З сярэдзіны кастрычніка на дзяўчат з камеры №15 пачаўся ціск з боку адміністрацыі: у іх забралі ўсю верхнюю вопратку, якую арыштанткі маглі выкарыстоўваць у якасці матрацаў. Тое, што жанчыны паспелі ўзяць у рукі, забралі і дадалі ў спіс арыштаваных рэчаў. Усё астатняе — у смецце. З 1 лістапада дзяўчынам не давалі туалетную паперу. 

У сувязі з гэтым арыштанткі камеры №15 абвясцілі галадоўку да выканання ўсіх патрабаванняў: вярнуць затрыманым прагулкі, вадзіць у душ, выключаць у камерах святло на ноч, выдаваць усе неабходныя рэчы згодна з нормамі, вярнуць усе рэчы і лекі.

У камеры, акрамя затрыманай 30 кастрычніка журналісткі Ірыны Слаўнікавай, да ўчорашняга дня сядзела і палітзняволеная Анастасія Крупеніч-Кандрацьева, на якую склалі новы пратакол і перавялі з ЦІП ў ІЧУ (за кратамі яна ўжо 111 сутак).

Былыя арыштанткі распавялі, што цяпер адбываецца ў камеры № 15 ЦІП на Акрэсціна, паведамляюць праваабаронцы.

«Адвучу скаргі пісаць». Чаму пачалі ціснуць на жанчын

Як стала вядома праваабаронцам, такую дрэнную рэакцыю ў адміністрацыі ЦІП выклікала нядаўняя скарга на ўмовы ўтрымання адной з былых арыштантак. Падчас «шмону» намеснік начальніка ЦІП заявіў, што скаргі, якія арыштаваныя пішуць пасля вызвалення, не дзейнічаюць. Пры гэтым дадаў, што ўмовы ўтрымання будуць пагаршацца, каб «адвучыць» пісаць скаргі. Таксама ён паабяцаў, што зробіць у камеры толькі сем градусаў цяпла.

Усе гэтыя тыдні ў камеры ладзілі, акрамя двух належных, яшчэ адзін дадатковы «шмон» днём. Гэта распаўсюджвалася выключна на камеру № 15, нягледзячы на тое, што на паверсе была яшчэ адна мужчынская «палітычная» камера.

Падчас гэтага «шмону» забралі ўсе «непатрэбныя», на думку адміністрацыі, рэчы: зубныя шчоткі, пракладкі, лекі. Па словах вызваленых, у мужчын таксама ў сярэдзіне кастрычніка забралі цёплую вопратку.

Дзяўчаты распавядаюць, што ў самой камеры вельмі горача і няма чым дыхаць. Пры гэтым «кармушку» прыадчыняюць часам на тры сантыметры прыкладна на гадзіну-паўтары. Ужо ў канцы месяца «кармушку» перасталі адчыняць наогул. Паводле наглядчыкаў, «паветра затрыманыя будуць атрымліваць падчас прыёму ежы». Калі ж у камеры ноччу станавілася холадна з-за адкрытай кармушкі, то на просьбы зачыніць, каб не прастыць, супрацоўнікі ЦІП адказвалі адмовай. Таксама былыя арыштанткі заўважылі, што раздатчыца перастала выдаваць белы хлеб, хоць яны і павінны даваць яго двойчы ў дзень па 75 грамаў.

У дзяўчат нават забралі медыцынскія маскі, якія яны выкарыстоўвалі ў якасці гумак для валасоў.

Мыла і туалетную паперу арыштанткам даводзіцца выпрошваць

Раней тыя затрыманыя, якіх забіралі з дома, маглі прыносіць з сабой у камеру сродкі асабістай гігіены, ручнікі і ўсе неабходныя рэчы. Цяпер у камеру да жанчын «новенькія» прыходзяць з пустымі рукамі — у ЦІП усё гэта забіраюць. Таму жанчыны да гэтага часу сядзяць без шампуню і зубной пасты. Зубныя шчоткі, бялізна і ручнікі застаюцца ад былых арыштантак. Жанчынам даводзіцца мыць валасы мясцовым мылам — паловай кавалка на дзесяць арыштаваных. Яго, як і туалетную паперу, затрыманым даводзіцца выпрошваць у адміністрацыі. Часам іх не выдаюць два-тры дні запар. А на просьбу выдаць туалетную паперу супрацоўнікі ЦІП прапаноўвалі замест яе выкарыстоўваць свае майкі.

«Тут вам не санаторый». На 10 дзяўчат — чатыры шчоткі, тры бутэлькі вады і сем пракладак

З тумбачак у жанчын забралі ўсе лекі: таблеткі ад прастуды, спрэі для носа і горла, супрацьвірусныя парашкі, смекту. Пры гэтым сказалі: «Тут вам не санаторый, каб вы маглі лячыцца».

Бутэлькі з вадой, якія арыштанткі выкарыстоўвалі для таго, каб памыцца, пагрэцца і папіць, зусім выкінулі, бо, на думку адміністрацыі, іх было зашмат.

Лекі затрыманым фельчар звычайна выдае падчас ранішняга абыходу. Запас таблетак маленькі, а супрацьвірусных няма зусім, толькі парацэтамол, амбраксол, анальгін, валідол і сродкі ад алергіі. Акрамя гэтага, у камерах не дазваляюць захоўваць тыя лекі, якія могуць спатрэбіцца хутка, а каб атрымаць праз фельчара, неабходна шмат часу.

Жанчыны адзначаюць, што ў камеры ў арыштаваных ёсць вошы. Яны з'явіліся яшчэ з верасня, калі ў камеру падсадзілі адразу трох бяздомных жанчын. У кастрычніку ў камеру на 15 сутак падсадзілі вядомую бяздомную Алу Ільінічну (былая сукамерніца Вольгі Хіжанковай, якая шмат распавядала пра яе). Па стане на 3 лістапада ў камеры на дзесяць дзяўчат засталося толькі чатыры зубныя шчоткі, тры бутэлькі для вады і прыкладна сем пракладак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?