Крызіс, які чакае людзей, будзе падобны да сітуацыі 2015-2016 гадоў, як мяркуе Сяргей Чалы.

«Што важна мець на ўвазе — крызіс абсалютна рукатворны. Ён пачаўся як крызіс легітымнасці як знутры, так і звонку. Цяпер закрытыя рынкі капіталу за выключэннем Расіі. А праблема са знешнім доўгам нікуды не дзелася.

Сродкі трэба недзе знаходзіць, а значыць іх трэба вымаць з эканомікі, што яшчэ больш прыгнятае эканамічную актыўнасць унутры краіны.

Такі парадаксальны крызіс: калі спрыяльныя лічбы знешне маскіруюць абсалютна ненармальную сітуацыю знутры. Пакуль не з’явіцца давер інвестараў да палітыкі, якая праводзіцца, пакуль людзі не перастануць баяцца за свае даходы і зберажэнні, гэты крызіс не можа скончыцца», — кажа ён.

«Спосабаў знайсці грошы, якія не пагоршылі б сітуацыю, зусім няшмат»

Сусветная эканоміка цяпер паказвае бурны рост — 6%. Калі б у беларускай эканоміцы не было хранічных праблем і палітычнага абвастрэння, яна магла б прыбаўляць 7-9%, прыводзіць лічбы Чалы. Сам па сабе гэты крызіс не вырашыцца — якраз праз адсутнасць даверу.

«Улада робіць усё, каб расколваць грамадства на сваіх і чужых. І ў такой сітуацыі немагчыма будаваць добрую эканоміку, сучасную адукацыйную сістэму, ІТ-дзяржаву», — лічыць Алесь Аляхновіч.

У такім выпадку папоўніць бюджэт за кошт павышэння падаткаў і адмены льгот праблематычна.

«Самі чыноўнікі, разглядаючы мэтазгоднасць такога рашэння, як здымаць падатак з адзінай кватэры, унутры сябе прыйшлі да высновы, што ўводзіць яго з пачатку наступнага года не варта, бо сацыяльныя наступствы будуць толькі горшымі, а збяром капейкі. І было прапанавана адкласці гэта рашэнне хаця б да 2023 года.

Спосабаў знайсці грошы, якія не пагоршылі б сітуацыю, зусім няшмат. Могуць быць вар’яцкія ідэі замарозкі ўкладаў, пераўтварэння валютных укладаў у рублёвыя па курсе Нацбанка, але наступствы іх могуць стаць разбуральнымі на доўгія гады», — разважае Чалы. 

«Расія не верыць, што Лукашэнка гэтыя праграмы выканае»

Лукашэнка падпісаў дэкрэт, што зацвярджае саюзныя праграмы з Расіяй. Ці значыць гэта, што новы крэдыт ад Пуціна не за гарамі? Эксперты настроены скептычна.

«На сустрэчы ў верасні Расія паабяцала Беларусі $630-640 млн да канца наступнага года. Гэта менш чым тое, што штогод Беларусь павінна выплачваць Расіі за працэнты і крэдыты.

Калі б гэта інтэграцыя была чымсьці істотным, калі б Расія верыла Лукашэнку, думаю, яна гатова была б падтрымаць яго, каб забяспечыць стабільнасць у эканоміцы. Калі гэтага няма, значыць Расія не верыць, што Лукашэнка гэтыя праграмы выканае», — кажа Аляхновіч.

«Засталося некалькі прынцыповых пытанняў, якія як не былі вырашаны ў 2005-м, так не вырашаны і дагэтуль. Туды проста дадалі некалькі момантаў, якія і так дастаткова відавочныя. Уявіце: у вас ёсць тры невырашальныя пытанні, 27 вырашальных, вырашаеце іх і кажаце, што нечага дамагліся.

Насамрэч ніякага прасоўвання няма. І гэта важны момант. Мы не бачым імкнення да аб’яднання бюджэту, цэнтрабанкаў. Максімум, што там з’яўляецца цяпер, — гэта складана названы спосаб Расіі пазакрываць вялікую колькасць схем, якія дазвалялі нажывацца асобным набліжаным кампаніям у Беларусі, — дзеліцца Чалы. — Не бачу, што ўсур’ёз змяняецца для Беларусі ў параўнанні з усімі папярэднімі гадамі.

Максімум, што Расія можа даць, гэта грошай для таго, каб не здарылася дэфолту па ўсіх папярэдніх даўгах, якія Беларусь ёй вінная. Мінімальны ўзровень падтрымання штаноў — адзінае, што гатова Расія аплачваць. Ніякага развіцця за гэтым не стаіць. Гэта кансервацыя сітуацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0