«Дармаеды — нашыя ворагі»

Дармаедаў вышуквалі яшчэ ў сталінскія часы. Пасля вайны трэба было ўдарнымі тэмпамі падымаць краіну, таму кожны, хто ў гэтым не ўдзельнічаў, успрымаўся варожа.

Мікіта Хрушчоў, які тады кіраваў савецкай Украінай, пісаў Сталіну, што трэба больш строга прыцягваць да адказнасці тых, хто не хоча далучацца да грамадска карыснай працы.

Хрушчоў лічыў, што на грамадскіх сходах трэба абмяркоўваць кожнага такога чалавека і выносіць прысуды, каб адсяляць за межы рэспублікі «найбольш небяспечныя элементы», сярод якіх былі дармаеды, бадзягі і прастытуткі.

Ва Украіне ў 1948-м выдалі адпаведны ўказ, але вынікі былі несуцяшальнымі: выселеныя «элементы» норму не выконвалі, пакідалі даўгі ў дзяржарганізацыях, куды іх кідалі на прымусовыя працы. 

Але ўлады не адмаўляюцца ад ідэі пераследаваць людзей, што не працуюць. З’яўляюцца заклікі да стварэння народных дружын, якія павінны «ачысціць вуліцы ад антыграмадскіх элементаў». Набывае папулярнасць лозунг «Тунеядцы — наши враги. Хлеб трудовой от них береги!»

У 1961 годзе выходзіць пастанова ЦК «Аб дадатковых мерах па ўмацаванні працоўнай дысцыпліны». І пачынаецца сапраўднае паляванне на дармаедаў. У працоўны час у крамах, кінатэатрах і іншых грамадскіх месцаў з’яўляюцца аблавы, мэта якіх знайсці дармаедаў і прагульчшыкаў.

Даходзіла да таго, што на дзённых кінасеансах пасярод прагляду спынялася стужка, запальвалася святло, і кожны глядач павінен быў патлумачыць, чаму ў гэты час ён не на працы.

Парушальнікаў дастаўлялі ў міліцыю. Даставалася і школьнікам, якія прамянялі заняткі на кіно. Іх участковыя вярталі ў школу, бацькам абавязкова паведамлялі аб прагуле. 

Пераслед дармаедаў суправаджаецца калектыўным асуджэннем, гэтаму прысвечаныя і артыкулы ў газетах (з падрабязным апісаннем рэальных гісторый), і фільмы, і мноства плакатаў.

У Канстытуцыі 1963 года было замацавана наступнае: праца ў СССР з'яўляецца абавязкам і справай гонару кожнага здольнага да працы грамадзяніна па прынцыпе «хто не працуе, той не есць» (цытата — адсылка да Леніна, у сваіх артыкулах ён даволі часта згадваў яе ў фармуляванні асноў камунізму). 

Проста параўнайце, як паняцце «працы» гучыць у Канстытуцыі Беларусі: «грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і працы ў адпаведнасці з прызначэннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх запатрабаванняў, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы.

Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбаў, а таксама дапамога па беспрацоўю ў адпаведнасці з законам.

Прымусовая праца забараняецца, акрамя працы або службы, якая вызначаецца прысудам або ў адпаведнасцi з законам аб надзвычайным i ваенным становiшчы».

Але калі вярнуцца да рэальнага жыцця, варта дадаць, што ў Беларусі па-ранейшаму існуе абавязковае размеркаванне маладых спецыялістаў, хранічна хворыя на алкагалізм і наркаманію пры накіраванні ў ЛТП абавязаныя працаваць — праваабаронцы крытыкуюць такі падыход, адносяць гэтай да прымусовай працы.

У пошуках ж дармаедаў беларускія ўлады змянілі рыторыку і апошнім часам кажуць, што насамрэч гэта пошук сацыяльнай справядлівасці і спробы паспрыяць працаўладкаванню кожнага чалавека. 

Каго лічылі дармаедам і што за гэта пагражала?

Але вернемся ў савецкія часы. Каго ж лічылі тады дармаедам? Грамадзянам, якія адмаўляліся працавалі і жылі на «непрацоўныя даходы» чатыры месяцы запар прысвойвалі абрэвіятуру БОРЗ (па-руску — без определенного рода занятий), хутка іх пачалі называць проста «барзымі».

