Ініцыятыва Беларускага аб'яднання рабочых і «Еўрапейскай Беларусі» (aka «Хартыя' 97») аб правядзенні забастоўкі з 1 лістапада, якую падтрымалі Валерый Цапкала і Дзмітрый Балкунец і падсвятлілі «некаторыя» каналы, першапачаткова здавалася мёртванароджанай.

Не з'явілася дадатковых перадумоў для забастоўкі ў параўнанні з часам, калі яна не ўдалася ў 2020 годзе. Эканоміка яшчэ не пачала падаць, падстаў для абурэння рабочых чыста эмацыйна 13-14 месяцаў таму было больш, чым цяпер, актывістаў з заводаў метадычна прыбіралі ўвесь гэты год.

Чакана, апазіцыйныя штабы — Ціханоўская, Латушка і актывісты партыі Бабарыкі (якія чамусьці напісалі і выдалілі пра гэта пост) — дыстанцыяваліся ад ініцыятывы. Яны ўсведамляюць, якім іміджавым ударам быў бы гэты халасты стрэл, калі б яны ўсе ў гэта ўпісаліся.

Што рухае ініцыятарамі забастоўкі, я не ведаю. У такую ступень адарванасці ад дамашняга кантэксту я не веру.

Першая версія — жаданне абвастраць, каб улада таксама адказала эскалацыяй і, адпаведна, таксама падліла масла ў агонь крызісу. А дзе эскалацыя, там і памылкі. Дзе памылкі, там магчымасці. Гэта злёгку антыгуманна ў адносінах да байцоў на зямлі, але некаторыя людзі думаюць па-ваеннаму: калі патрэбныя ахвяры для агульнай справы — так таму і быць.

Другая версія — менш высакамоўная, і яна звязаная з дэдлайнамі ад донараў, якім трэба паказаць актыўнасць. Я ведаю, што гэта гучыць як БТ-шная прапаганда, але часам 2+2 — чатыры, нават калі тое ж самае вам кажуць і людзі з гнуткім сумленнем або зусім без яго.

Сам гэты інцыдэнт ставіць лідараў, у першую чаргу Ціханоўскую, у нязручнае становішча. Яна цяпер, атрымліваецца, мала таго, што па факце заклікае рабочых не слухацца тых, хто заве іх страйкаваць, дык яшчэ і яе ініцыятары забастоўкі ў выніку абвінавацяць у правале. Маўляў, калі б нас падтрымала лідар, усё было б інакш.

Пакуль Ціханоўская спрабуе прайсці паміж струменьчыкамі, і я ўпэўнены, што тактыкай яе офіса 1-2 лістапада будзе маўчаць і пастарацца як мага хутчэй зайграць гэтую тэму. Але створаны трывожны для іх прэцэдэнт.

Раней парасонавай легітымнасці абранага лідара, прызнанай нават канкурэнтамі і скептыкамі ўнутры апазіцыі, хапала, каб гасіць любыя сепаратныя ініцыятывы ў зародку ці ўключыць іх у свой парадак дня. Не афіляваныя ні з кім актывісты, блогеры і палітыкі, якім не падабалася палітыка офіса Святланы, маглі крытыкаваць яе дарадцаў, але не ставілі пад сумнеў яе статус і не рабілі нічога сур'ёзнага папярок палітыкі офіса ў Вільні.

Цяпер жа адбываецца першы досыць прыкметны аўтаномны крок насуперак пазіцыі Ціханоўскай, ды і астатніх лідараў у выгнанні. Значыць, яе ўплыў падае, і далей іншыя групы ўнутры апазіцыі могуць дазволіць сабе такія ж дэмаршы.

Калі не з'явіцца нейкай новай аб'яднаўчай павесткі або дынамікі ўнутры краіны, што засланяе сабой усё і ўсіх, чагосьці, што нагадае дэмакратычным сілам, у чым сэнс трымацца разам, цэнтрабежная тэндэнцыя працягнецца.

«Яна моцна вырасла»: Аляксей Венядзіктаў пра інтэрв'ю з Ціханоўскай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0