Вярнуўшыся ў Ірак, мігранты даюць першыя інтэрв'ю і расказваюць пра пастку на мяжы
Пасля вяртання ў Ірак на эвакуацыйным рэйсе Iraqi Airways, былыя мігранты расказалі SkyNews пра тое, як з імі абыходзіліся на беларуска-польскай мяжы. «Ні каліва чалавечнасці».
Учора міністэрства замежных спраў Іраку арганізавала першы бясплатны рэйс па эвакуацыі сваіх грамадзян. Каля 430 чалавек зарэгістраваліся на гэты рэйс Iraqi Airways. 390 з іх прыляцелі ў Эрбіль, сталіцу Курдыстану, аўтаномнага рэгіёну ў Іраку. Пасля вяртання, людзі далі першыя інтэрвью з Іраку пра свой беларускі досвед.
Жанчына з дзіцем на руках кажа, што яе сям’я правяла 20 дзён на мяжы — за час усяго падарожжа яны разам патрацілі 25 тысяч даляраў. Яна дадае, што кантрабандысты абяцалі добрае жыццё на Захадзе — але гэта ўсё хлусня.
Старэйшая кабета дадае, што з імі абыходзіліся так, нібы яны не людзі — на іх пускалі газ, іх палівалі вадой.
Мужчыны кажуць, што імі гуляліся абодва бакі, нібы яны нейкі футбольны мячык.
«Ні каліва чалавечнасці», — скардзіцца адзін з рэпатрыянтаў.
Адметна, што былыя мігранты гавораць агулам пра беларускі і польскі бок, вінавацячы без разбору і тых і тых.
Ці будуць яшчэ такія рэйсы, дакладна невядома. МЗС Іраку кажа, што яны працягваюць рэгістраваць ахвочых вярнуцца. Але з інтэрвью мігрантаў замежным выданням становіцца відавочна, што многія людзі настроеные не вяртацца ў Ірак ні ў якім разе.
Каментары