У краіне патрэбна сістэмная кадравая ратацыя, заявіў Аляксандр Лукашэнка 23 ліпеня ў Мінску на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх замежных устаноў.

«На пасады дырэктараў заводаў, міністраў, іх намеснікаў павінны прыйсці маладыя людзі, добра адукаваныя, якія ведаюць сучасную сусветную эканоміку, ініцыятыўныя, чыё мысленне не скавана інерцыяй і стэрэатыпамі мінулага, — падкрэсліў Лукашэнка. — Мы павінны падрыхтаваць і сфармаваць новае пакаленне лідэраў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, урада ў цэлым. Гэта найважнейшая, стратэгічная па сутнасці праекта задача».

Паводле слоў Лукашэнкі, сакратары ў прыёмных дагэтуль кідаюць трубкі тэлефонаў, пачуўшы замежную гаворку. «Як жа мы збіраемся перамагаць на замежных рынках? Чакаць, пакуль яны загавораць па‑нашаму? Тое, што ў краіне патрэбна сістэмная кадравая ратацыя, гэта факт», — заявіў беларускі кіраўнік.

«Мне з вамі з усімі добра, — сказаў Лукашэнка. — З прэм’ер‑міністрам, з міністрам замежных спраў, памочнікамі, пасламі, кіраўнікамі прадпрыемстваў. Вельмі добра і камфортна. Вы ўсе мае дзеці, мае сябры.
Але не будзе выніку — ніводзін з вас не будзе лічыцца ў гэтых спісах. І гэта не таму, што ў мяне характар такі дрэнны. Абсалютна не ў гэтым справа. Час дыктуе такія падыходы. Хочаце працаваць — працуйце, варушыцеся. Хоць да 80 гадоў. Я гатовы з любым працаваць, нягледзячы на ўзрост. Калі няма выніку — пра што можа ісці гаворка?»

«Мы шмат і хораша гаворым пра неабходнасць прыцягнення інвестыцый, праводзім інвестыцыйныя форумы, але мала што рэальна робіцца для стварэння інвестыцыйнай прывабнасці ў краіне», — адзначыў Лукашэнка. Інвестар «вымушаны месяцамі абіваць бюракратычныя парогі, прапаноўваючы свае праекты». «Тыцне прэзідэнт — чыноўнік заварушыцца. Не — значыць не», — канстатаваў беларускі кіраўнік.

Ён заявіў, што ўсе дзяржаўныя структуры павінны мець у інтэрнеце «сайты ў актуальным выглядзе, а не з інфармацыяй пяцігадовай даўнасці». «Зрабіце як уласную візітную картку. Стварыце ў Сетцы твар, які б выклікаў у партнёраў да вас цікавасць. Звярніце ўвагу на інтэрнет‑гандаль. Мы ўжо ў гэтым кірунку спазняемся, а заўтра будзе зусім позна», — падкрэсліў Лукашэнка.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0