Хун Сен.

Хун Сен.

Як было ў пачатку

Калі пандэмія пачалася ў кітайскім Ухані, камбаджыйскі дыктатар пагражаў выганяць з брыфінгу журналістаў, якія носяць маску. «Прэм'ер-міністр не носіць маску, дык чаму ж вы яе носіце?» — спытаў Хун Сен.

Праз некалькі дзён камбаджыйскі дыктатар прызямліўся ў Пекіне і паціснуў руку кіраўніку Кітая Сі Цзіньпіну. Хун Сен стаў першым замежным лідарам, які наведаў Кітай у разгар эпідэміі. Хун Сен тады любым спосабам імкнуўся прадэманстраваць сваё хаўрусніцтва Кітаю, пакуль іншыя краіны імклва спынялі зносіны з ім. Камбаджыйскі прэм’ер хацеў увогуле прыехаць ва Ухань, ахоплены пандэміяй, але кітайскія ўлады пагадзіліся толькі на прыезд у Пекін.

«Што страшнейшае за эпідэмію, дык гэта паніка», — сказаў Хун Сен. Ён адмовіўся эвакуіраваць камбаджыйскіх грамадзян з Кітая і не спыняў авіязносін з Кітаем, у адрозненне ад суседніх краін.

Камбаджыйскі аўтарытарны лідар асудзіў камбаджыйскіх студэнтаў, якія з пачаткам пандэміі вярнуліся дадому з Кітая. Ён нават выказаў здагадку, што Пекін «больш не будзе прадастаўляць стыпендыі» камбаджыйцам у выніку гэтага.

Камбоджа 13 лютага 2020 года прыняла ў сваім порце круізны лайнер «Вестэрдам», які адмовіліся прымаць іншыя краіны пасля прыпынку ў Ганконгу. Хун Сен не проста асабіста вітаў поціскам рукі турыстаў, якія высаджваліся з круізнага лайнера, людзям увогуле загадалі не насіць маскі.

«Інфекцыі тут малаімаверныя, таму што ў нашай краіне занадта горача», — сказала міністр аховы здароўя краіны.

Гэта была надзвычай рызыкоўная стратэгія для Камбоджы, беднай краіны з дрэнным медыцынскім абслугоўваннем і эпіднаглядам.

Хун Сен прымяншаў небяспеку каранавіруса, каб палепшыць сярод камбаджыйцаў свой імідж моцнага палітыка, які нічога не баіцца.

29 студзеня 2020 года Хун Сен абвінаваціў мясцовых рэпарцёраў у тым, што яны празмерна раздзьмулі небяспеку кароны. Калі журналісты сказалі, што некаторыя не давяраюць сістэме аховы здароўя Камбоджы, Хун Сен адразу ж раззлаваўся: «Хто-небудзь з гэтых скептыкаў ужо заразіўся вірусам? Калі не, то адкуль яны ведаюць, што наш урад няздольны справіцца з хваробай?»

Хун Сен заяўляў у тэлезвароце, што сапраўднай хваробай, з якой сутыкнуліся людзі, быў страх, выкліканы недакладнай інфармацыяй у сацыяльных сетках, а не сама карона.

Як пачалі дзейнічаць потым?

Як толькі кавід пачаў распаўсюджвацца ў заходніх краінах, Хун Сен расцаніў каранавірус як сур'ёзную пагрозу, якая патрабуе істотных мер рэагавання. Урад хутка забараніў уезд грамадзянам Злучаных Штатаў, Італіі, Іспаніі, Германіі і Францыі, якія раней часта ездзілі ў Камбоджу на адпачынак.

У канцы сакавіка 2020 года краіна закрыла свае межы, увяла каранцінныя абмежаванні і адмяніла святкаванне мясцовага Новага года.

Яна таксама абвясціла аб пакеце стымулюючых мер і фінансаванні свайго сектара аховы здароўя і атрымала мільёны даляраў замежнай дапамогі.

Камбоджа забараніла нават паездкі між сваімі правінцыямі і адмяніла бязвізавы ўезд для турыстаў, распачала прафесійную інфармацыйную кампанію па павышэнні дасведчанасці аб гігіене і паводзінах падчас пандэміі.

