Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў не выканаў абавязацельствы па пагашэнні па адным з выпускаў аблігацый. Тэрмін іх звароту — з 15 жніўня 2017 года да 14 жніўня гэтага года. 

Відаць, гаворка ідзе пра выпуск 1000 аблігацый, намінальны кошт кожнай — 1000 даляраў. Агульны кошт — мільён даляраў. Стаўка даходу — 7% гадавых. Гэта значыць, што з адной аблігацыі штогадовы даход планаваўся на ўзроўні 70 даляраў.

Адзін з акцыянераў камбіната — бізнэсмен Анатоль Трухановіч, бацька Ганны Канапацкай, экс-дэпутата і экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. У 2020 годзе Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў трапіў у спіс прадпрыемстваў, даўгі якога перад бюджэтам вырашылі рэструктурыраваць па ўказе Аляксандра Лукашэнкі. Гаворка ішла пра 19,8 мільёна рублёў. Планавалася, што прадпрыемства ажыццявіць дадатковы выпуск акцый на гэтую суму, а ААТ «Агенцтва па кіраванні актывамі» пагасіць яго запазычанасць перад бюджэтам.

Грошы ад прададзеных аблігацый прадпрыемства мела намер накіраваць на фінансаванне бягучай і інавацыйнай дзейнасці прадпрыемства, пагашэнне крэдытных абавязацельстваў. У 2017-2020 гадах мелі намер выдаткаваць на мадэрнізацыю вытворчасці камбікорму, мяса птушкі і яек каля 6 мільёнаў рублёў. На набыццё дзвюх ліній гранулявання, транспартнага абсталявання планавалі накіраваць каля 2,7 мільёна еўра.

Што паслужыла ў выніку прычынай невыканання абавязацельстваў па аблігацыях, не паведамляецца.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?