Па ўдакладненых даных, дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту ў гэтым годзе складзе 6 мільярдаў 56,7 мільёна рублёў. Інфармацыя пра гэта апублікавана на сайце ведамства. Гэтая сума на 16 мільёнаў рублёў меншая за папярэднія прагнозы.

Ведамства палепшыла прагноз па даходнай частцы, яна павінна скласці па выніках года 24 млрд 81,5 мільёна рублёў. У параўнанні з папярэднім прагнозам выраслі чаканні па паступленнях ад падатку на дабаўленую вартасць і акцызах. Прагноз па даходах ад знешнеэканамічнай дзейнасці і падатку на прыбытак застаўся ранейшым.

Мінфін таксама знізіў чаканую суму выдаткаў бюджэту — да 30 млрд 138,2 мільёна рублёў. Гэта адбылося за кошт уразання планаваных выдаткаў на агульнадзяржаўную дзейнасць (сярод іншага гэта траты на абслугоўванне дзярждоўгу, на дзяржкіраўнікоў, міжбюджэтныя трансферты). Пры гэтым чаканыя выдаткі на нацыянальную эканоміку і сацыяльную сферу трохі падвысілі.

Нагадаем, першапачаткова дэфіцыт бюджэту на гэты год быў запланаваны ў памеры 4 млрд 46,9 мільёна рублёў, але пазней ён быў павялічаны да 5,6 мільярда рублёў, затым зноў пераглядаўся.

На 1 кастрычніка дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту перавысіў 1 млрд рублёў, пры гэтым бюджэт сектара дзяржкіравання аказаўся прафіцытным на 200 млн рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0