«Хацела дзяцей мігрантаў пасяліць у сябе — не пусцілі». Пагаварылі з жанчынай, якая жыве недалёка ад Брузгоў
«Наша Ніва» пагаварыла з жыхаркай аднаго з пасёлкаў, якія знаходзяцца побач з памежным пераходам «Брузгі — Кузніца», дзе некалькі тысяч мігрантаў спрабуюць трапіць на тэрыторыю Польшчы.
«Яшчэ 8 лістапада, калі ўсё пачыналася, я паглядзела навіны і мне так шкада стала гэтых дзяцей, жанчын… Падумала: забяру да сябе хоць некалькі чалавек, мне ёсць дзе іх размясціць, хаця б пераночаць.
Але мяне не пусцілі. Я пад’ехала, не даязджаючы да запраўкі, што побач з мяжой, я натыкнулася на ачапленне: многа народу, і памежнікі, і ў штацкім, і міліцыя.
Таксама стаялі бусы, такія яшчэ аўтобусікі, як тыя, што па калгасах возяць дзяцей у школы, — расказвае суразмоўца. — У мяне праверылі дакументы — каб трапіць у памежную зону мусіць быць польская віза ці адмысловы пропуск.
Гэтага ў мяне не было. Таму памежнікі прагарталі дакументы, чамусьці праверылі мой тэлефон і адмовілі. Сказалі: памежная зона, вам нельга, у вас візы няма.
Я спытала, чаму нельга праехаць. Я ж хачу дапамагчы! Адказалі: нельга — і ўсё. Я спрабавала тлумачыць, што магу ўзяць да сябе людзей, натапіць грубку, накарміць-напаіць, але ніхто не стаў са мною гаварыць, загадалі з’язджаць».
У суседніх вёсках час ад часу заўважаюць мігрантаў, кажа жанчына.
«Тут да мяжы наўпрост кіламетры тры, па асфальце — пяць. У суседнім пасёлку мігрантаў часта бачаць, яны там паўсюль ходзяць. У іншым пасёлку, расказваюць, бачылі таксама чалавек 15—20. Наколькі мне вядома, канфліктаў не было. Яны нікому зла не робяць.
Хіба ў кагосьці ўскрылі лецішча і выцягнулі адтуль лесвіцу, але праз дзень тая лесвіца з’явілася на месцы.
Мясцовыя ставяцца па-рознаму да іх. У мяне самой муж супраць, кажа: да што ты да іх паедзеш, яны працаваць не хочуць, бягуць, каб сядзець і атрымліваць грошы ў Еўропе… Замыкае ўсё на замкі, кажа: ты проста з імі не сутыкалался ніколі! Але мне гэта без розніцы, мне шкада дзяцей і жанчын. Я іх не баюся, прыйдуць да мяне — пушчу», — тлумачыць жанчына.
Каментары