DPA
Афіцыйны прадстаўнік урада Германіі Штэфэн Зайберт у сераду патлумачыў, чаму в. а. канцлера Ангела Меркель пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы гаварыла з Уладзімірам Пуціным цераз галаву Мінска.
«Ацэнка нямецкага боку заключаецца ў тым, што расійскае кіраўніцтва мае значны ўплыў у Мінску і на рэжым Лукашэнкі. Меркель правяла тэлефонную размову з расійскім прэзідэнтам.
Тое, што яна сказала пра інструменталізацыю людзей, мігрантаў, — яна сказала б гэта наўпрост, зразумела, любому прадстаўніку Беларусі», — заявіў Зайберт на брыфінгу ў сераду, адказваючы на пытанне, чаму Меркель не паспрабавала пагаварыць наўпрост з Лукашэнкам.
Ён нагадаў, што «канцлер з пачатку беларускага канфлікту пасля выбараў спрабавала ўступіць у прамы кантакт з беларускім прэзідэнтам».
«Тады з таго боку для гэтага не было створана магчымасцяў, у гэтым не было зацікаўленасці. Больш я з гэтай нагоды сказаць не магу, але размова з Пуціным — гэта размова з тым, каго выслухаюць у Мінску», — дадаў ён.
У жніўні 2020 года Меркель, як і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон былі гатовыя прапанаваць сваё пасярэдніцтва для вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі, аднак у Мінску, як гаварылі інсайдары, адмовіліся нават падняць тэлефонную трубку.
У той жа час пасля серыі размоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ўлады Беларусі па палітычных матывах затрымалі больш за 36 тысяч чалавек, былі разгромленыя амаль усе незалежныя СМІ і грамадскія арганізацыі.
Мінск на сёння мае крайне складаныя адносіны з чатырма з пяці краін-суседак.
Масква ў сераду, з аднаго боку, заявіла, што еўрапейцы павінны размаўляць з Аляксандрам Лукашэнкам наўпрост, але, з другога боку, у чацвер вуснамі прэс-сакратара Крамля запэўніла, што прыкладае ўсе намаганні для вырашэння крызісу «ў пастаянным кантакце з Аляксандрам Лукашэнкам».
Еўрапейцы лічаць цяперашні мігранцкі крызіс абсалютна штучным, інспіраваным Беларуссю для ціску на суседнія краіны. Большасць мігрантаў складаюць выхадцы з Іракскага Курдыстана, у якім няма ні вайны, ні катастрофаў і які заставаўся астраўком стабільнасці нават падчас змагання Ірака з тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавай».