Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Колькі школьнікаў хварэе на каранавірус цяпер у Беларусі, афіцыйных звестак няма. Але педагогі і бацькі з розных рэгіёнаў Беларусі расказваюць «Нашай Ніве» пра выпадкі захворвання на каранавірус у школах. Пры чым хварэюць як дзеці, так і настаўнікі.

«Ведаю асабіста двух настаўнікаў і двух дзяцей з пацверджаным кавідам», — расказвае педагог з Маладзечна.

«Я з Кобрына. 20 чалавек з настаўнікаў ужо перахварэлі на кавід, цяпер хварэюць іншыя, вучні таксама. Бывае, на занятках няма паловы класа», — дадае яшчэ адна наша суразмоўца.

«20-я гімназія Мінска. Ёсць інфармацыя пра дзяцей з пацверджаным кавідам. Дакладна ў 8 класе», — расказвае яшчэ адна настаўніца.

«Працую ў школе №1 у вёсцы Копішча (Новая Баравая). Хварэе вельмі шмат настаўнікаў, — гаворыць педагог. — Гісторыкі замяняюць моўнікаў, філолагі вядуць фізіку і матэматыку. Шмат каму з настаўнікаў не адкрываюць бальнічныя, пакуль не прыйдзе вынік ПЛР-тэста, і яны ў гэты час ходзяць на працу.

Масачны рэжым нібыта ёсць, але весці ўрокі ў іх не вельмі зручна, таму ў масках ходзім на нарады альбо ў настаўніцкай. Больш за ўсё дзівіць тое, што ўрад адмяніў масачны рэжым у краіне. Але ў нашу школу едзе камісія, якая будзе правяраць менавіта тое, як мы кантралюем сітуацыю з кавідам.

У кожным класе рэзка павінны з’явіцца тэрмометры, каб вымяраць тэмпературу дзецям, дэзсродкі і іншае. Самае цікавае, што закупленых тэрмометраў хапіла не ўсім, многія настаўнікі вымушаныя купляць іх самі. Як можна адмяняць масачны рэжым, а потым прыязджаць з праверкай па кантраляванні мераў эпідэміялагічная бяспекі?»

Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

«Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя ўвесь час разыходзяцца з магчымасцямі Міністэрства адукацыі»

Калі выпадкі захворвання фіксуюцца ў школах, то чаму да гэтага часу няма ніводнай, якая б перайшла на аддаленае навучанне? Тым больш, што ёсць «Часовыя рэкамендацыі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19». Іх Міністэрства аховы здароўя выпусціла яшчэ да пачатку навучальнага года 2021-2022.

У пятым артыкуле рэкамендацый падрабязна апісаныя дзеянні кіраўнікоў устаноў адукацыі на выпадак рэгістрацыі нават аднаго выпадку захворвання на кавід. У такім разе «арганізуецца адукацыйны працэс навучэнцаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій поўнасцю або часткова на 14 дзён з даты рэгістрацыі апошняга выпадку».

Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

«Так, мы чулі пра гэты дакумент, — расказала «Нашай Ніве» настаўніца з Мінска. — Але адразу было зразумела, што нічога агульнага з рэальнасцю ён не мае. Рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя ўвесь час разыходзяцца з магчымасцямі Міністэрства адукацыі.

Шчыра кажучы, калі прачыталі іх, нават смяяліся, бо ні пра якую дыстанцыйную адукацыйную платформу, якую нам абяцаюць ужо некалькі гадоў, сёння нават гаворка не ідзе. Як у такім разе школа можа арганізаваць дыстанцыйнае навучанне? Пра якія інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ідзе гаворка?

На педсавеце ў пачатку года нам так і абвясцілі: «Магчымасцяў перавесці ахвотных на дыстанцыйнае навучанне ў школе няма — ні фізічных, ні кадравых».

