Віцэ‑прэзідэнт ЗША даў інтэрв’ю газеце «Уол‑стрыт джорнал» па выніках свайго падарожжа ў Грузію і Ўкраіну. У ім ён падсумаваў палітыку новай амерыканскай адміністрацыі ў дачыненні да Расіі і Ўсходняй Еўропы.

Ён адзначыў, што эканоміка Расіі «ссыхаецца», і выказаў думку, што гэтая тэндэнцыя вымусіць гэтую краіну пайсці насустрач Захаду па цэлым шэрагу пытанняў нацыянальнай бяспекі, у тым ліку ў справе ўплыву на краіны былога СССР і скарачэння атамнага арсеналу.

На думку Байдэна,

бязладдзе ўнутры Расіі будзе галоўным чыннікам, які будзе вызначаць замежную палітыку Расіі ў будучыні. «Думаю, мы моцна недаацэньваем руку, якую трымаем», сказаў ён.

«Расеі прыйдзецца пайсці на вельмі цяжкія, пралічаныя рашэнні», — сказаў Байдэн. «У іх скарачаецца насельніцтва, у іх эканоміка ссыхаецца, у іх банкаўскі сектар і [інфра]структура такія, што 15 гадоў не вытрымаюць, яны ў такой сітуацыі, што свет мяняецца хутчэй за іх, а яны чапляюцца за тое ў мінулым, чаго яны ўтрымаць няздольныя».

Гэта былі самыя рэзкія заявы высокага чыноўніка з Вашынгтону ад часу візіту Абамы ў Маскву. Як вядома, адміністрацыя Абамы заявіла пра сваё жаданне перазагрузіць адносіны з Масквой. Тое самае на пачатку свайго прэзідэнцтва спрабавалі ажыццявіць Клінтан і Буш, аднак гэта мала што дало.

Байдэн у сваім інтэрв’ю не міндальнічае. На ягоную думку,

Масквой сёння кіруюць не «абсалютныя ідэолагі з сярэднім інтэлектам, якія чапляюцца за тое, у што ніхто не верыць. Гэта канкрэтныя прагматыкі, урэшце».
Таму рэаліі сённяшняга свету прымусяць Маскву падтрымліваць Захад у найважнейшых пытаннях: «Я магу сабе ўявіць, як сядзіць Пуцін у Маскве і кажа: «Божа мой, у Ірана будзе бомба, і да каго яна першага [даляціць]?» Да Масквы, не да Вашынгтона».

Байдэн не выключае, што,

нягледзячы на эканамічныя і геапалітычныя праблемы, Расія ў кароткатэрміновай перспектыве можа быць ваяўнічай.
На ягоную думку, лідэры Расіі паступова ўсведамляюць змяншэнне ролі Расіі ў свеце, але ЗША трэба праяўляць асцярожнасць, не выпячваючы сваю перавагу. Ён узгадаў словы свайго бацькі: «Не заганяй другога ў куток, з якога адзіны выхад — паўз цябе».

Словы Байдэна сведчаць, што адміністрацыя Абамы мяркуе, што баланс сілы ў адносінах з Расіяй цалкам схіліўся на бок ЗША і таму Вашынгтон зможа пераканаць Маскву скараціць атамныя арсеналы, зменшыць ціск на маладыя дэмакратычныя дзяржавы, што паўсталі на межах Расіі і супрацоўнічаць у пытаннях Ірану і Паўночнай Карэі.

«З гэтым цяжка звыкнуцца — што імперыю страцілі, — прызнаў Байдэн. — Што, на іх раптам найшло прасвятленне і яны заракліся: «Гэй, ты, мы больш не будзем суседзям пагражаць»? Не. Яны не могуць гэтага вынесці».

Спробы Масквы зацугляць постсавецкія краіны, выкарыстоўваючы ў якасці пагрозы пастаўкі энергарэсурсаў, праваліліся, заявіў Байдэн.
Спрэчкі з Украінай толькі прыспешылі стварэнне праекту «Набука».

У выніку ўнутранага бязладдзя ў Расіі зменшылася здольнасць Масквы ўплываць на падзеі ў краінах былога СССР, якія, у рознай ступені, дабіваюцца большай незалежнасці ад Масквы.

Расія трымае тысячы вайскоўцаў у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, двойчы за тры гады адключала газ Украіне.

«Нягледзячы на гэтую дэманстрацыю сілы, нават такі поўны пратэктарат Расіі як Беларусь паказваў прыкметы таго, што ўстае на дыбкі ад [палітыкі] Масквы.
(«even a close Russian protectorate such as Belarus has shown signs of bucking Moscow recently».)

Гэта была адзіная згадка пра Беларусь у інтэрв’ю.

«Многія з нас забываюцца, што ніхто з гэтых хлопцаў не вырас у сістэме, дзе выконваліся падставовыя нормы дэмакратыі. Я маю на ўвазе дэмакратыю ў сваёй аснове — не толькі фармальныя праявы дэмакратыі», — заявіў Байдэн, адказваючы на пытанне пра цяжкасці з развіццём дэмакратыі ў краінах Усходняй Еўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?