Беларусь адкрыта для дыялогу і гатовая ўсім паказваць сітуацыю на мяжы, сказаў міністр.

«Калі адбываюцца падобнага роду трагедыі, то мы ўсе павінны несці адказнасць. Пытанне толькі ў тым, хто як цяпер ставіцца. Хоць гэты лагер разбіты на нейтральнай тэрыторыі, з нашага боку падвозяцца і дровы, і прадукты харчавання, аказваецца гуманітарная дапамога», — адзначыў міністр.

Польшча выкарыстоўвае міграцыйны крызіс, каб адцягнуць увагу ад сваіх унутраных праблем, а таксама ў адносінах па лініі Еўрасаюза, лічыць Макей.

«Мы бачым, якія метамарфозы адбываюцца ў адносінах паміж Бруселем і Варшавай. І разумеем, што за гэтым стаіць, — адзначыў міністр. — Мы разумеем, што для Польшчы цяпер вельмі выгадна адцягнуць увагу ад сваіх унутраных праблем».

Таксама Макей выказаўся аб закрытых кансультацыях Рады Бяспекі ААН па пытанні бежанцаў на заходніх межах Беларусі.

«Мэта — дэманізаваць Беларусь, паказаць, што ад Беларусі зыходзіць пагроза міру і выставіць нашу краіну ледзь не краінай-агрэсарам. Мы зрабілі адпаведную заяву на гэты конт», — сказаў міністр.

Подкуп і шантаж з'яўляюцца двума асноўнымі складнікамі сучаснай еўрапейскай палітыкі, лічыць Макей.

«У цяперашняй сучаснай еўрапейскай палітыцы ў маім разуменні ёсць толькі два складнікі. Гэта фінансавыя абяцанні, якія яны абяцаюць нашым беглым. Пра тое, што «мы вам дамо 3 мільярды, і Беларусь адразу ж ператворыцца ў дэмакратычную краіну». І другі складнік — гэта размахванне сякерай санкцый», — адзначыў міністр.

Макей таксама адрэагаваў на пагрозы Польшчы закрыць мяжу з Беларуссю. Міністр заявіў, што калі Польшчай будзе прынятае адпаведнае рашэнне аб закрыцці межаў, то яно будзе ляжаць у шэрагу крокаў, накіраваных на ператварэнне Беларусі ў краіну-ізгоя.

Беларусь шмат разоў прапаноўвала ЕС сесці за стол перамоваў для абмеркавання міграцыйнай тэмы, запэўнівае Макей.

«Мы шмат разоў, пачынаючы з красавіка гэтага года, прапаноўвалі ЕС сесці за стол перамоваў і пачаць абмяркоўваць пытанні міграцыі. Ніводнага адказу на нашы прапановы мы не атрымалі», — адзначыў міністр.

Беларусь гатовая максімальна жорстка адказаць на санкцыі, якія ўводзяцца ў дачыненні да яе, сказаў Макей.

«Як толькі Лукашэнка заявіў некаторы час таму пра тое, што мы гатовыя да дыялогу, там адразу сказалі: «Ага, Лукашэнка здаецца, праявіў слабасць, таму трэба ціснуць і далей санкцыямі, і такім чынам мы дасягнём сваіх мэтаў». Ніякіх мэтаў ніхто ніколі праз падобнага роду ціск, пагрозы і шантаж не дасягне. Ніхто не здаецца і не здасца. Паверце, я кажу з веданнем справы», — сказаў Макей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0