Каля 900 юнакоў і дзяўчат бяруць удзел у малітоўнай сустрэчы моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая адкрылася 25 ліпеня ў гарадскім пасёлку Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці, паведаміў БелаПАН ксёндз-натарыус архідыяцэзіі Юрый Санько.

Паводле яго слоў, напярэдадні ў Івянцы завяршылася праца «Музычнай майстэрні», у якой з 20 ліпеня бралі ўдзел прыхільнікі касцельнай музыкі. У канцэртную праграму былі ўключаны спевы, гульня на музычных інструментах і тэатральная пастаноўка.

Раніцай 25 ліпеня двухдзённую сустрэчу, прысвечаную таінствам хрышчэння і канфірмацыі, адкрыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, які ў гэты дзень адзначаў 20-годдзе біскупскага пасвячэння.

«Бог абраў вас, каб вы ішлі і неслі Евангелле ў свет!» — звярнуўся арцыбіскуп да маладых людзей
і папрасіў іх з карысцю для душы правесці час сумеснай малітвы. Падчас сустрэчы з мітрапалітам юнакі і дзяўчаты ўздымалі пытанні хрышчэння і канфірмацыі, кахання і сям’і, а таксама выдання каталіцкай літаратуры, сказаў ксёндз Юрый.

Удзельнікі сустрэчы, якая праводзіцца па ініцыятыве арцыбіскупа Кандрусевіча, паклоняцца рэліквіям благаславёнага ксяндза Міхала Сапоцькі — духоўнага настаўніка сястры Фаусціны Кавальскай і абразу Ісуса Міласэрнага. Перэгрынацыя гэтага абраза аўтарства беларускага жывапісца Фелікса Янушкевіча праходзіць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з 19 красавіка па 23 жніўня. У жніўні абраз завершыць вандраванне па ўсіх абшчынах дыяцэзіі, месцах пазбаўлення волі і бальніцах, каб заняць сваё месца ў Мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?