У сваёй барацьбе з кавідам дыктатар пачаў абапірацца на Кітай, краіну, з якой у Камбоджы трывалыя эканамічныя і стратэгічныя адносіны. Усе апошнія гады Кітай укладваў значныя сродкі ў Камбоджу. Кітай быў імпарцёрам камбаджыйскіх тавараў нумар адзін, на долю якога прыпадае 40 адсоткаў усяго імпарту. Пекін рашуча падтрымлівае аўтарытарны ўрад Хун Сена, прапаноўваючы саюзніку дапамогу і інвестыцыі ў абмен на падтрымку Кітая ў тэрытарыяльных спрэчках у Паўднёва-Кітайскім моры.

Хун Сен не проста перастаў ігнараваць кавідную пагрозу, ён вырашыў скарыстацца надзвычайнай сітуацыяй для ўмацавання сваёй аўтарытарнай улады і яшчэ большага кантролю над краінай.

10 красавіка 2020 года парламент Камбоджы прыняў новы закон аб надзвычайным становішчы, які даў ураду шырокія паўнамоцтвы для аховы «нацыянальнай бяспекі і сацыяльнага парадку» з выкарыстаннем арміі, калі гэта неабходна.

Закон раскрытыкавалі праваабарончыя групы, паколькі ён выкарыстоўвае пандэмію для ўзмацнення рэпрэсій супраць палітычных дысідэнтаў і грамадзянскай супольнасці.

Хун Сен аргументаваў двухтыднёвы лакдаўн у сталіцы Камбоджы тым, што краіна знаходзіцца «на мяжы смерці». Парушальнікам лакдаўну давалі штрафы да 5000 даляраў, а таксама вялікія турэмныя тэрміны, урад забараняў любыя сходы і дэманстрацыі.

Урад Камбоджы абвясціў некаторыя раёны сталіцы «чырвонай зонай», у якой людзям было цалкам забаронена пакідаць свае дамы пры любых абставінах, а рынкі і дастаўшчыкі ежы не працавалі. Паліцыя нават прымушала парушальнікаў вяртацца ў свае дамы з дапамогай дубцоў. Каб не галадаць, многія жыхары Пнампеня пакідалі сталіцу і накіроўваліся ў правінцыю.

«Людзі, якія парушаюць антыкавідныя меры, павінны быць асуджаныя», — казаў камбаджыйскі дыктатар.

Турэмныя тэрміны таксама давалі людзям са станоўчым вынікам тэсту, якія адмаўляліся ад медыцынскага лячэння.

Адбываўся пераслед журналістаў і грамадзянскіх актывістаў, якія крытыкавалі ўрад за новыя рэпрэсіўныя законы.

Хун Сен акцэнтаваў увагу на тым, што неабходна забяспечыць вакцынамі супраць COVID-19 усе краіны, асабліва ўразлівыя, і ліквідаваць абмежаванні на перасоўванне медыцынскіх тавараў і паслуг праз межы.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

«Калі я не буду спадзявацца на Кітай, на каго я буду спадзявацца? Калі я не папрашу Кітай, то каго мне яшчэ прасіць?» — заяўляў дыктатар. 

І гэта праўда, бо Кітай — адзіная сіла ў рэгіёне, гатовая дапамагаць сваім хаўруснікам у абмен на вайсковае супрацоўніцтва, і пры гэтым нават заплюшчыць вочы на дыктатуру і парушэнні правоў чалавека.

«Без дапамогі Кітая ў нас не будзе вакцын для нашых людзей», — казаў кіраўнік Камбоджы.

Пастаўкі вакцыны сталі формай дыпламатыі, накіраванай на ўзмацненне ўплыву Кітая ў рэгіёне.

Хун Сен нават не стаў чакаць, пакуль СААЗ сертыфікуе кітайскую вакцыну, ён паверыў Сі на слова, што яна бяспечная, і адразу ж пачаў вакцынаваць сваіх грамадзян.

Чартарны рэйс з першай партыяй кітайскай вакцыны Sinopharm сустракаў у аэрапорце асабіста Хун Сен.