У гэтым жа дакуменце ёсць яшчэ некалькі цікавых акалічнасцей. Да прыкладу, прымаць рашэнне аб пераводзе на дыстанцыйнае навучанне дырэктар павінен з улікам некаторых немалаважных умоў: з улікам «мінімізацыі кантактаў і захавання сацыяльнай дыстанцыі, магчымасцяў укаранення інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій падчас рэалізацыі адукацыйных праграм, наяўнасці кадравага рэзерву пры неабходнасці аператыўнай замены супрацоўнікаў установы».

Фота ілюстрацыйнае

Фота ілюстрацыйнае

Таксама ў рэкамендацыях напісана, што «рашэнне аб пераходзе на навучанне з прымяненнем інфамацыйна-камунікатыўных тэхналогій па 1-4 класах прымаецца па ўзгадненні з бацькамі».

«З улікам гэтых рэкамендацый, кіраўніцтва школы нам абвясціла: інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій і магчымасцяў у нас няма, а ўсё астатняе выконваем. То-бок масачны рэжым і супрацьэпідэміялагічныя меры — наша ўсё. На тым і стаім.

Дарэчы, звярніце ўвагу: дзеянні гэтага дакумента распаўсюджваюцца толькі на верасень-кастрычнік 2021 года.

Напэўна, для другой чвэрці будуць новыя рэкамендацыі. Але, мяркую, яны таксама застануцца фармальнымі. Дакумент, якім кіруюцца адукацыйныя ўстановы — Кодэкс аб адукацыі. А згодна з ім, дыстанцыйнае навучанне ў беларускіх школах не прадугледжана», — разважае педагог.

Юрыст: «Рэкамендацыі не носяць абавязковы характар»

А як гісторыю пра магчымасць пераходу на дыстанцыйнае навучанне паводле дакумента Міністэрства аховы здароўя каментуюць юрысты?

«Рэкамендацыі не носяць абавязковы характар. Простымі словамі, сур’ёзнай юрыдычнай сілы яны не маюць, — гаворыць юрыстка Алена Салаўёва. — Юрыдычную сілу мае Кодэкс аб адукацыі Рэспублікі Беларусь — гэта галоўны адукацыйны дакумент краіны, але, як ужо гучала вышэй, дыстанцыйнае навучанне Кодэксам аб адукацыі Беларусі не прадугледжана.

Затое ёсць Кодэкс РБ аб шлюбе і сям’і. Па ім сям’я і законныя прадстаўнікі дзяцей — у прыярытэце. Яны маюць права выбіраць метады, формы захавання і адукацыі свайго дзіцяці. Каранавірус афіцыйна ўнесены Міністэрствам аховы здароўя ў спіс небяспечных для жыцця захворванняў.

Пра наступны варыянт я ўжо расказвала раней, але агучу яго і зараз, бо нічога новага беларускае заканадаўства нам прапанаваць пакуль не можа. На імя дырэктара школы бацькі могуць напісаць заяву ці апавяшчэнне, зарэгістраваўшы яго ў канцылярыі.

Тэкст можа быць наступны: «Мы, бацькі такога-та вучня такога-та класа, паведамляем, што, згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, маем права на прыярытэтныя рашэнні ў дачыненні да нашых дзяцей. Несучы адказнасць за іх жыццё і здароўе, пакідаем іх дома з такой-та па такую-та дату на каранцін, бо лічым, што эпідэміялагічная абстаноўка ў Беларусі вельмі цяжкая. Навучальную праграму абяцаемся засвоіць самастойна. Дата і подпіс».

Даведка «НН»

У красавіку мінулага года каля 1,5 тысячы беларусаў падпісалі петыцыю за ўвядзенне каранціну ў школах да канца навучальнага года. Мінадукацыі ў адказ заявіла, што дыстанцыйная адукацыя не прадугледжана прававымі актамі і рэкамендавала адукацыйным установам «правесці дадатковыя супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы».

У маі мінулага года крыху больш за 5 тысяч чалавек пакінулі свае подпісы пад петыцыяй за адстаўку Міністра адукацыі Ігара Карпенкі з фармулёўкай «Не справіўся з праблемамі, якія ўзніклі ў выніку пандэміі каранавіруса і не змог укараніць дыстанцыйнае навучанне».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0