Фота БелТА

Фота БелТА

Мы пацікавіліся ў Гродзенскім аблвыканкаме, якую дапамогу яны аказваюць мігрантам на мяжы. У прыёмнай кіраўніка спраў адказалі, што такія пытанні не да іх — гэтым займаецца ўпраўленне ўнутраных спраў вобласці.

Беларускі Чырвоны Крыж учора і сёння быў у прыгранічнай зоне і выдаваў мігрантам гуманітарную дапамогу. Гэта пітная вада, хлеб, кілбасы, тушонка, прысмакі, яблыкі, а таксама цёплае адзенне, коўдры і гігіенічныя наборы.

Фота redcross.by

Фота redcross.by

Ці звярталася арганізацыя да мясцовых уладаў з прапановай змясціць людзей на час халадоў у прытулак?

«Па пытанні іх змяшчэння дакладнай інфармацыі няма. Пытанне комплекснае і патрабуе прапрацоўкі, каардынацыі сіл і рэсурсаў як нашых, так і нашых партнёраў.

На гэты момант мы рэагуем на бягучыя жыццёвыя патрэбы людзей, якія знаходзяцца на мяжы», — пракаментавалі ў прэс-службе.

А што дэпутаты? Мы набралі Алега Гайдукевіча.

— Я два дні буду ў Гродне заўтра-паслязаўтра, хачу асабіста вывучыць сітуацыю на мяжы.

— Вы толькі пагаварыць ці дапамогу перадаць?

— І дапамогу. Партыя вязе яе. І гэта не першы раз, мы заўсёды дапамагалі. Цёплае адзенне, малако — вязём, што можам.

— Вы як дэпутат не падымалі пытанне, каб людзей засяліць часова?

— Так яны не хочуць! Яны хочуць туды, у Германію. Трэба тэрмінова адкрываць гуманітарны калідор і запускаць іх, як належыць. Яны не хочуць жыць у Беларусі! Калі б хацелі, іх бы ўжо даўно засялілі.

Дэпутат выказаўся таксама наконт меркаванняў, што ўлады шантажуюць Захад мігранцкім крызісам.

«Самы вялікі міф, што мы хочам нейкіх перамоў дабіцца. Ніякіх перамоў — запомніце мае словы — з любой краінай Еўропы па ўнутраным парадку Беларусі ніколі не будзе. Ні праз месяц, ні праз год, ні праз два.

Унутраную павестку мы будзем абмяркоўваўць толькі з народам Беларусі. Іншы дыялог будзе — будзем абмяркоўваць міграцыю, знешнюю палітыку, экалогію. Унутраныя пытанні — забудзьцеся!»

А гэтым часам. Як рэагуе на мігранцкі крызіс прадстаўніцтва ААН у Беларусі?

У ААН ёсць цэлае Агенцтва па справах бежанцаў. Магчыма, ААН нейкім чынам дапамагае палепшыць стан мігрантаў? Напрыклад, заклікае Беларусь прыняць іх і дапамагчы з легалізацыяй? Мы звярнуліся адразу да некалькіх прадстаўнікоў ААН, што ўпаўнаважаныя мець зносіны з журналістамі.

Адзін спецыяліст паведаміў, што зараз гэтым пытаннем займаецца прадстаўніцтва ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Другі адказаў, што «падобны каментар можа даць толькі афіцыйны прадстаўнік офіса ў Вене».

У прадстаўніцтве Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН наш запыт праігнаравалі. Між тым на сайце арганізацыі апошняя навіна датуецца 1 верасня.

У той самай навіне маецца каментар прадстаўніка УВКБ ААН у Беларусі Мамо Мулусеу ў сувязі з паездкай на ўчастак мяжы памежнай заставы «Русакі» Гарадзенскай пагранічнай групы:

«Складанасці, выкліканыя дадзенай сітуацыяй відавочныя, аднак неадкладнае рашэнне таксама неабходна.

Варта даць магчымасць перадачы неабходнай дапамогі людзям, якія знаходзяцца на мяжы, арганізаваць кансультаванне, а таксама вызначыць магчымыя шляхі вырашэння ў адпаведнасці з існуючымі міжнароднымі абавязацельствамі і прымаючы да ўвагі розныя індывідуальныя абставіны членаў групы.

УВКБ ААН заклікае ўсе залучаныя бакі, у тым ліку і саміх членаў гэтай групы, якая знаходзіцца на мяжы, узаемадзейнічаць дзеля таго, каб дапамагчы вырашыць сітуацыю ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права бежанцаў і гуманітарнымі прынцыпамі.

УВКБ ААН гатова аказаць дадатковую падтрымку ўладам з абодвух бакоў мяжы. Аднак заклікае іх да працягу дыялогу, накіраванага на пошук рэальных рашэнняў для тых мужчын, жанчын і дзяцей, якія зараз знаходзяцца на мяжы, у адпаведнасці з іх сітуацыяй».

Чытайце таксама:

Качанава сцвярджае, што мігранты трапілі ў Беларусь па бязвізе. Але па законе гэта немагчыма

Якія беларускія законы парушаюць мігранты ў памежнай зоне? Разбіраемся

«Поўная дэвальвацыя законаў і прысягі». Дзейны пагранічнік пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0