Канкурэнцыя — шэсць рэзюмэ на вакансію. Але не для студэнтаў і юрыстаў

Якіх вакансій цяпер найбольш? Чвэрць усіх прапаноў — у галіне продажаў. Каля 16% вакансій — для ІТ, 13% — для рабочага персаналу, 10% — у транспарце і лагістыцы, 9% — на вытворчасці. Такія лічбы прыводзіць даследчы цэнтр rabota.by. Усяго на сайце цяпер 30,5 тысячы вакансій.

Сярод суіскальнікаў шмат студэнтаў ці спецыялістаў без вопыту (22,5% ад усіх). Хапае рэзюмэ ад «прадажнікаў» (14%), работнікаў транспарту і лагістыкі (амаль 7%), айцішнікаў (каля 7%), бухгалтараў і адміністрацыйнага персаналу (па 6%). 

З пачатку года канкурэнцыя знізілася. Калі ў студзені на адну вакансію прыпадала дзевяць рэзюмэ, то ў верасні — шэсць. Найбольшая канкурэнцыя сярод маладых спецыялістаў: на адно месца прэтэндуе амаль 19 чалавек. 

Складана знайсці працу юрыстам: у гэтай сферы амаль 13 рэзюмэ на вакансію. Летась было яшчэ горш, калі сітуацыю ўскладніла эпідэмія. Юрысконсультам наймальнікі гатовы плаціць ад 625 да 1500 рублёў.

А вось у ІТ канкурэнцыя падае. У трэцім квартале на адно месца было 2,5 рэзюмэ. Самыя запатрабаваныя ў гэтай сферы — QA інжынеры, frontend распрацоўшчыкі, распрацоўшчыкі на PHP і Java, проджэкт-менеджары.

Што да заробкаў, то спецыялістам сярэдняга ўзроўню прапануюць у асноўным ад 1100 да 2250 даляраў, вышэйшага — ад 1500 да 3500.

Вакансій з заробкам большым за 1600 рублёў — толькі 1,6%.

Дзяржаўная служба занятасці кажа пра 99 тысяч вакансій у краіне. Амаль 65% з іх — па рабочых прафесіях.

Каго шукаюць найперш? У Мінску гэта прыбіральшчык, медсястра, доктар, спецыяліст па арганізацыі закупак і кухар.

«Кавідныя надбаўкі плацяць, але людзі ўсё роўна сыходзяць». Некаторыя беларускія бальніцы і паліклінікі шукаюць па 100 і больш спецыялістаў

Ва ўсіх абласцях патрэбны медыкі, кіроўцы і трактарысты-машыністы. У Мінскай вобласці шмат вакансій таксама для падсобных рабочых і грузчыкаў, у Гродзенскай — для прыбіральшчыкаў. На Брэстчыне і Гомельшчыне неабходны швачкі, на Магілёўшчыне і Віцебшчыне — прадаўцы.

Праблемнымі раёнамі лічацца Браслаў, Паставы, Шуміліна, Сянно і Ганцавічы. Іх жыхарам складаней за ўсё знайсці працу.

Калі глядзець на грошы, якія прапануюць, то кожная пятая вакансія ў краіне — з заробкам да 500 рублёў. Ад 1000 да 1500 рублёў — 18% прапаноў. Вакансій, дзе абяцаюць плаціць больш за 1600 рублёў, — толькі 1,6%.

Лавіна попыту на айцішнікаў і спецыялістаў па продажы абсталявання

«Цяпер рынак на пад’ёме. Гэта добры шанц для кандыдатаў знайсці высокааплатную працу», — кажа дырэктарка кадравага агенцтва «Квадрат» Святлана Карасцялёва.Кадравае агенцтва ахоплівае не ўсе прафесіі, падбірае адміністрацыйны персанал і кіраўнікоў, таму мае карціну толькі па гэтых спецыяльнасцях у ІТ, гандлі, транспарце, сферы паслуг. 

Карасцялёва бачыць у пад'ёме рынку працы некалькі прычын — ажыўленне нашай эканомікі, выхад з пандэмійнага крызісу ў свеце, сезоннасць (увосень звычайна больш актыўна набіраюць работнікаў). Адбіваецца і тое, што многія спецыялісты з’ехалі за мяжу, і на іх месцы шукаюць замену. Айцішнікаў кампаніі разбіраюць вельмі хутка.

«На іх заўсёды шалёны попыт. І прагноз такі, што ён будзе расці да бясконцасці.

