Ты пыталася, як я тут выглядаю. Скінуў кілаграмы два, стараюся трымаць вагу, бо руху тут мала. На лобе з’явілася лёгкая насупленасць, але яна разгладзіцца пасля. Стрыгуся як дома (тут гэта ўдаецца нават часцей). Адносна зменаў унутраных, дык мне здаецца, што я моцна паспакайнеў, і ніякія праявы сямейнага мілага тлуму мяне ніколі не будуць напружваць і нерваваць.

***

Як раней, пасля не будзе. Будзе намнога лепей. Бо і мы змяняемся, расцём. Мы ж і цяпер працягваем жыць, кахаць адно аднаго і падсілкоўваць. Проста я часова не дома, але са мною ёсць сувязь, і ўсё будзе добра — абавязкова. Упадачных настрояў у мяне няма. Я гляджу ў будучыню з цікавасцю і аптымізмам — як Джэк Верабей у пашчу дракона. Я табой ганаруся, Поленька. 

Канечне, божа мой, як прыкра, што даводзіцца гэтыя месяцы праводзіць асобна ад вас, мае родныя і дарагія. Ну але ўсім нам гэта досвед. У японскіх баявых майстэрствах, у іх філасофіі, праціўніка раяць успрымаць не як ворага, а як настаўніка. У нашым выпадку праціўнік — гэта не персаналія нейкая, а сітуацыя нашага расстання і звязаных з гэтым нязручнасцей. Мы яе перамагаем, і яна вучыць нас. Кажу гэта да таго, што такія эмоцыі, як гнеў, крыўда, злосць, тут лішнія. Наадварот, мы пераможам чысцей, калі будзем спакойныя. Эмоцыі пакінем на пасля.

***

Ты пытаешся, з чаго мы тут смяёмся. Практычна з усяго. Праўда, гумар гэты досыць герметычны — каб гэта апісаць, трэба «расказваць з самага пачатку».

Увогуле, узаемаадносіны тут асаблівага тыпу. Чалавек з’яўляецца — і праз два дні здаецца, што ён заўжды тут быў. Пасля з’язджае — і скора здаецца, што яго ніколі тут не было. Яго месца займаюць іншыя, і ніякія побытавыя рэчы не нагадваюць пра колішняга госця. Часовасць — адна з галоўных асаблівасцяў гэтага месца. Я бачу ў гэтым выключна пазітыў. Гэта не замінае ўсім калектывам адзначаць чый-небудзь дзень нараджэння ці каляндарнае свята — напрыклад, Дзень памяці продкаў.

Так што нас чакае многа-многа вечароў за размовамі і апавяданнямі. А калі нават не ўсё будзе прыгадвацца, возьмем лісты і прыгадаем, што адбывалася ў час іх пісання.

***

Калі чытаеш успаміны Чарнавола [украінскі змагар супраць савецкай акупацыі, правёў у зняволенні 17 гадоў, пасля вызвалення ўзначаліў рух за незалежнасць Украіны, атрымаў званне Героя Украіны пасмяротна — НН], вершы Стуса [адзін з найвялікшых украінскіх паэтаў, змагар супраць русіфікацыі, памёр у турме ў 47 гадоў, атрымаў званне Героя Украіны пасмяротна — НН], уражваешся: тут ужо дзьмулі нейкія ветры перамен, а яны сядзелі — у Якуціі, у Мардовіі. Відаць, таму, у тым ліку яны [украінцы — НН] наперадзе нас у плане нацыянальнага развіцця.

* * *

Вельмі мне падабаецца, што Тамаш [сын, якому год і 10 месяцаў — НН] любіць Чабурашку. Стаў успамінаць: вельмі жыццёвы мультфільм. Столькі мілых побытавых дэталяў. Я, дарэчы, цяпер таксама «работаю ў заапарку кракадзілам»:).

***

Мне здаецца, што тая ці іншая зададзенасць нашчадкаў залежыць ад таго, як дзеянні і выбар продка ўспрымаліся яго сям’ёй і, адпаведна, трансляваліся наступным пакаленням.

Напрыклад, [мае] баба і дзед, пры ўсёй складанасці іх адносін, былі аднадумцамі ў стаўленні да прыватнай уласнасці, жыццёвых стратэгій і ў прынцыпе сям’і.

Але бываюць і сем’і, у якіх нечы паваротны ўчынак (ці сітуацыя, у якую чалавек трапіў) успрымаецца як «гэты дурань (дурніца) улез (улезла) куды не трэба, і цяпер мы з-за яго ўсе пакутуем». І нашчадкі імкнуцца дзейнічаць зусім не так, як продак-лузер.

А пачынаецца проста з нацягнутых адносін і непавагі ў сям’і — прасцей кажучы, з адсутнасці любові.

Апроч унутрысямейнага, ёсць грамадскі фактар. Псіхалагічныя траўмы (або наадварот — светлыя эмоцыі ад салідарнасці і падтрымкі) пасля таксама транслююцца на нашчадкаў.

І тут яшчэ многае залежыць ад духоўнай сілы (і розуму) сваякоў: што для іх важней — меркаванне «людзей» ці падтрымка роднага чалавека. І зноў мы тут вяртаемся да адносін у сям’і.

