За дзевяць месяцаў у Мінску зарэгістравалі 958 наркатычных злачынстваў (у 2020 годзе — 758). У тым ліку 644 злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў і псіхатропаў (у 2020-м — 488).

За гэты час 331 пацыент трапіў у бальніцу з наркатычным атручэннем (летась было 244), сямёра з іх былі непаўналетнімі. 

Злачынцы прадаюць не толькі класічныя наркотыкі расліннага паходжання, але і сінтэтычныя — сумесі, спайсы, міксы, маркі.

Зафіксаваныя новыя схемы распаўсюджвання анлайн. Пры гэтым пракуратура лічыць эфектыўнай працу сілавікоў у барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў. 

Апошнім часам з’яўляецца ўсё больш навінаў пра тое, што школьнікі займаюцца продажам наркотыкаў. На пачатку лістапада ў Мінску затрымалі 17-гадовую дзяўчыну, калі яна збіралася зрабіць закладкі з «соллю», у яе знайшлі сем пакункаў з наркотыкамі, дома было яшчэ 15. Таксама наркотыкі знайшлі ў яе 15-гадовай саўдзельніцы, абвінавачаныя мелі ўсё для фасоўкі і ўпакоўкі наркотыкаў.

У сярэдзіне лістапада ў Мінску і Бабруйску затрымалі дзесяць падлеткаў (узрост — ад 14 да 17 год), якія раскладвалі па тайніках забароненыя рэчывы. Літаральна ў тыя ж дні ў Віцебску затрымалі двух сяброў — хлопца 15 год і дзяўчыну 16 год, якія таксама працавалі закладчыкамі — распаўсюджвалі мефедрон.

У гэты ж час у Мінску 16-гадовая дзяўчына трапіла ў бальніцу з атручэннем метадонам, дзве ночы яна не начавала дома, а калі вярнулася, маці давялося выклікаць хуткую. 

За распаўсюджванне наркотыкаў прадугледжваецца сур’ёзнае пакаранне — ад 5 да 25 год зняволення (ч. 2-5 арт. 328 КК). За захаванне наркотыкаў без мэты збыту таксама могуць пакараць тэрмінам да 5 год «хіміі» або ад 2 да 5 год пазбаўлення свабоды (ч.1 арт. 328 КК). Адказнасць наступае з 14 год.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?