Фота: скрыншот з відэа відавочцаў.

Фота: скрыншот з відэа відавочцаў.

Дзмітрый працуе ў сегменце бізнэс-класа «Яндэкс-таксі» ў Мінску. На днях ён вазіў траіх замежнікаў у Гродна.

«Гэта былі два мужчыны прыкладна 30 і 50 гадоў і адна жанчына ў хіджабе. Усе трое з выгляду курды. Мяркуючы па паводзінах, жанчына была жонкай маладзейшага мужчыны. Так атрымалася, што я падвозіў іх двойчы, — расказвае ён. — Першы раз гэта было два дні таму, забіраў іх на Уруччы каля гіпермаркета «Дыёніс» прыкладна ў 2 гадзіны ночы. Яны папрасілі давезці іх да «Макдональдса» на Леніна.

Пакуль ехалі, яны спыталі, колькі будзе каштаваць даехаць да Гродна. У «Яндэкс-таксі» такая паездка каштуе 400 беларускіх рублёў. Але яны прапанавалі мне 300 даляраў. Вядома, я пагадзіўся на іх прапанову.

Фота: скрыншот з відэа відавочцаў.

Фота: скрыншот з відэа відавочцаў.

Я вельмі здзівіўся таму, што яны карыстаюцца бізнэс-класам, і таксама колькасці іх грошай. Пры мне ў руках яны круцілі «катлету» з долараў, перавязаную гумкай. Па маіх ацэнках, у ёй было тысячы 4-5 тысяч даляраў».

Так Дзмітрый павёз замежнікаў на граніцу. Кажа, што ўражанні ад сустрэчы з імі былі неадназначныя.

«Па дарозе мы размаўлялі праз перакладчык. Яны гаварылі, што будуць спрабаваць трапіць праз Польшчу ў Германію, і што ў іх ёсць нават запрашэнне ад суайчыннікаў адтуль. Маўляў, тыя абяцалі забяспечыць ім жыллё, працу і бяспеку.

Гэта не былі людзі, якія чапляюцца за любую магчымасць выжыць і выратавацца ад холаду, голаду і вайны. Ні закатаванымі, ні няшчаснымі яны не выглядалі.

Фота: скрыншот з відэа відавочцаў.

Фота: скрыншот з відэа відавочцаў.

Асаблівасць, на якую я звярнуў увагу — адзенне. Я добра разбіраюся ў брэндах. Вельмі люблю берцы. Дык вось берцы, якія былі на нагах у маладзейшага мужчыны, па маіх ацэнках, каштуюць як мінімум 1700 даляраў, — працягвае таксіст. — З сабой у іх было шмат добрых сумак і адзення.

Яшчэ з сабой у іх былі балтарэзы. На ручцы інструмента была назва брэнда Fiskars, а гэта адзін з найдаражэйшых брэндаў.

Галоднымі яны таксама не былі. З сабой у іх была добрая ежа. Але па дарозе яны спрабавалі збіць цану. Сышліся на 200 далярах у выніку. Я ў выніку іх высадзіў на аўтавакзале — і з’ехаў».

«Нядаўна вёз мігрантаў ад гасцініцы «Мінск» да Гродна, — гаворыць яшчэ адзін таксіст, які пагадзіўся паразмаўляць з «Нашай Нівай». — Яны самі падышлі, прапанавалі 500 даляраў. Вядома, я пагадзіўся! Давёз да Гродна. Выглядалі яны добра, адзенне добрае, тэлефоны новыя. Калі людзі разгубленыя, яны трывожныя, задаюць шмат пытанняў, нервовыя, стомленыя. Але тут іншая гісторыя. Яны быццам дакладна ведаюць, што рабіць, куды ехаць і што будзе далей».

Іншыя мінскія таксісты нам расказалі, што перавозка мігрантаў у некаторых службах таксі — гэта ўжо асобны кірунак, і кантралюецца ён «зверху».

«У апошні час у нас з’явіўся новая неафіцыйная паслуга — «давезці мігранта да мяжы, — гаворыць таксіст, які папрасіў аб ананімнасці. — Цікава, што гэтыя мігранты даюць грошы не наўпрост таксістам: такія заказы і аплата праходзяць праз дырэктара. А ўжо нам за кожную такую перавозку даюць па 75 рублёў.

Мігранты, якіх мы перавозім, наколькі я зразумеў, розных нацыянальнасцяў, бо размаўляюць на розных мовах. Зносіны з імі вядзём праз гугл-перакладчыкі. Большасць з Ірака, але некаторыя просяць спампаваць на перакладчык турэцкую мову. Часцей за ўсе возім іх з Мінска ў Гродна, да мяжы. Некаторыя едуць з Мінска ў Брэст».

Таксісты з Гродна адзначаюць, што многія мігранты, у якіх, мабыць, не атрымалася хутка перасекчы мяжу, асядаюць у горадзе.

«Часта прыходзяць заказы на перавозку мігрантаў унутры Гродна, — расказвае мясцовы кіроўца. — Як правіла, яны ходзяць па гораду адразу ўсёй вялікай сям’ёй. Нядаўна адзін мой калега перавозіў 4 дарослых і 9 дзяцей — прыйшлося замаўляць для іх 4 машыны».

«Мне цікава даведацца пра гісторыю гэтых людзей — хто яны, як апынуліся ў Беларусі, што хочуць рабіць далей, — кажа яшчэ адзін таксіст Юрый. — Праз перакладчык, асабліва з турэцкай мовы, часам складана зразумець нават элементарныя рэчы.

Але ўсё ж адзін мігрант змог мне даходліва растлумачыць, што едзе на мяжу ўжо другі раз, але цяпер ужо з дзіцем, каб ужо на мяжы дакладна прапусцілі.

Сказаў, калі на гэты раз не атрымаецца, будзе з’язджаць з Беларусі. Некаторыя мігранты, якіх я вазіў, былі сумнымі, а некаторыя наогул вельмі вясёлымі. Мне яны здаліся вельмі прыязнымі.

Грошы, як я зразумеў, у іх ёсць — і на ежу, і на ўсё астатняе. З іх слоў было зразумела, што яны збіраюцца ў Польшчу, а ўжо адтуль у Германію. Адзін, калі выйшаў з машыны, сказаў на развітанне «Belarus like».

***

Паводле даных нямецкай паліцыі, са жніўня па кастрычнік 2021 года з Беларусі ў Германію незаконна перабраліся амаль 4000 мігрантаў, у якіх адсутнічалі неабходныя дакументы. Іх паток павялічваецца. Так, напрыклад, толькі ў кастрычніку такіх мігрантаў было зафіксавана ўжо больш за тысячу.

У Германіі расследуюць дачыненне Аляксандра Лукашэнкі да кантрабанды мігрантаў з тэрыторыі Беларусі праз Польшчу ў ФРГ. Пра гэта яшчэ 10 кастрычніка паведаміла газета Bild am Sonntag.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0