Крадзяжом 45-гадовая жанчына зарабляла на працягу трох гадоў. Калі яна працавала галоўным бухгалтарам у адной прыватнай фірме, у яе быў адкрыты доступ да наяўных грошай і рахункаў арганізацыі. І каб браць з гэтых крыніц грошы, Іна прыдумляла розныя гаспадарчыя выдаткі.

«Вось ведамасці на канцылярку, а гэта — на бытавую хімію… — паказвала жанчына кіраўніцтву фіктыўныя дакументы.

Толькі да ўсіх гэтых ведамасцяў не было прыкладзена ніводнага чэка, як патрабуецца па законе. Усё таму, што нічога і не набывалася з заяўленага на патрэбы арганізацыі. А ўсе грошы, выдзеленыя для гэтага, хітрая бухгалтарка клала сабе ў кішэню. У выніку выйшла ашаламляльная сума: 25 520 рублёў яна набрала сабе наяўнымі, а яшчэ 480 перавяла з рахунку фірмы на свой асабісты. 

Сума выкрадзеных грошай у фірмы магла быць большай. Але ў арганізацыі змяніўся дырэктар. Новы кіраўнік вырашыў праверыць баланс і быў непрыемна здзіўлены. 

Левым прыбыткам жанчына карысталася неабдумана: рабіла стаўкі на брокерскай біржы і часцей за ўсё прайгравала.

Але тады бухгалтарка паабяцала ўсё вярнуць, і ў міліцыю ніхто заяўляць не стаў. Сыграў ролю, магчыма, і асобасны фактар. Жанчына стварае ўражанне чалавека мяккага і, як ні дзіўна, выклікае давер. Таму яе раскаянне здавалася шчырым. Але працу ўсё ж прыйшлося памяняць…

А далей Іна адкрыла ўласнае ІП па аказанні бухгалтарскіх паслуг. Першым яе кліентам стала прыватная гандлёвая фірма, у якой таксама ёй даверылі доступ да разліковых рахункаў. І яна зноў пачала пракручваць свае старыя схемы. У гэтай арганізацыі ёй удалося перавесці на свой рахунак 5515 рублёў. Частку грошай яна таксама прайграла на біржы, а яшчэ частку аддала ў кошт шкоды папярэдняй фірме.

Неўзабаве Іна ўзялася аказваць бухгалтарскія паслугі індывідуальнаму прадпрымальніку. Бізнэсовец таксама даў ёй доступ да рахункаў, перадаў банкаўскі ключ, неабходны для безнаяўных разлікаў. І зноў у жанчыны сумленне саступіла месца карысці. Прадпрымальнік узяў крэдыт для набыцця тавару, частку патраціў на вясновую закупку, астатняе паклаў у банк. Прапажу грошай у памеры 23 800 рублёў ён заўважыў, калі яму трэба было закупляць новы тавар да восеньскага сезона. 

На сённяшні дзень усім, каму была вінна, Іна вярнула грошы. Для гэтага нават давялося прадаць кватэру.

Але тым не менш крымінальная справа ў дачыненні да яе ўсё роўна заведзена. Прычым адразу па некалькіх артыкулах: за раскраданне ў асабліва буйным памеры і за крадзеж. Хутка адбудзецца суд, жанчыне будзе вынесена пакаранне.

Толькі на гэтым гісторыя не заканчваецца. Іна не толькі сабе жыццё сапсавала, у свае цёмныя справы яна яшчэ ўцягнула сяброўку. А справа была так: азарт электронных таргоў не даваў спакою, і яна папрасіла ў сваёй прыяцелькі Ганны ў доўг 6000 рублёў. Тая, дарэчы, таксама працавала галоўным бухгалтарам у адной фірме і пайшла на ўгаворы сяброўкі.

Ганна ўнесла лжывыя звесткі ў дакументы і перавяла сяброўцы патрэбную суму. Вось толькі тая не спяшалася аддаваць доўг. А тым часам службовы падлог выявіўся, і ў дачыненні да Ганны таксама распачалі крымінальную справу…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0