Кажуць, што 17% спецыялістаў з’ехалі, яшчэ частка працуе на замежных працадаўцаў. Не так шмат застаецца тых, хто гатовы працаваць на беларускія кампаніі. Таму на іх лавіна попыту, прычым з павышэннем па заробку на 30-50%.

Пераманіць добрых спецыялістаў практычна немагчыма: у кожнага бывае па 5-7 джобофераў (прапаноў аб працы) ад розных кампаній, — расказвае пра тэндэнцыі Святлана Карасцялёва. — Таксама масавы попыт на спецыялістаў у галіне продажаў.

Часцей патрэбны тыя, хто валодае англійскай мовай і мае тэхнічную адукацыю, бо размова ідзе, напрыклад, пра продаж абсталявання, прадукцыі машынабудавання. Але змяншаецца попыт на спецыялістаў, якія прадаюць цукеркі, памперсы, адзенне — імі перанасычаны рынак.

Неабходны спецыялісты па падборы персаналу. Гэта як люстэрка стану рынку працы. У асноўным шукаюць ІТ-рэкруцёраў. Хоць у рэальным сектары эканомікі такія спецыялісты цяпер таксама запатрабаваныя.

Павышаецца попыт на спецыялістаў у сферы дыджытал-маркетынгу. Гэта даніна часу, модны кірунак, бо ўсе пераходзяць у рэжым анлайн. Цяпер шмат тых, хто прайшоў такія курсы, але таленавітых вельмі мала, 5-7%, напэўна. Там наступная тэндэнцыя: калі чалавек паспяховы пасля курсаў, ён сыходзіць у фрыланс ці адкрывае сваё агенцтва».

Кампаніі шукаюць таксама кіраўнікоў — камерцыйных дырэктараў, дырэктараў па маркетынгу, па персанале.

«Вялізная колькасць працадаўцаў хацела б, каб заробак быў 200-300 рублёў плюс працэнты»

Якіх работнікаў на біржы зашмат? Гэта перакладчыкі, псіхолагі, эканамісты-менеджары, бухгалтары. Спецыялісты не зарабляючых падраздзяленняў цяпер не надта запатрабаваныя, бо заробкі, якія ім давядзецца плаціць, рэальныя, а грошай яны не прыносяць.

Будаўнічая галіна — у катастрафічнай сітуацыі, лічыць Святлана Карасцялёва. 

«Шмат спецыялістаў вызваляецца, у тым ліку топ узроўню. Я нядаўна шукала людзей на пасады галоўнага інжынера, дырэктара будаўнічай кампаніі. Здзіўляе, што заробкі для гэтага ўзроўню людзі называюць капеечныя — ад 2500 рублёў. Самы дарагі спецыяліст захацеў пяць тысяч рублёў — для пасады дырэктара гэта вельмі нізкая планка ў параўнанні з тым, што было некаторы час таму, калі быў бум на такіх спецыялістаў, Тады называлі заробкі не ніжэйшыя за пяць тысяч даляраў».

Запатрабаванасць прафесіі не заўсёды азначае высокі заробак. Калі за айцішнікаў гатовы выкладаць вялікія грошы, то, напрыклад, менеджараў спрабуюць наняць за капейкі.

«Што тычыцца менеджараў па продажах, мы бяром у працу вакансіі, дзе заробак прапануецца не ніжэйшы за 1000 рублёў фіксаваная частка плюс прэмія, бонусы.

Вялізная колькасць працадаўцаў хацела б, каб заробак быў 200-300 рублёў плюс працэнты.

Мы вымушаны казаць ім, што такіх спецыялістаў знайсці немагчыма. Гэта будзе недаспецыяліст. Плюс ёсць нейкі мінімальны пражытачны мінімум. Мне складана ўявіць хлопца, у якога ёсць сям’я, двое дзяцей, і ён будзе працаваць на такіх умовах. Я лічу, што 1500-2000 рублёў — нармальны ўзровень заробку для менеджара па продажах без усякіх наваротаў тыпу ведання замежнай мовы. 

У ІТ у залежнасці ад пазіцыі заробак у разы адрозніваецца.

Калі мы кажам пра джуніяраў (малодшых спецыялістаў), там ён можа пачынацца з 500 даляраў. І на гэтыя грошы праграмісты без вопыту працы ахвотна пагаджаюцца, каб зачапіцца і трапіць у галіну, бо пасля хутка пачнецца рост па заробку.

На пасадзе сеньёра (старшага спецыяліста) заробак пачынаецца ад 3000-3500 даляраў».

***

Калі вы шукаеце працу ці шукалі яе з цяжкасцямі, напішыце, калі ласка ў наш тэлеграм-бот — @nasa_niva_bot.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0