацыентаў сёння — людзі 1965-1977 года нараджэння».

Паразмаўляць з намі пра рэальную колькасць смерцяў пацыентаў з выяўленым кавідам у Оршы спецыялісты, якія маюць доступ да афіцыйных даных, таксама пагадзіліся толькі на ўмовах ананімнасці.

«У сярэднім, па афіцыйнай статыстыцы Міністэрства аховы здароўя, кожны дзень ад захворванняў, ускладненых каранавіруснай інфекцыяй, у Беларусі паміраюць 14-17 чалавек. На самой жа справе такую колькасць памерлых з кавідам мы амаль кожны дзень фіксуем толькі ў нашым горадзе.

Каб статыстыка была не такой жудаснай, людзей спісваюць так: у слупок «прычына смерці» тых, у каго каранавірус працякаў на фоне іншых хранічных захворванняў, упісваюць менавіта хранічнае захворванне. Такія ёсць у большасці памерлых. Тым памерлым, у каго акрамя кавіду, зафіксаваных раней хранічных захворванняў не было, у прычыны смерці ўпісваюць COVID-19».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?