Хун Сен сустракае кітайскую вакцыну.

Хун Сен сустракае кітайскую вакцыну.

Мерапрыемства транслявалася ў жывым эфіры дзяржаўнага тэлебачання, на афіцыйнай старонцы прэм'ера ў сацсетках. У аэрапорце адбылася пафасная цырымонія перадачы вакцын, на якой таксама прысутнічаў пасол Кітая.

Прэм'ер Камбоджы не проста заклікаў людзей, але і сам разам з жонкай публічна атрымаў прышчэпку.

Камбоджа ператварылася ў адну з найбольш вакцынаваных краін у свеце, апярэджваючы ЗША і Брытанію. Гэта пры тым, што ў іншых бедных краінах вакцынавалі ўсяго толькі каля 3% людзей.

Поспеху Камбоджы спрыялі не толькі кітайскія пастаўкі, але і адносна невялікае насельніцтва (16,5 мільёна чалавек), створаны ўрадам эфектыўны і просты план размеркавання вакцын, абавязковасць вакцынацыі для шырокіх слаёў насельніцтва (чыноўнікаў, вайскоўцаў і суддзяў проста звальнялі за адмову ад прышчэпкі).

Апошнія гады краіна шмат інвеставала ў сістэму аховы здароўя. Камбоджа была гатовая да пандэміі і дзякуючы кваліфікаванаму кіраўніцтву і комплекснаму падыходу да праблемы. 

Хаця асноўная частка паставак вакцын была з Кітая, Камбоджа не саромелася атрымліваць і дапамогу ад іншых краін, нават тых, якія яе пастаянна крытыкуюць за парушэнне правоў чалавека (ЗША, Брытаніі, Японіі).

Краіна здабывала вакцыны любымі магчымымі спосабамі: і пастаўкамі з Кітая, і праз дабрачынныя праграмы, і праз глабальны фонд COVAX, і праз прамыя закупкі з шэрагу краін.

Каля 27 мільёнаў з 30 мільёнаў доз вакцын паступілі з Кітая. Хаця інактываваная вакцыны, вырабленыя Sinopharm і Sinovac Biotech, менш эфектыўныя, чым заходнія мРНК-вакцыны Pfizer і Moderna, высокі ўзровень вакцынацыі дапамог істотна знізіць колькасць шпіталізацыі і смяротнасць у Камбоджы, нават нягледзячы на «дэльту».

Якая сітуацыя зараз?

Пнампень з'яўляецца самай вакцынаванай сталіцай у свеце: каля 99% дарослых цалкам вакцынаваны.

Краіна ўвяла хаця б адну дозу вакцыны супраць кавіду 13,7 мільёна чалавекам, старэйшым за 6 гадоў, або 85,6% ад яе 16-мільённага насельніцтва. З іх 13,05 мільёна, або 81,6%, былі цалкам вакцынаваны абедзвюма неабходнымі прышчэпкамі, а 1,83 мільёна, або 11,4%, атрымалі трэцюю дозу.

Камбоджа з 1 лістапада нават пачала вакцынаваць пяцігадовых дзяцей па ўсёй краіне.

Фота Надзеі Бужан.

Фота Надзеі Бужан.

Сітуацыя з кавідам у Камбоджы значна палепшылася пасля вакцынацыі ўсяго дарослага насельніцтва. Яна дазволіла паступова аднавіць эканамічную дзейнасць.

Краіна вяртаецца да нармальнага жыцця ў лістападзе: школы, фабрыкі, рынкі, афіцыйныя ўстановы больш не будуць закрывацца, нават калі адбудзецца новая ўспышка кавіду. Нават калі новая ўспышка хваробы і адбудзецца, амаль усё насельніцтва абароненае вакцынамі ад цяжкага працякання хваробы.

Лакдаўны і іншыя антыкавідныя захады адмянілі, знялі абмежаванні на паездкі на фоне штогадовага традыцыйнага рэлігійнага фестывалю Пчум Бэн. Краіна вяртаецца да нармальнага жыцця і адкрывае аэрапорты для замежных турыстаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0