Гэта слоўца і сёння ёсць у нашым лексіконе. Што праўда, цяпер так называюць занадта нахабных людзей, а тады гэта азначала чалавека, які не хоча працаваць. Выключэнне рабілі толькі для жанчын, якія выхоўвалі малых дзяцей. 

Да іх прымяняліся такія меры ўздзеяння, як абмеркаванні і разборы на сходах грамадзян і ў працоўных калектывах, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, самай жорсткай мерай была крымінальная адказнасць у выглядзе пазбаўлення свабоды да аднаго года, а калі чалавека паўторна судзілі за гэта, — ужо да 2 год калоніі (арт. 204 КК БССР).

У 1965 годзе хваля пераследу спадае, быць беспрацоўных па-ранейшаму лічаць лайдакамі і ўсяляк прыніжаюць, але аблавы патрохі прыпыняюцца. 

Самы вядомы савецкі дармаед стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі

Новы віток распачынаецца ў 1980-х, калі ўладу ў свае рукі бярэ чэкіст Андропаў, аблавы ўжо набываюць ягонае імя — «андропаўскія». І зноў «кантралёры» пацягнуліся ў крамы, кінатэатры, цырульні і лазні.

Спісы недабранадзейных складалі і перадавалі на прадпрыемствы, каб чалавек пасля пры ўсім калектыве тлумачыў, чаму не быў на працоўным месцы, і гэта калі яно ў яго яшчэ ёсць.

Тыя ж, хто працы не меў па-ранейшаму рызыкавалі адправіцца на нары. Каб пазбегнуць такога лёсу, многія ўладкоўваліся хоць куды, каб толькі фармальна лічыцца занятым, каб мець хоць некалькі працоўных гадзінаў на сваім рахунку.

Так, вядомы музыкант Віктар Цой пайшоў качагарам у кацельную, каб не загрымець па артыкуле.

Хаця самы вядомы савецкі «дармаед» — гэта канечне пісьменнік і Іосіф Бродскі. У 1964 годзе яго асудзілі да прымусовай працы на пяць год у Архангельскай вобласці. Ён адбыў паўтара — скарацілі тэрмін, дзякуючы заступніцтву ўплывовых калег, сярод якіх былі Ганна Ахматава, Карней Чукоўскі, Канстанцін Паўстоўскі.

Той працэс суправаджаўся цкаваннем у савецкай прэсе.

Суддзя, які вынес яму тэрмін, усё распытваў, а хто сказаў Бродскаму, што той можа пісаць вершы, хто пацвердзіў ягоны талент і чаму нельга сумяшчаць гэта з работай на заводзе. Праз 23 гады пісьменнік атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. 

Прыкладаў, калі ў дармаеды запісвалі творчых людзей, дысідэнтаў, нямала. Так справы набывалі палітычны характар.

Са смерцю Андропава аблавы спыніліся, але закон, што дазваляў пераслед, захоўваўся да 1991-га, то-бок праіснаваў 30 год.

І толькі ў Беларусі часткова вырашылі вярнуцца да савецкай практыкі. Людзей, што не працуюць, пакуль не прыцягваюць да адказнасці, але ўжо караюць рублём — спачатку «падаткам, цяпер на камунальных паслугах. 

Паглядзіце, што можна знайсці на сайце Адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска:

«На вялікі жаль, у цяперашні час зноў з'явілася нямала грамадзян, якія на працягу доўгага часу жывуць на непрацоўныя даходы, ухіляюцца ад грамадска карыснай працы, не прыносяць грамадству ніякай карысці, — словы належаць пракурору Аляксандру Гурыновічу, які пералічвае, што ў грамадстве нямала тых, хто не працуе, але карыстаецца «бясплатнымі плюшкамі» ад дзяржавы. — Відаць, надышоў час на законных падставах прымусіць такіх людзей — «дармаедаў» — працаваць, а хто не хоча працаваць — прыцягваць да адказнасці. Усе разам мы павінны сказаць «дармаедству» не!»

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?