Фота: «Гомельтранснафта»

Нафтаправод «Гомель — Горкі» — гэта 207-кіламетровая перамычка паміж галінамі «Унеча — Полацк» і «Унеча — Мазыр — Адамава». 

Іншымі словамі, гэты провад мае злучыць паўночную і паўднёвую нафтавыя магістралі, па якіх нафта паступае на «Нафтан» і МНПЗ адпаведна. 

«Асноўная мэта праекта — зрабіць больш гнуткай лагістыку паставак. Калі нафтаправод запрацуе, ён дазволіць перапампоўваць сыравіну між Мазырскім і Наваполацкім нафтаперапрацоўчымі заводамі, пастаўляць яе на «Нафтан» […] з Чорнага мора праз Украіну, а таксама транспартаваць наша чорнае золата, якое здабываецца ў Рэчыцкім раёне», — так апісвала магчымасці нафтаправода дзяржаўная прэса ў дні яго закладкі. 

Сапраўды, меркавалася, што ўведзенне лініі «Гомель — Горкі» моцна знізіць залежнасць ад расійскай нафтавай палітыкі, стварыўшы альтэрнатыўныя маршруты паставак у Наваполацк з Адэскага порта. 

Але цяпер наўрад ці варта разважаць у гэтых катэгорыях — пасля ўведзеных санкцый і адмовы ад праекта рэверсных паставак з Польшчы сітуацыя ў нафтавай энэргетыцы бязрадасная. 

Пры гэтым крыніцы ўказваюць на магчымасць абмену сыравінай паміж «Нафтанам», які знаходзіцца пад санкцыямі, і Мазырскім нафтаперапрацоўваючым заводам, які пад іх не патрапіў. 

«Трубаправод стане найважнейшым лагістычным звяном, якое звяжа рэзервуарныя паркі двух нафтаперапрацоўчых заводаў-гігантаў на поўначы і поўдні Беларусі. Ён дазволіць стварыць стратэгічны запас сыравіны для краіны, загрузіўшы гэтыя прадпрыемствы работай і зняўшы іх залежнасць ад рознага роду суб'ектыўных фактараў, у тым ліку форс-мажорных», — пісалася пра магчымасці трубаправода ў 2020-м. 

Здаць яго планавалі ўвосень 2022-га, будаваць пачалі месяц таму. Будуе лінію «Гомельтранснафта». 

Крыніцы «Нашай Нівы» звяртаюць увагу, што будаўніцтва трубаправода вядзецца ўдарнымі тэмпамі, і «застаецца зрабіць вобмаль». 

На самой «Гомельтранснафце» нам сказалі, што здача трубаправода плануецца ў красавіку 2022-га. А гэта на паўгода раней, чым раней анансавалася, такі тэмп —вялікая рэдкасць для дзяржаўных праектаў. 

З чым звязанае паскарэнне будаўніцтва, невядома, у кампаніі нам сказалі, што «усё згодна з дакументацыяй». 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?