Затрыманага вагнераўца грузяць у аўтазак, ліпень 2020.

Затрыманага вагнераўца грузяць у аўтазак, ліпень 2020.

Усе памятаюць гучныя заявы Лукашэнкі і сілавікоў пра баевікоў, якія «хаваюцца па беларускіх лясах» напярэдадні выбараў. Што было насамрэч?

Адзін з наёмнікаў, якога апыталі журналісты Bellingcat, расказаў, што 28 ліпеня каля 7 гадзін раніцы ён разам з паплечнікамі заўважыў незвычайны мікрааўтобус, прыпаркаваны каля санаторыя «Беларусачка» ў Ждановічах, дзе яны спыніліся.

Баевікі імгненна вызначылі, што гэта аўто для сачэння КДБ. Але не надалі гэтаму вялікай увагі, вырашылі, што беларускія спецслужбы проста прыглядаюць за імі, каб упэўніцца, што яны пакінуць краіну, не створаць тут ніякіх праблем.

«Улічваючы паўсюдную прысутнасць КДБ у Беларусі, яны дакладна павінны былі ведаць, што нам замовілі вылет праз два дні, 30 ліпеня», — дадаў суразмоўца Bellingcat. Тым больш Беларусь не першы раз была транзітнай краінай для расійскіх баевікоў.

Аднак увечары здарыўся непрыемны сюрпрыз для 32 з 33 наёмнікаў (адзін з іх спыніўся на начоўку ў сваякоў, яго затрымалі крыху пазней). Каманда спецназа «Альфа» КДБ узяла штурмам санаторый.

У нумары праз балконы кінулі светашумавыя гранаты. Чальцы штурмавой групы ў балаклавах паднялі зброю на расіян і надзелі на іх кайданкі.

Затым прымусілі іх легчы на ложкі тварам уніз, закрылі галовы падушкамі, каб тыя не маглі бачыць, што адбываецца. Аднак адзін з баевікоў змог падгледзець, у інтэрв’ю RT ён расказаў, што сілавікі трэслі багаж, адзенне — шукалі зброю, аднак так і не знайшлі. 

Пасля доўгага чакання на месцы з’явіўся АМАП, які адвёз баевікоў у аддзяленне міліцыі. Там іх 22 гадзіны пратрымалі ў кайданках, на каленях і тварам да сцяны. 

Ноччу 29 ліпеня ім зачыталі дакументы аб арышце і прад’явілі абвінавачванне. Далей перавезлі ў цэнтральнае аддзяленне міліцыі, дзе іх дапытвалі супрацоўнікі КДБ.

Яны пыталі, ці ведаюць затрыманыя Мікалая Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага. Наёмнікі адказвалі, што не ведаюць гэтых людзей.

Адзін з баевікоў, які пагадзіўся на размову з Bellingcat, сказаў, што сілавікі былі ўпэўненымі, што маюць справу з удзельнікамі будучага перавароту. Нават пыталі, ці магчыма, што наёмнікі проста не ведаюць, што іх збіраліся выкарыстоўваць для звяржэння ўлады ў Беларусі.

Тое ж пазней распавядалі RT і яшчэ некалькі ўдзельнікаў групы. 

Нягледзячы на тое, што баевікі адмаўлялі сувязь з беларускімі апазіцыянерамі, іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту і масавых беспарадках сумесна з арыштаванымі на той момант Ціханоўскім і Статкевічам. 

Вось вытрымка з пастановы аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага: «(прозвішчы затрыманых) дзейнічалі наўмысна, групай асобаў па папярэдняй змове, знаходзіліся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку ў Мінску і Мінскай вобласці, размеркавалі ролі і ўзгаднілі дзеянні, у перыяд не пазней за май 2020 года па цяперашні час праводзілі мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпалам, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады». Генеральны пракурор Аляксандр Канюк (цяпер ён амбасадар у Арменіі) асабіста падпісаў санкцыю, каб адправіць расіян у СІЗА.

Што было далей? Лукашэнка публічна абвінаваціў расійскіх наёмнікаў у тым, што яны прыехалі ў Беларусь, каб перашкодзіць выбарам, тэрмінова склікаў Раду бяспекі. Але хутка стала зразумела, што ніякага Ціханоўскага і Статкевіча баевікі не ведаюць і не маюць дачынення да ўнутранай палітыкі Беларусі.

Што ж сталася з крымінальнай справай? Цяпер Ціханоўскага і Статкевіча акурат судзяць у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА. А ўлады робяць выгляд, што гісторыі з расійскімі баевікамі, якія нібыта хацелі сарваць выбары і зладзіць у Беларусі пераварот, і не было. 

33 вагнераўцы паспяхова вярнуліся ў Расію. Іх на аўтобусе адвезлі пад Смаленск пры асабістым суправаджэнні старэйшага сына Лукашэнкі, Віктара. 

«Адзін з іх — іх кіраўнік — пытаецца: «Віктар Аляксандравіч, а можна мы ў Беларусь прыедзем да вас? Не, не па гэтым пытанні — так…» Віктар адказаў, што можна, прэзідэнт не казаў, што ўезд забаронены. Некаторыя заплакалі. Да гэтага часу мы засталіся з імі сябрамі», — заявіў Лукашэнка.

Ніякага крымінальнага пераследу з боку Беларусі ў адносінах да іх не было, якімі б гучнымі ні былі заявы пра баевікоў, якія нібыта хаваюцца па лясах і не даюць правесці выбары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0