Фота: depositphotos.com.

У Беларусі прышчапляюць супраць кавіду толькі дарослых. Пры гэтым дзеці і падлеткі часам распаўсюджваюць кавід нават актыўней, чым дарослыя, бо яны больш шчыльна камунікуюць адзін з адным — напрыклад, у дзіцячых садках і школах. Таксама ёсць даныя, што ў цяперашнюю хвалю пандэміі больш дзяцей пачалі хварэць на кавід цяжка.

Выходзіць, што прышчэпка ад кавіду патрэбная дзецям не менш, чым дарослым?

Калі казаць пра афіцыйныя звесткі, то СААЗ сцвярджае — дзеці і падлеткі звычайна хварэюць на кавід не так цяжка, як дарослыя. Таму, калі яны не ўваходзяць у групы рызыкі (напрыклад, праз наяўнасць хранічных хвароб), дзяцей можна вакцыніраваць у другую чаргу.

Пакуль не хапае інфармацыі пра тое, як розныя вакцыны ад кавіду ўплываюць на дзяцей, таму не існуе і агульных рэкамендацый па дзіцячай вакцынацыі. СААЗ сцвярджае, што звычайная прышчэпка ад Pfizer падыходзіць для дзяцей ва ўзросце ад 12 гадоў.

Што з пабочкай? 

Кампанія Pfizer правяла ўласнае даследаванне вакцыны, у якім удзельнічалі 2268 дзяцей. Згодна з працай, дзіцячая прышчэпка ад Pfizer на 91% эфектыўная ў тым, што датычыцца перадухілення сімптаматычнага кавіду.

Некаторыя дзеці мелі пасля вакцыны пабочныя сімптомы, напрыклад, боль у руцэ, ліхаманку ці сверб, а таксама стомленасць, галаўны боль, боль у мышцах ці суставах. Называюць і вельмі рэдкае, але цяжкае ўскладненне ад вакцыны — міякардыт (запаленне сардэчнай мышцы).

Аднак эксперты вырашылі, што плюсы ад вакцынацыі мацнейшыя за рызыку.

Які замежны вопыт?

3 лістапада ў ЗША канчаткова ўхвалілі выкарыстанне прэпарата Pfizer для вакцынацыі дзяцей узростам ад 5 да 11 гадоў. Яны будуць атрымліваць адну траціну ад дозы вакцыны, прынятай для падлеткаў і дарослых. Як і звычайна, вакцынацыя пройдзе ў два этапы, паміж якімі павінна будзе прайсці тры тыдні.

Ухвалення Pfizer у ЗША вельмі чакалі ў Ізраілі — мясцовы ўрад таксама жадае распачаць вакцынацыю дзяцей гэтай прышчэпкай.

У Вялікабрытаніі таксама прышчапляюць дзяцей ад кавіду, праўда, пакуль толькі ва ўзросце ад 12 гадоў. У большасці выпадкаў размова ідзе пра адну дозу вакцыны. Але, калі дзіця знаходзіцца ў групе рызыцы ці жыве з кімсьці, хто часта кантактуе з хворымі на кавід, яно можа атрымаць і дзве дозы прышчэпкі. Аналагічная кампанія вакцынацыі праходзіць у Аўстраліі.

Летам дзіцячую вакцыну ад кавіду пачалі выпрабоўваць і ў Расіі. Размова ідзе пра копію дарослай вакцыны «Спутнік V» — адрозненні будуць толькі ў дазіроўцы. Зараз даследаванні прышчэпкі знаходзяцца на фінальнай стадыі.

Нарэшце, нельга не згадаць Аргенціну — там вырашылі прышчапляць дзяцей ужо з дзіцячага садка. Маленькія аргенцінцы ва ўзросце ад 3 да 11 гадоў змогуць атрымаць прышчэпку кітайскім прэпаратам Sinopharm. 

Мільёнам амерыканцаў дазволілі цуда-тэрапію ад кавіду. Што пра яе вядома?

Цяжарнасць і кавід: вось што варта ведаць

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?