«Падзеі ў краіне пакінулі ўва мне след на ўсё жыццё. Чаму б не пакінуць след і на целе?»

Паліне 20 гадоў. Яна працуе менеджарам у сферы продажаў і вучыцца на апошнім курсе ў БДУ. Зрабіць татуіроўку дзяўчына вырашыла пасля таго, як убачыла эскіз аўтазака ў тату-майстра.

Фота: уласны архіў.

Фота: уласны архіў.

«Там былі арнаменты, надпісы, кветкі. Першапачаткова хацела набіць аўтазак, але потым вырашыла нешта больш пазітыўнае. Падзеі ў краіне пакінулі ўва мне след на ўсё жыццё. Чаму б не пакінуць след і на целе? — разважае яна. — Таму зрабіла бел-чырвона-белыя сардэчкі. Летам працавала ў лагеры і дзеці звярталі ўвагу на маю татуіроўку. Мне здавалася, што яны будуць думаць, што гэта проста сэрцайкі. А яны ўсё разумеюць. Глядзелі і казалі: «Ого, у вас бэ-чэ-бэ!»

Таго,што могуць забраць на суткі за татуіроўку, не баялася. Вось калі б аўтазак зрабіла, то тады б маглі за гэта біць».

«Вырашыла, што хачу набіць бел-чырвона-белы сцяг на азбуцы Морзэ»

27-гадовая Вераніка працавала педагогам і паралельна вучылася ў БДУ. Але яе затрымалі ў 2020-м і далі 20 сутак. Пасля гэтага дзяўчыне давялося з’ехаць у Кіеў. Незвычайную татуіроўку Вераніка паспела зрабіць яшчэ ў снежні 2020 года ў Мінску незадоўга да затрымання.

Фота: уласны архіў

Фота: уласны архіў

«Зрабіла татуіроўку на азбуцы Морзэ. Яна азначае бел-чырвона-белы сцяг. У мяне было ўстойлівае адчуванне, што мяне потым забяруць. Так і атрымалася, — гаворыць яна. — Я ведала, што ўсю сімволіку ў людзей адбіраюць. Вырашыла, што хачу набіць бел-чырвона-белы сцяг на азбуцы Морзэ. Я фанат мінімалізму. Падумала, што за татуіроўку «Пагоні» ці проста бел-чырвона-белага сцяга ўжо сто адсоткаў прыляціць, а вось азбуку Морзэ не ведаюць, не здагадаюцца. Толькі я буду ведаць, што гэта для мяне значыць. Калі я сядзела, мяне гэта вельмі падтрымлівала. Я як вар’ятка ўсміхалася ў РУУС, пагладжваючы татуіроўку. У камеры таксама ўсім дзяўчатам паказвала і расказвала, як яе рабіла. Калі было сумна, глядзела на яе і неяк цёпла на душы рабілася. Не забралі яны ў мяне ўсё. Маё засталося са мной».

«Абраў арнамент, што азначае «сям’я»

Дзмітрыю 20 і ён вучыцца ў БДУ на апошнім курсе. Пра татуіроўку, звязаную з Беларуссю, хлопец задумаўся яшчэ ўвосень мінулага года, але зрабіў яе ў сакавіку бягучага.

Фота: уласны архіў.

Фота: уласны архіў.

«У мяне быў сябар, які хацеў набіць сабе беларускі арнамент. Пасля гэтага я таксама задумаўся, вырашыў, што хачу зрабіць, — адзначае малады чалавек. — На дзень нараджэння мне сябры падарылі сертыфікат ў салон. Абраў менавіта гэты арнамент, ён азначае «сям’я». Думаю, што сімвалічна атрымалася. У школьныя гады не цікавіўся беларускай культурай, а калі паступіў ва ўніверсітэт, маё асяроддзе памянялася. Убачыў людзей, якія гэтым цікавяцца. І прасякнуўся сам. Збольшага ў сувязі з падзеямі мінулага года, а таксама з-за маёй любові да радзімы, я зрабіў гэтую татуіроўку».

«Нам казалі, што мы потым сто разоў пашкадуем і будзем рукі сабе адсякаць»

Арына скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Цяпер ёй 21 год. Летась Арына ўдзельнічала ва ўсіх магчымых пратэсных акцыях. Тады яна і вырашыла разам з сястрой зрабіць адпаведную татуіроўку.

Фота: уласны архіў

Фота: уласны архіў

«У адзін з дзён, калі ўжо з’явіўся інтэрнэт, мы з сябрамі абмяркоўвалі ўсё, што адбылося дома. І прыйшла ідэя, што хочам неяк зафіксаваць наш вопыт на сабе, — успамінае Арына. —Мы ў адзін голас заявілі, што трэба рабіць татуіроўку, Да гэтага ў сацыяльных сетках была папулярная фраза: «Добрай раніцы ўсім, апроч псоў рэжыму».

І мы з сястрой вырашылі набіць гэтую фразу, Рашэнне было спантаннае і хуткае. Спачатку гэтая фраза здавалася жартоўнай. Але мы прывыклі рэфлексаваць праз смех. Такім чынам боль цішэе. Нам казалі, што мы потым сто разоў пашкадуем і будзем рукі сабе адсякаць.

У тым сэнсе, што з-за татуіроўкі сілавікі могуць праявіць да нас жорсткасць. Людзі цяпер баяцца любых публічных праяваў сваёй грамадзянскай пазіцыі, асабліва калі гэта татуіроўка. Але мы ўсё роўна зрабілі».

«У чэрвені 2021 захавала на сабе межы нашай незалежнай дзяржавы»

Хіміку-лабаранту Кацярыне 23 гады. Сваю першую пратэстную татуіроўку Кацярына зрабіла белым колерам, каб яна была толькі для яе. Неўзабаве дзяўчына вырашылася і на другую.

Фота: уласны архіў

Фота: уласны архіў

«Пра татуіроўку я думала даўно, але першую хацела зрабіць такую, каб яна была напоўненая сэнсам, — расказвае дзяўчына. — У сярэдзіне жніўня 2020 года для мяне стала відавочным, што мне трэба! Першыя мае татуіроўкі гэта белыя подпісы на назе: «ŽYVIE BELARUS і ŽYVIE VIECZ». І месца, і колер надпісаў менавіта такія, каб гэта было толькі для мяне.

Для мяне гэта больш, чым словы, гэта сімвал дабра, сумленнасці і свабоды. І ў цяжкія моманты жыцця я ўспамінаю пра гэтыя надпісы на сваім целе, пра перыяд калі іх зрабіла, збіраюся з сіламі і рухаюся наперад.

У чэрвені 2021 захавала на сабе межы нашай незалежнай дзяржавы. Чырвоны контур Беларусі і дзве рукі, якія трымаюцца адна за адну. Я постфактум прыдумала ўвогуле шмат утоеных сэнсаў: контур рук падобны на фрагмент «Стварэнне Адама» Мікеланджэла, але там рукі не датыкаюцца, як не перасякаецца зямное і боскае. Беларусы такія коцікі, што ў мяне сутыкнуліся, але гэта гумар».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0