Аляксандр Косач на сустрэчы з выбарцамі ў 2016 годзе. Фота dzerginsk.by

«Робім усё, каб імідж партыі быў пазітыўным»

Аляксандру Косачу 44 гады, яго ведаюць як заснавальніка і дырэктара канцэртнага агенцтва Jet Sounds, арганізатара вечарынаў і фестываляў «Рок за баброў», Bright Fest, Armin Only, Transmission, MayDay Belarus, «Космас наш!» і іншых.

А яшчэ ён быў сябрам Ліберальна-дэмакратычнай партыі, часта суправаджаў на сустрэчах лідара партыі Алега Гайдукевіча

Алег Гайдукевіч выступае на перадвыбарчым канцэрце кандыдата Косача ў Дзяржынску. Фота dzerginsk.by

Аляксандр Косач двойчы вылучаўся кандыдатам на парламенцкіх выбарах. У 2016 — у Дзяржынску, на сустрэчы з выбарцамі разам з ім прыязджаў Гайдукевіч: 

«Мы сюды прыехалі зрабіць вам свята. І я вам абяцаю, што незалежна ад таго, які будзе вынік на выбарах, наш кандыдат Касач, цудоўны чалавек, будзе вам рабіць святы пастаянна».

Тады ён прайграў праўладнаму кандыдату Юрыю Лобачу, які ўзначальваў будаўнічае прадпрыемства «Дарбудіндустрыя». У 2019-м Косач вырашыў паспрабаваць удачу ў Лагойску. Вось што пра яго казаў тады Гайдукевіч:

«Што да буйнога бізнэсу і прадпрымальнікаў, то яны ў мяне ішлі на выбары. Напрыклад, Косач Аляксандр — найбуйнейшы арганізатар канцэртаў у Беларусі, у мяне людзі ішлі з вялікім паходам, асабліва ў Мінску, і я лічу, гэта добра».

Але ягоны паплечнік ізноў прайграў кандыдату ад улады, дзейнаму дэпутату Пятру Вабішчаву. Тады, у лістападзе 2019-га, у Косача пыталі, чаму некаторыя называюць ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі «партыяй жулікаў і зладзеяў».

Тут варта згадаць, што чальцы ЛДПБ праходзілі фігурантамі крымінальных спраў. Напрыклад, у 2018 годзе за махлярства і карупцыю асудзілі намесніка старшыні партыі Уладзіміра Карунаса. У 2019 годзе судзілі кіраўніка Віцебскай абласной арганізацыі ЛДПБ Сяргея Ярмыкіна — за махлярства.

Партыйны білет Аляксандра Косача

Партыйны білет Аляксандра Косача

Аляксандр Косач тады рашуча абвяргаў сувязь партыі з крыміналам:

«Насамрэч гэта недарэчнае абвінавачванне. Мне цяжка адказваць за думкі іншых людзей. Мы сканцэнтраваныя на сваёй працы. Робім усё, каб імідж партыі быў пазітыўным. Мне невядомыя факты, якія могуць сведчыць, каб нас так называлі. Гэта ўстойлівы выраз, які тычыцца іншай партыі ў іншай краіне (гаворка пра «Единую Россию» — заўв. «НН»). Не ведаю, з чаго гэта чапляюць да нашай партыі». 

Сёння Косача судзяць па тых жа артыкулах, што Карунаса і Ярмыкіна.

Мільёны даляраў, махлярства і карупцыя

Справу Аляксандра Косача разглядае суддзя Сяргей Кацар. Косач быў заснавальнікам і дырэктарам некалькіх кампаній.

Па версіі следства, з 2016 па люты 2019 ён хацеў пазычыць нібыта на арганізацыю канцэртаў і фінансаванне будаўніцтва 1,1 мільёна даляраў, але насамрэч не планаваў гэтыя грошы вяртаць.

Па факце атрымаў ад шасці чалавек 700 тысяч даляраў. З пацярпелымі ён заключаў дамовы пазыкі ад свайго імя і імя сваёй кампаніі. Гэтыя дзеянні следства разглядае як махлярства у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 209 КК, ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення свабоды). 

Апроч таго, са жніўня 2018 года па верасень 2019-га Косач, па матэрыялах справы, склаў і падпісаў ад імя заснавальніка і двух супрацоўнікаў дамовы на прадастаўленні пазык.

Следства мяркуе, што на падставе лжывых дакументаў Аляксандр атрымаў 800 тысяч рублёў, якія належалі прадпрыемству. У гэтым эпізодзе таксама фігуруе канцэрт гурта Scorpions у «Мінск-Арэне».

Косач дамовіўся з іншым арганізатарам канцэрта, атрымаў на рахунак свайго прадпрыемства 180 тысяч рублёў ад продажу білетаў. Гэта следства кваліфікуе як крадзеж у асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (ч. 4 ст. 210 КК, ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення свабоды са штрафам).

Яшчэ адзін эпізод па махлярстве: летась Косач прапаноўваў арганізатару авіяцыйнага фестывалю Aviadrive 2020 у Шчучыне прывесці на канцэрт адзін з музычных гуртоў. Папрасіў за гэта перадаплату 5 тысяч еўра і працэнт ад ганарару, які складаў 33 тысячы еўра. Абяцаў грошы вярнуць, калі канцэрт не адбудзецца. 

І апошні эпізод — карупцыйны. Па версіі следства, у лютым 2021-га Косач разам са знаёмым схіляў дырэктара адной з фірмаў перадаць ім 1,8 мільёна даляраў, каб дамовіцца на выдзяленне зямлі пад будаўніцтва жылога дома.

Дырэктар кампаніі перадаў ім 75 тысяч даляраў, у той жа дзень іх затрымалі: 50 тысяч даляраў знайшлі ў Косача, 25 тысяч — у ягонага знаёмага, але яго па гэтай справе не судзяць, у клетцы знаходзіцца толькі адзін абвінавачаны (ч. 2 арт. 431 КК, за саўдзел у карупцыі ў выглядзе дачы хабару пагражае да 5 гадоў «хіміі» або ад 2 да 7 гадоў калоніі).

Аляксандр Косач у судзе заявіў, што не прызнае сябе вінаватым. Ён утрымліваецца пад вартай. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0