«Можна мабілізаваць праваабарончыя арганізацыі ў Еўропе, каб пераламіць грамадскае меркаванне»

Прапагандыст Сяргей Міхееў у сітуацыі з мігрантамі, якіх не пускаюць суседнія з Беларуссю еўрапейскія краіны, адзначае, што «Еўрасаюз дэманструе двайныя стандарты»:

«Калі яны прапускаюць мільёны мігрантаў праз Італію, Турцыю і не лічаць гэта праблемай, больш за тое, караюць пэўныя краіны за тое, што тыя не прымаюць мігрантаў, гэта чамусьці нармальна. А калі дзесяць тысяч мігрантаў спрабуюць прайсці з Беларусі ў Польшчу, хоць Польшча ім непатрэбная, яны хочуць у Германію і далей, гэта агрэсія. Відавочна, гэта папіранне ўласных каштоўнасцяў». 

Сяргей Міхееў. Фота: глас.ру

Сяргей Міхееў. Фота: глас.ру

Гэты тэзіс упісваецца ў афіцыйную пазіцыю беларускіх уладаў, якія імкнуцца ўставіць цяперашні крызіс у кантэкст агульнаеўрапейскага міграцыйнага крызісу. Маўляў, рост нелегальнай міграцыі назіраецца не толькі праз Беларусь.

Насамрэч пік еўрапейскага міграцыйнага крызісу прыйшоўся на 2015-2016 гады, калі на фоне грамадзянскай вайны ў Сірыі мільёны жыхароў Блізкага Усходу беглі ад вайны і шукалі прытулку ў Еўропе.

Гэта быў каласальны гуманітарны і палітычны крызіс для ЕС, наступствы якога Еўропа адчувае і дагэтуль. Такой колькасці бежанцаў, як у 2015-2016 гадах, свет не бачыў з часоў Другой сусветнай вайны, менавіта таму вялікія краіны ЕС прынялі беспрэцэдэнтнае рашэнне прыняць велізарную хвалю бежанцаў з гуманітарных прычын. Але з тых часоў прайшло ўжо пяць гадоў, плыні нелегальнай міграцыі ў ЕС за апошнія гады істотна здрабнелі. Вось як выглядае графік колькасці нелегальных перасячэнняў мяжы ЕС за 2008-2021 гады.

Пры гэтым расійскі прапагандыст Міхееў задаецца пытаннем: а што Лукашэнка будзе рабіць далей? Маўляў, тыдзень можна абмяркоўваць і абурацца некалькімі тысячамі мігрантаў у беларускім лесе, але якімі будуць наступныя дзеянні?

«Цяпер сітуацыя развіваецца так, што Польшча спрабуе паказаць, што з апошніх сіл абараняе заходнюю цывілізацыю ад злога Лукашэнкі, за якім стаіць вераломны Пуцін. І пакуль гэта ў іх выходзіць, — лічыць тэлевядучы. — А дзе станоўчы выхад з гэтай сітуацыі для Беларусі і Расіі, якую ўскосна ў гэту справу ўсё адно ўжо ўцягнулі?

Можна было б мабілізаваць праваабарончыя арганізацыі ў Еўропе, каб пераламіць грамадскае меркаванне ў ЕС. Ёсць у нас такі рэсурс? Калі ёсць, трэба гэта рабіць. Калі няма, трэба разумець, што палякі будуць трансляваць уласную карцінку, якая будзе працаваць не на нашу карысць. Трэба мець нейкія працоўныя варыянты дзеяння. Можа быць, накіраваць мігрантаў да Украіны, пакуль снег не лёг на палях.

Мяжа Беларусі з Украінай не такая, як з Польшчай, там проста ёсць КПП на дарогах, яе перасекчы куды прасцей. І тады б мы праверылі: а Украіна адпавядае еўрапейскім каштоўнасцям?

Калі адпавядае, хай забірае гэтых бежанцаў. Калі не адпавядае, то мы таксама гэта адпрацуем. Або перакрыць паток мігрантаў у Беларусь, то-бок трэба думаць, а што далей. Яшчэ тыдзень можам пра гэта пагаварыць, паабурацца, ну а далей што?»

