Ноч у казарме выдалася вясёлаю для дзядоў і пакутліва доўгаю для духаў. Яфрэйтар Вячорка пашыхтаваў маладзёнаў, што толькі прыбылі адбываць вайсковую службу. Гумарэска Руслана Равякі.

Ноч у казарме выдалася вясёлаю для дзядоў і пакутліва доўгаю для духаў. Яфрэйтар Вячорка пашыхтаваў маладзёнаў, што толькі прыбылі адбываць вайсковую службу. Стары, абветраны дзядуля, па якому было відаць, што той пабыў і на кані і пад канём, прайшоў і каламуць і баламуць, з усьмешкай пазіраў на былых выпусьнікоў сярэдніх школак райцэнтраў.

– Чальцы БРСМу, крок наперад! – падаў ён каманду.

Значная частка новасталых жаўнераў выйшла з шэрагу.

– Вы мусіць меркавалі, што сяброўства ў гэткай арганізацыі палегчыць вам навуку, потым службу, а магчыма дапаможа падвысіць і званьне? Вы памыліліся! Сардэчна запрашаем у першы нацыяналістычны батальён! Шараговец Іваноў!

– Я!

– Ты? Пяць нарадаў па‑за чаргою...

Чальцы БРСМ, пачаць адцісканьне 50 разоў, беспартыйныя – 20, сябры Маладога Фронту – 5. Шараговец Іваноў – 100 адцісканьняў на кулаках!...
Сябры лукамолу, не філоніць... бо бляхай па нырках атрымаеце. Так, усім зважай... Сяржант Хведарук!

– Вітаю, салабоны! Ня чую, як я вас вучыў?

– Вечар добры, спадару сяржант!

– Во, на першы раз сыдзе. Так, хто тамака з мастацкай вучэльні... Дзе мой дэмбельскі альбом, дзе мае значкі? Так, нейкія ў цябе крывыя васьміканцовыя зоркі атрымаліся. Мне іх на пагоны чапляць! Ты што робіш,

ты ведаеш каму ты гэта рэжаш? Так... Каб заўтра ранкам яны былі бел‑чырвона‑белымі!
Як? Трымай «Студэнцкую думку», тамака патлумачаць. А пакуль я пагляджу твае каляровыя эскізы наколак Пагоні зь бел‑чырвона‑белаю стужкаю, пераплеценаю з танкам, гарматаю і калашнікам...

Яфрэйтар Вячорка тым часам працягваў заняткі з духамі.

– Сёньня ў ночы вы будзеце вучыцца стрымліваць націск АМАПу, праверым на моц вашую «фанэру». Пасьля паслухаем яшчэ раз, як вы ўмееце выкрыкваць крычалкі нашталт «Беларусь у Эўропу». Бо тое, што гучала па дарозе ў сталоўку — поўны... Потым, калі ўсё зробіце добра, пойдзеце спаць, а шэраговец Іваноў драіць прыбіральні.

Сяржант Хведарук раптам адклаў эскізы наколак і вырашыў правесьці апазыцыйную палітінфармацыю для маладых ваяроў.

– Ну як будзем служыць, салагі? Па статуце ці па народных абрадах? Гэта днём у вас галоўныя камандзіры. А ўночы тут камандуем мы! На першы‑трэці палічыцца! Кожны другі зараз падыдзе да сяржанта Хведарука і атрымае ўлёткі, якія мусіць расклеіць па частцы. Але той, хто павесіць нешта ў нашай роце, – будзе праць мае анучы да самага дэмбеля! Шараговец Іваноў... як гэта вы не другі... дрэнна лічылі.... Тады вам асаблівае заданьне – да ранку прынесьці 5 значкаў з Пагоняю ці бел‑чырвона‑белым сьцяжком. Найлепей амэрыканскай вытворчасьці. Што вы кажаце? Усе значкі ў навакольлі ўжо выбралі й перапазычалі? Шараговец Іваноў, такое ўражаньне, што вы ня з Чэрвеня, а з Тамбова... агрызаецеся... не па‑беларуску гэта. ОК. Сёньня дзядулі добрыя – знайдзіце замест значкаў апошні нумар «ARCHE» і падшыўку «Пагоні» за 1999 год....

Дзяды‑беларусы працягвалі свае зьдзекі да ранку. Яны ведалі, што гадуюць добрую зьмену, бо некалі тыя салагі стануцца дзядамі й працягнуць традыцыі, у якіх гадаваліся самі. Хлопцы‑апазыцыянэры ўжо нават пачалі задумвацца – ці не застацца на пазатэрміновую службу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?