Навуковыя даныя, якія стаяць за гэтым крокам, шматабяцальныя, піша The New York Times.

Рашэнне FDA, якое дазволіць амерыканцам мяняць вакцыны пры выбары бустарнай (другой або трэцяй) дозы, падвяло рысу пад працяглымі дэбатамі, ці дапамагае стратэгія змешвання абараніць людзей ад каранавіруса.

Тым не менш сёння ў інфармацыйнай прасторы можна сустрэць як засцярогі супраць вакцынацыі наогул, так і засцярогі ад змешвання вакцын. Вось некаторыя аргументы навукоўцаў, чаму мяняць вакцыны карысна.

Чым адрозніваецца Sputnik V, якім найбольш прышчапляюць у Беларусі

Імунізацыя ад каранавіруса звычайна складаецца з дзвюх ці болей доз адной і той жа вакцыны. Напрыклад, мРНК вакцына Moderna ўводзіцца дзвюма ідэнтычнымі дозамі з розніцай у чатыры тыдні.

Падвойная доза можа стварыць значна большую абарону ад хваробы, чым аднаразовая ін'екцыя. Першая доза прымушае В-клеткі імуннай сістэмы выпрацоўваць антыцелы супраць патагенаў, а імунныя Т-клеткі вучацца распазнаваць і забіваць інфікаваныя клеткі.

Другая доза ўзмацняе гэтую рэакцыю. Пасля яе В-клеткі і Т-клеткі размнажаюцца ў вялікай колькасці.

Адкрыццям паспрыяла пандэмія

У апошнія гады некаторыя даследнікі вакцын эксперыментавалі з пераключэннем з адной вакцыны на іншую для другой дозы. Гэтую стратэгію спецыялісты называюць гетэралагічным простым узмацненнем.

Пандэмія падштурхнула да далейшых даследаванняў гэтай магчымасці. Адна з першых дазволеных гетэралагічных бустарных вакцын — Sputnik V, распрацаваная летась расійскімі навукоўцамі. Яна мае два розныя адэнавірусы для дастаўкі бялкоў каранавіруса, якіх пасля атакуе імунная сістэма чалавека. Першая доза змяшчае адэнавірус пад назвай Ad5, а другая — іншы, пад назвай Ad26.

Навукоўцы даўно падазравалі, што гетэралагічныя простыя бустары часам працуюць лепш, чым дзве аднолькавыя дозы. Распрацоўшчыкі Sputnik V баяліся, што першая ін'екцыя Ad5 створыць антыцелы не толькі супраць бялкоў каранавіруса, але і супраць самога Ad5. У такім выпадку другая ін'екцыя Ad5 магла б быць знішчана імуннай сістэмай чалавека да таго, як прышчэпка зможа павысіць абарону ад COVID-19.

Ранейшыя даследаванні эксперыментальных ВІЧ-вакцын таксама паказалі, што іх змешванне можа выклікаць больш моцны адказ, чым некалькі доз адной і той жа вакцыны.

Розныя тыпы вакцын стымулююць імунную сістэму па-рознаму, і пераключэнне паміж дзвюма вакцынамі можа дапамагчы людзям узяць лепшае з абедзвюх.

Пандэмія дала вучоным-медыкам магчымасці праверыць гэтую ідэю. Паколькі вакцына AstraZeneca была хутка ўкаранёная ў Еўропе, стала ясна, што ў маладзейшых рэцыпіентаў існуе невялікая, але рэальная рызыка ўтварэння тромбаў. Маладым людзям, якія ўжо атрымалі адну дозу AstraZeneca, прапанавалі ў якасці другой дозы вакцыну Pfizer-BioNTech.

Дзве гэтыя вакцыны зусім розныя. Формула AstraZeneca грунтуецца на адэнавірусе шымпанзэ. Pfizer і BioNTech робяць сваю вакцыну з мРНК. Калі даследнікі вывучылі імунны адказ на гэты гетэралагічны першасны бустар, аказалася, што ён прадукуе больш антыцелаў, чым дзве дозы адной толькі AstraZeneca.

Варыянт спалучэння вакцын можа забяспечыць гнуткасць у выратаванні жыццяў у свеце, дзе вакцыны супраць COVID-19 застаюцца вельмі дэфіцытнымі. Калі запасы адной вакцыны скончацца да таго, як людзі атрымаюць другую дозу, можна будзе пераключыцца на іншую вакцыну і таксама атрымаць моцны імунітэт.