Калі падсумаваць, чым лепшыя, дружнейшыя былі сем’і ў продкаў, тым з большай верагоднасцю на нашчадках адбіваецца тое, што можна назваць «сямейным рокам». Хоць я прапаную называць гэта сямейны рок-н-рол:).

***

Чытаў на выходных «Дзеяслоў» — самым цікавым мне там было эсэ Вольгі Бабковай пра Стамбул (Міцкевіч і г.д). Вельмі добрыя дае арыенціры для будучых вандровак.

Цікавы таксама аналіз Ірыны Багдановіч — я раней не ведаў, што хрэстаматыйны верш «Польшча квітнет лаціною…», які прыпісваецца нейкаму Пашкевічу і датуецца 1621 годам, — містыфікацыя 1843-га.

Ён быў «адшуканы» ў адным з экзэмпляраў Статута ВКЛ — як запіс на адной з чыстых старонак. Прычым пасля «адшукання» арыгіналу ніхто не бачыў:).

А мэтай нібыта было паказаць, што ў ВКЛ 17 стагоддзя карысталіся «рускай» мовай, якую разумелі як мову Расійскай дзяржавы. Багдановіч звяртае таксама ўвагу на тое, што вершык запросты для эпохі барока — фактычна шкалярскі. Але і гэта, кажа яна, можа быць часткай задумкі: вось, маўляў, якія шырокія народныя масы кранала тэма «русчызны». Прынамсі, гэта цікава і за гэтым ёсць рух думкі.

Маладая паэзія, якая ёсць у нумары, мне падалася заскладанай.

У гістарычна-містычную аповесць Хейдаравай, якая адкрывае нумар, я пакуль што не ўрубіўся. Зраблю яшчэ спробу-другую.

Чытаю паралельна Карамзіна. Гіганцкі яго плюс — цытуе цалкам старажытныя дакументы, кшталту руска-візантыйскіх дамоў Х стагоддзя ці «Рускай праўды» Яраслава Мудрага. Піша таксама пра багоў паморскіх славян. Адзін з іх меў галаву льва, на якой сядзела гусь. Словам, усё як мы любім:).

Прыйшлі таксама «Загадкі історіі» і «Ділетант». «ЗІ» дрэйфуюць у бок «ахраніцельнай» лініі: любы «бунт» (апроч Кастрычніцкай рэвалюцыі) — гэта мінус, любая «моцная рука» — плюс. Прайшліся нават па Льве Талстым:).

У «Дылетанце» прачытаў пакуль толькі тэкст Дзмітрыя нашага Быкава пра Самерсэта Моэма. Ажно захацелася ў бібліятэцы яго кніг замовіць.

* * *

Прыйшла ўчора «Іностранная література» — пакуль прачытаў толькі падборку амерыканскіх рэпартажаў 1930-х з розных месцаў свету, ад Перу да Савецкай Расіі — вельмі класных. Настолькі шырокі кругагляд у аўтараў, эрудыцыя — бадай, у нас так прафесійна і цяпер ніхто не піша.

***

У часопісе «Загадкі історіі» зачапіўся за інфармацыю пра пахаванне, знойдзенае ў Карэліі. Археолагі лічаць, што гэты чалавек мяняў бурштын з Балтыі на мясцовыя сланцавыя прылады. Ëн падчас пахавання быў накрыты скураной накідкаю з бурштынавымі ўпрыгожаннямі, нашытымі на яе. Прычым упрыгожаннямі ўніз. Успомніў, што ў нас таксама накрываюць труны посцілкамі — благім бокам наверх, добрым — уніз. Старая традыцыя, аказваецца. А той чалавек, як мяркуецца, мог паходзіць недзе з балтыйскага рэгіёна.

***

Мяне росшукі [гісторыка Міколы] Волкава так натхняюць, бо Вітаўтавы дарогі — прыклад тэмы, якая добра паказвае сувязь розных часоў, высвятляе эканамічныя інтарэсы (а яны былі і ў аснове Вітаўтавых паходаў), логіку і барацьбу эліт. Гісторыя паўстае як непарыўны лагічны працэс, а не шэраг выпадковых здарэнняў. Калі будзем так бачыць, то перастанем закопваць у зямлю мармуровыя надмагіллі з анёламі, а пасля выпадкова знаходзіць іх падчас восеньскіх палявых работ.

***

Дзякуй за каляндарык. Помню, калі Уладзіслаў IV Ваза стаў каралём, ён адразу адбіў у Масквы Смаленск, а пасля, нікому не сказаўшы, паехаў з жонкай на воды ў Аўстрыю. Паны былі ў шоку, раней такога не было, каб кароль ад іх адлучаўся.

***

Пачынаецца лістапад — цёмная восеньская пара. Хоць я ніколі не ўспрымаў яго як нейкі дэпрэсіўны месяц. Нарадзіліся Міцкевіч і Караткевіч, былі падзеі 1830-га і 1920-га (у Слуцку). А ў нас з табой наперадзе яшчэ многа-многа лістападаў з чаем і кніжкамі. 

***

Калі пішаш — проста адключаешся на пару гадзін і забываеш, дзе знаходзішся.

***

Вельмі хочацца скарэй да вас — але прыйдзецца пацярпець.

Сапраўды, калі нешта даецца лёгка, яно меней цэніцца.

Чытайце таксама: «Застаецца ўсё менш». Жонка атрымала новы ліст ад Андрэя Скурко — пра Булгакава, ішакоў і расплату 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?