Фота Depositphotos.com

Украіна і Pfizer. Кошт адной паездкі — 80-100 еўра

Адзін з самых папулярных варыянтаў для тых, хто не хоча вакцынавацца «кітаем» альбо «Спутнікам», — гэта, канечне, Украіна. Туды не патрэбныя візы, прасцей і танней даехаць. Тураператары прапануюць, як правіла, Кіеў ці Львоў.

Можна паехаць канкрэтна туды-назад толькі па прышчэпку ці можна выбраць пашыраную прапанову: вакцынацыя, а пасля 4-6 дзён экскурсій. Вакцынацыя для беларусаў платная, кошт 55 даляраў.

Сярод плюсаў цэны. За 80-100 еўра можна набыць паездку на 4-5 дзён у Львоў, праезд і дзве ночы ў гатэлі ўваходзяць у кошт.

Мінусы такой прапановы: Pfizer — двухкампанентная вакцына, таму, калі выбіраеце гэтую вакцыну, прыйдзецца плаціць двойчы і ехаць два разы. Да таго ж другую прышчэпку многія пераносяць даволі цяжка, таму адзін-два дні можа і прыйдзецца ляжаць у ложку з тэмпературай, а не хадзіць па рэстаранах ці музеях.

Таксама насцярожвае перасячэнне мяжы — выезд з краіны праз наземныя пункты пропуску абмежаваны для беларусаў, а паездка на аўтобусе. Але ж у турфірме кажуць: аформяць дакументы, што чалавек едзе ў камандзіроўку. Праз гэта па вяртанні не трэба будзе сядзець на каранціне.

«Не хвалюйцеся, усё легальна, людзі так ездзяць», — запэўніваюць арганізатары тураў.

Таксама ёсць тонкі момант з сертыфікатам — па правілах, яго выдаюць украінцам, якія маюць індывідуальны падатковы нумар. Але тураператар кажа, што сертыфікат будзе «такі, як трэба, з кодам і ўсім іншым».

Польшча. 800 еўра за адзін раз

Іншы варыянт — прышчэпка ў Варшаве. Тураператар прапануе авіятур са стыкоўкай праз Маскву. 

Але кошты дзікія: каля 450 еўра за авіябілеты плюс 350 еўра турфірме за арганізацыю паездкі, хоць прышчэпка ў Польшчы нават для беларусаў бясплатная.

Калі баіцеся, што стане кепска, ноч у Варшаве правесці можна. Тураператар дапаможа забраніраваць нумар, але трэба будзе даплаціць: самы танны гатэль ад 35 еўра.

Зноў жа, калі хочаце Pfizer, ехаць трэба двойчы, адпаведна такая прышчэпка абыдзецца аж у 1600 еўра.

Але ёсць і плюсы. Турфірма дапамагае зрабіць візу, калі ў вас яе няма (трэба даплаціць каля 250 рублёў). Таксама ў Варшаве вам адразу выдадуць еўрапейскі сертыфікат аб вакцынацыі.

Турцыя. Вакцынацыя абыдзецца ў 570 еўра

Адзін з тураператараў прапануе «вакцынны тур» аж у Стамбул па Pfizer ці Johnson & Johnson. Цана — 850 рублёў плюс авіябілеты (ад 270 еўра). У паслугу ўваходзяць медстрахоўка, трансферы з аэрапорта ў медустанову і гатэль, рускамоўны асістэнт падчас вакцынацыі і адна ноч у трохзоркавым гатэлі. 

Плюсы — легальнасць. На выезд закрытыя толькі наземныя межы, самалётам вылятаць з Беларусі пакуль яшчэ можна, хоць і няшмат куды.

Таксама беларусам не патрэбная віза ў Турцыю.

Мінусы таксама ёсць. Па-першае, зноў жа кошт: па Pfizer трэба ехаць два разы, таму памнажаем суму на два. Па-другое, афіцыйны сертыфікат дадуць, але, як адзначае сам тураператар, ён не падыходзіць для Еўрапейскага прыкладання GREEN PASS.

Таму, калі вам пасля «ехаць на Захад інструкцыі атрымліваць», вакцынацыя ў Стамбуле не вельмі падыходзіць.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?