Лявон Вольскі. Дарог ты прагнуў. Вось — дарогі…

І ўжо не радуюць дарогі…
Канае шэры панядзелак.
Спічасты строй гатычных елак
І ў небе маладзік двухрогі.
Што нам ад лёсу засталося?
Параскіданае калоссе,
І серп, і молат,
Дуб і жолуд.
Чужы чамусьці грэе холад,
А цеплыня свая не грэе.
Ты — пераможца латарэі
«Грын кард». Стаіш — і жарту варты.
Раздаў махляр пароўну карты.
Ты думаў: выйграю, я ўпарты!
Але — ну, хто табе дазволіць?!
Там Купалінка ручкі коліць,
Там на райцэнтраўскіх сцяжынках
Сляды заўчорашніх Дажынак,
Там — не сваё і не чужое,
Перажагнанае імжою,
Перажаванае камбайнам…
Даносіць вецер гукі дайнаў.
Дарог ты прагнуў. Вось — дарогі.
Ідзі! Няма ранейшых межаў.
Спічасты строй гатычных вежаў
І ў небе Іскандэр двухрогі.

Андрэй Хадановіч. Я хацеў бы спаткацца з вамі на волі…

З думкай пра імянінніка Аляксандра Фядуту — і многіх яшчэ.

* * *

Я хацеў бы спаткацца з вамі на волі
ў ціхі вечар, яшчэ да Калядаў.
З парку горкага пекла — не шчэрыцца болей
трыдзявятае кола агляду.
Новым імем віталі б знаёмую плошчу
на шляху да знаёмага бара.
Вашым жартам і смеху наперад зайздрошчу,
бо ўсміхацца зноў будзе да твару.
За сталом бы прасветленым сейбітам
шчодра сыпалі мудрасць і веліч.
Анекдот заплятаўся ў эсэ бы там…
Цар-царэвіч… пароль Караткевіч…
А на плошчы, падобнай да Плошчы Свабоды,
новым вершам, падобным да верша,
праспявалі б усё, чаго праглі заўсёды, —
што яшчэ праспяваем…
Цяпер жа —
лістапад замятае паштовыя скрыні,
ліст заблытаўся ў павуціне…
Дождж на вейках, над скронямі леташні іней…
Я пішу затрыманай краіне.

3.11.2021

Антон Рудак. Год у падполлі

і не заўважыш як сэрца тваё ператворыцца на дыктафон
столькі старонак што стомішся ўсё перамотваць і перагортваць
паміж мантажнымі меткамі ты толькі сведка нібыта фон
проста топ-сто пастановак дзе можна камфортна прыкінуцца мёртвым

ёсць істоты ў якіх акрамя глістоў анічога больш не жыве
неістотная колькасць тваіх лістоў у гісторыю каб застацца
ты забудзешся болей чым ведаў і бедаў нямала ў тваёй галаве
будзеш не чалавек а архіў-музей літаратуры й мастацтва

ходзіш як бежанец ля галерэі і грэешся ад цыгарэт
недзе даўно ўжо цябе зачакалася вечна свабодная каса
гуманітарыю грэх наракаць і на той і на гэты свет
ave maria but our princess is in another castle

наша жыццё рыхтавала і не да такога ты проста палову праспаў
помніш у школе таксама рабілі наморднікі з ваты і марлі
словам захоўвай спакой і пры кожнай нагодзе сарвацца лічы да ста
першы наш год у падполлі мінае паволі палёт нармальны

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?