Як быць з трэцяй прышчэпкай

Летам 2021 года вакцыны Moderna і Pfizer-BioNTech пачалі дэманстраваць некаторую страту эфектыўнасці супраць каранавіруса, хоць абедзве заставаліся дзейснымі супраць шпіталізацыі. Тым не менш навукоўцы пачалі настойваць на бустарнай трэцяй дозе вакцыны для аднаўлення імуннай рэакцыі.

У мінулым месяцы амерыканская FDA дазволіла бустар Pfizer-BioNTech для пэўных груп людзей, якія атрымалі дзве дозы. Чакаецца, што неўзабаве тое самае адбудзецца і з Moderna.

Johnson & Johnson вырашыла выкарыстоўваць аднаразовую дозу для сваёй вакцыны, якая ў клінічных выпрабаваннях аказалася менш эфектыўнай, чым Moderna і Pfizer-BioNTech. Даследаванне, апублікаванае ў мінулым месяцы, паказала, што вакцына Johnson & Johnson была эфектыўная супраць шпіталізацыі на 71%, у параўнанні з 88% для Pfizer-BioNTech і 93% для Moderna.

У ЗША правялі даследаванні і выявілі, што ў тых, хто атрымліваў другую дозу Johnson & Johnson, колькасць антыцелаў вырасла ўсяго ў чатыры разы. Пераход на бустар ад Pfizer-BioNTech павысіў узроўні антыцелаў у 35 разоў. Бустар ад Moderna павысіў іх у 76 разоў.

Ці будуць іншыя варыянты бустараў

Цяпер праходзяць клінічныя выпрабаванні больш за 100 вакцын супраць COVID-19. Адам Уітлі, імунолаг з Мельбурнскага ўніверсітэта ў Аўстраліі, прадказаў, што некаторыя з гэтых новых вакцын могуць аказацца больш эфектыўнымі ўзмацняльнікамі.

У адрозненне ад вакцын, вырабленых з мРНК ці адэнавірусаў, вакцыны такіх кампаній, як Sanofi-Pasteur і Novavax, утрымліваюць вялікую колькасць вірусных бялкоў.

«Я падазраю, што пратэінавыя ўзмацняльнікі будуць сапраўды добрыя, — кажа доктар Уітлі. — Калі вы прыходзіце ў арганізм з адносна вялікім запасам бялкоў, гэта прыводзіць да даволі надзейнага імуннага адказу».

Нікалас Крэсман, прадстаўнік Sanofi, сказаў, што яго кампанія ўжо далёка прасунулася ў выпрабаваннях сваёй бялковай вакцыны як узмацняльніка для людзей, што ўжо атрымалі іншыя вакцыны.

«Намер палягае ў тым, каб распрацаваць нашу вакцыну як універсальную бустарную вакцыну, здольную павысіць імунітэт незалежна ад першай вакцынацыі», — сказаў ён.

Пакуль не ясна, колькі бустараў ад COVID-19 нам спатрэбіцца, каб атрымаць працяглую абарону. Магчыма, аднаго ўколу будзе дастаткова. Але магчыма, што вакцыну давядзецца ўводзіць кожны год, як ад сезоннага грыпу.

Калі бустары COVID-19 стануць штогадовымі, то стратэгія спалучэння вакцын павінна дапамагчы большай колькасці людзей прайсці імунізацыю.

Так стаяць справы з грыпам. Кожны год вытворцы вакцын вырабляюць новыя партыі прышчэпак ад сезоннага грыпу. Некаторыя з іх уяўляюць сабой інактываваныя вірусы грыпу. Некаторыя ўтрымліваюць жывыя вірусы, занадта слабыя, каб заразіць людзей. Іншыя складаюцца толькі з бялкоў грыпу. Цэнтры па кантролі і прафілактыцы захворванняў не даюць перавагі ніякай з іх, што, сярод іншага, не толькі павышае імунны адказ у людзей, але і змяншае кошт бустараў.

«Любая лепш, чым ніякай!» Інфекцыяніст Мікіта Салавей падрабязна расказаў пра вакцыны. Сабралі галоўнае

Што эфектыўнейшае: «Спутнік» або кітайская вакцына?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0