Варта адзначыць, што праўладныя тэлеграм-каналы актыўна распаўсюджваюць інфармацыю аб спробах еўрапейскіх праваабаронцаў дапамагчы мігрантам. Адметна, што калі тыя ж праваабаронцы крытыкавалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, для прапаганды яны былі ідэйнымі ворагамі і здраднікамі, іх дзеянні або ігнараваліся, або выстаўляліся ў рэзка негатыўным ключы. 

Дзмітрый Белякоў прыехаў да мігрантаў у лес. Скрыншот з відэа «Мінскай праўды»

Дзмітрый Белякоў прыехаў да мігрантаў у лес. Скрыншот з відэа «Мінскай праўды»

Выглядае, што ў Беларусі пачалі ствараць новых «праваабаронцаў» з ліку прыхільнікаў Лукашэнкі. Так, у стыхійным намётавым лагеры побач з Брузгамі журналісты Reform.by заўважылі Дзмітрыя Белякова, актыўнага ўдзельніка акцый «ябацек». Ён, напрыклад, катаўся па мінскіх дварах, каб зразаць бчб-стужкі. Цяпер ён называе сябе праваабаронцам, 12 кастрычніка зарэгістраваў арганізацыю, якая пазіцыянуе сябе як праваабарончая, у сваім тэлеграм-чаце выступае з рэзкай крытыкай дзеянняў еўрапейскіх улад.

Хто вінаваты па версіі расійскага МЗС? 

Крызіс на беларускай мяжы актыўна і эмацыйна каментуе афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. Яе словы кладуцца ў афіцыйную версію беларускіх улад: 

«Чаму яны [мігранты] ідуць у краіны Еўрасаюза? Апроч дапамогі, праграм і рэпартажаў пра тое, як краіны ЕС апошнія гады прымалі ў сябе бежанцаў, яны яшчэ арыентаваліся на цікавы сюжэт апошняга года, як Польшча, Літва, Брусель прымалі людзей, якія заяўлялі падобныя рэчы, што яны не могуць знаходзіцца на тэрыторыі сваёй краіны, што яны часова лічаць сябе ці бежанцамі, ці людзьмі ў выгнанні. І краіны ЕС гэту дапамогу ім аказвалі. Паглядзіце на брыгаду Ціханоўскай, як яе прымаюць па характарыстыках, якія прымяняюцца да візітаў на найвышэйшым узроўні».

Марыя Захарава. Фота прэс-службы МЗС Расіі

Марыя Захарава. Фота прэс-службы МЗС Расіі

Апроч «брыгады Ціханоўскай» у міграцыйным крызісе, паводле прадстаўніцы расійскага МЗС, вінаватыя самі еўрапейцы, якія дапамагалі бежанцам:

«І па тэлебачанні, і ў інтэрнэце, а самае галоўнае, ад сваіх сваякоў, сяброў і знаёмых, які апынуліся ў ЕС, яны пачулі пра цуд-праграмы для бежанцаў і пра тую грашовую дапамогу, прывілеі, якія даюць тым, хто такім чынам перасякае мяжу. Яны гэта не выдумалі, яны пайшлі на покліч і афіцыйна апублікаваную [еўрапейскую] стратэгію». 

Захарава падкрэслівае, што польскія сілавікі парушаюць закон. Да беларускіх сілавікоў у яе пытанняў няма.

«Чаму да іх [мігрантаў] так ставяцца польскія сілавікі? Мы бачым прымяненне спецыяльных сродкаў, глушыцца гук, выкарыстоўваецца нешта накшталт газу, нейкія хімічныя прэпараты, якія распыляюць людзям у твар. На якой падставе? Гэта не злачынцы. Іх злачынствы нікім не зафіксаваныя, беларускі бок сцвярджае, што яны дзейнічаюць легальна. Свае намеры яны не хаваюць. Можа быць, краіны ЕС не ведаюць, якімі дакументамі рэгулюецца іх стан?» — далей Захарава пералічвае міжнародныя дакументы, якія рэгулююць прававы статус бежанцаў і прадастаўленне ім прытулку. 

Нагадаем, што Польшча ўвяла рэжым надзвычайнага становішча на мяжы з Беларуссю. У лесе пад памежным пунктам Брузгі праз гукаўзмацняльную апаратуру мігрантаў папярэджваюць, што яны не маюць права нелегальна праходзіць на тэрыторыю Польшчы, псаваць агароджу — за гэта прадугледжваецца адказнасць. Таксама з месяц таму палякі сталі рассылаць смс усім, хто знаходзіцца каля мяжы з Беларуссю, па-англійску наступнага зместу: «Польская мяжа закрытая, улады Беларусі вам схлусілі. Вяртайцеся ў Мінск. Не прымайце таблеткі ад беларускіх вайскоўцаў». 

