23 ліпеня тры беларускія клубы правялі матчы ў адказ другога кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы.

Першым свой матч пачаў сталічны МТЗ‑РІПА. На мінскім стадыёне «Трактар» беларусы прымалі данецкі «Металург». Першая гульня клубаў скончылася буйной перамогай паўднёвых суседзяў — 3:0.

Пунтус выказваў спадзяванне на хуткі гол. Тады, маўляў, шанцы, з’явяцца. Не паспелі каманды нармальна разыграцца як пайшоў лівень. Дрэнажныя сістэмы стадыёну з ім не справіліся. І французскі арбітр Аліўе Цюваль быў вымушаны спыніць гульню.

Паўза зацягнулася амаль на гадзіну. А адразу пасля аднаўлення гульні бразільскі легіянер мінчан Нікалас лік адкрыў. Гуляць МТЗ стала весялей.

Зрэшты, клас «Металурга» ўсё ж сказаўся. Галы забілі як і ў першым матчы зімбабвіец Мгуні і армянін Мхітаран. Пераможны мяч данецкая каманда забіла за пяць хвілін да сканчэння гульні — 1:2.

У наступным раўндзе «Металург» сустрэнецца з славенскім «Інтэр‑Блокам».

***

Матч паміж нарвежскім «Тромсэ» і мінскім «Дынама» скончыўся поўным фіяска для беларусаў. Хаця пасля першай сустрэчы, якая скончылася з лікам 0:0, шанцы каманды былі прыкладна роўнымі.

Нарвежцы намаганнямі Нарвіка хутка адкрылі лік. Першы тайм так і скончыўся мінімальнай перавагай гаспадароў.

У другім тайме «Тромсэ» лік падвоіў, але літаральна праз некалькі хвілін габонец Мбанагой адрадзіў інтрыгу. Мінчане кінуліся атакаваць, бо да фінальнага свістка заставалася сем хвілін. Але напароліся на дзве хуткіх атакі вікінгаў — 1:4.

Варта адзначыць, што ў другім тайме гішпанскі арбітр Карлас Гомес паказаў адразу дзве чырвоныя карткі футбалістам «Дынама» — баснійцу Здраўку Шарабе і французу Ар’ену Мантарупу.

***

Самы рэальны шанец прайсці ў трэці кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы меў наваполацкі «Нафтан». Пасля хатняй перамогі над «Гентам» 2:1, каманда Ігара Кавалевіча паехала ў Бельгію.

«Генту» было дастаткова забіць адзіны гол, і ім гэта ўдалося. Бельгійская каманда забіла ў пачатку другога тайму. Больш галоў гледачы не пабачылі — 0:1.

Унікальны шанец сустрэцца з італьянскай «Ромай» упушчаны.

У еўракубках з беларускіх клубаў зноў застаўся адзін барысаўскі БАТЭ.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?