Пра гэта распавяла ў эфіры «Радыё-Мінск» галоўная доктарка 32-й гарадской клінічнай паліклінікі Ірына Свораб, паведамляюць «Мінск-Навіны».

— Калі чалавеку вельмі дрэнна і ён не ў стане прыйсці ў паліклініку, то трэба выклікаць доктара на дом, — адзначыла І. Свораб. — Гэта значыць патэлефанаваць у паліклініку, і медрэгістратар удакладніць падставу, каб у выпадку чаго накіраваць да чалавека дадому кавідную брыгаду.

Па словах доктаркі, сёння з улікам росту захворванняў на каранавірус у інфекцыйных блоках паліклінік працуюць дадатковыя кабінеты прыёму, асабліва па панядзелках і аўторках. Акрамя таго, дактарам агульнай практыкі, якія працуюць з інфекцыйнымі пацыентамі, дапамагаюць вузкія спецыялісты, якія часова змянілі профіль.

Таксама І. Свораб патлумачыла, што для ўдакладнення дыягназу (гэта тычыцца пацыентаў з падазрэннем на COVID-19) ва ўсіх раёнах горада працуюць кабінеты камп'ютарнай тамаграфіі. Талоны на КТ размяркоўваюць па паліклініках.

— Накіроўваем на КТ усіх, каму гэта сапраўды неабходна, — сказала І. Свораб. — Разам з тым камп'ютарная тамаграфія — гэта сур'ёзная прамянёвая нагрузка на арганізм. А калі ў пацыента нармальная сатурацыя і няма пагаршэння, навошта лішні раз апрамяняцца?

Гаворачы пра амбулаторнае лячэнне каранавіруснай інфекцыі, Ірына Свораб адзначыла, што антыбіётыкі першапачаткова пацыенту не прызначаюць.

— Пры віруснай інфекцыі антыбактэрыяльныя прэпараты не дапамогуць, — падкрэсліла яна. — Таму антыбіётыкі выпісваем, калі ёсць падазрэнне на далучэнне бактэрыяльнай флоры. Асноўнае лячэнне кавіду ў хатніх умовах — гэта багатае піццё, захаванне прон-пазіцыі, прыём гарачка-паніжальных пры тэмпературы большай за 38,5 °С і вітамінаў D, С, а таксама цынку. Дадатковыя прэпараты прызначыць доктар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0