Новае абвастрэнне на мяжы: што не так з аргументамі лукашэнкаўцаў? 

Нічога звышнатуральнага ў сённяшнім крызісе на мяжы з Беларуссю Захарава не бачыць, яна не згодная з заявамі польскіх улад пра тое, што гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя. Як і беларуская прапаганда, яна спрабуе пераканаць, што сённяшні паток праз Беларусь — проста частка агульнаеўрапейскага міграцыйнага крызісу.

«2016 год, ЕС заключае здзелку з Турцыяй па пытанні міграцыі. На працягу некалькіх гадоў ЕС афіцыйна плаціць Анкары і працягвае плаціць за размяшчэнне ў сябе бежанцаў з Сірыі. Мільярды еўра. З 2022 па 2024 год прадугледжваецца выдзеліць 3 мільярды еўра на ўтрыманне бежанцаў з Сірыі, дадатковыя выплаты прадугледжаныя для бежанцаў з Іарданіі і Лівана. Грамадзяне Ірака, якія гэта бачаць, задаюцца пытаннем, а чым яны горшыя, чаму яны не могуць быць часткай гэтых фантастычных праграм», — адзначае Марыя Захарава. 

Большасць мігрантаў складаюць выхадцы з Іракскага Курдыстана, у якім няма ні вайны, ні катастроф і які заставаўся астраўком стабільнасці нават падчас змагання Ірака з тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавай».

«Ніхто не пакіне мігрантаў у Беларусі. І Лукашэнка гэта разумее»

Прапагандыст Уладзімір Салаўёў прысвяціў некалькі праграм пытанню міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю. Ён проста кажа, што пакуль еўрапейскія палітыкі лічыліся з Лукашэнкам як з прэзідэнтам, Беларусь выконвала абавязкі па ахове межаў ад нелегальнай міграцыі. Калі ж яго перасталі лічыць легітымным, а тым больш сталі раіцца са Святланай Ціханоўскай, у тым ліку па пытанні з мігрантамі, дыялог стаў немагчымым.

Уладзімір Салаўёў. Фота theins.ru

Уладзімір Салаўёў. Фота theins.ru

«Раней Беларусь выконвала свой святы абавязак — ахоўвала мяжу, нам жа Лукашэнка рэгулярна расказваў, што ён сам памежнік. Ён папярэджваў Захад год таму, калі яны пачалі яго хістаць (я не кажу, правільна гэта было ці не, проста канстатую): я ж трымаю, я ж не пускаю [нелегальных мігрантаў], а цяпер я ўмываю рукі, навошта мне траціць грошы. І вось, што мы бачым цяпер.

Да традыцыйнага патоку, які ішоў праз Турцыю і Грэцыю, Італію і Францыю, дадаўся новы — праз Беларусь. Сітуацыя на мяжы з Польшчай абсалютна непрадказальная. Здавалася б, [беларускім уладам] задаюць правільнае пытанне: а навошта вы іх прывозіце? Але хочацца на гэта адказаць: а чаму вы гэтыя пытанні не задавалі Эрдагану?

Лукашэнка кажа: чаго вы да мяне дакалупаліся, што я буду, кожнага правяраць і грошы свае траціць, калі вы супраць мяне санкцыі ўвялі, я не хачу вас абараняць; няхай ідуць праз нас, мае авіякампаніі хоць лётаць могуць і грошы зарабляць».

Сітуацыю на беларуска-польскай мяжы Салаўёў называе «гуманітарным крызісам», але ўпэўнены, што мігранты сваёй мэты дасягнуць:

«Ніхто іх у Беларусі не пакіне, таму што курдская грамада ў Германіі такі крык падыме, мала не будзе. І гэта разумее не толькі Лукашэнка». 

Пры гэтым Салаўёў выказаў асабістае меркаванне, што мяжу трэба перасякаць легальна, з усімі дакументамі і дазволамі, але дадаў: «З іншага боку, я не прадстаўнік дзяржавы, куды ўварваліся і развязалі вайну». 

«Лукашэнка — красаўчык». Хто тыя эксперты, каго выкарыстоўвае дзяржпрапаганда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0